Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ала Сіліч: “Жыцьцю майго мужа пагражала небясьпека”


Алег Грузьдзіловіч, Менск 17 сьнежня стала вядома, што ў Бэльгіі папрасіў палітычнага прытулку вядомы беларускі журналіст, намесьнік рэдактара “Народнай волі” Алесь Сіліч. Наш карэспандэнт датэлефанаваўся да жонкі Алеся Сіліча Алы, якая адразу пацьвердзіла зьвесткі адносна свайго мужа.

(Ала Сіліч: ) “Тое, што напісана, гэта праўда. Так яно і ёсьць. Сапраўды, ягонаму жыцьцю пагражала небясьпека. Гэта не былі прамыя пагрозы, што зараз я цябе заб’ю, а было ўскосна. Вось незнаёмыя людзі каля пад’езду, аўтамабіль побач, праслухоўваліся нашыя тэлефоны, мы гэта высьветлілі дакладна. Нейкія невядомыя людзі тэлефанавалі, не называючы сваіх прозьвішчаў, а калі я здымала слухаўку, маўчаньне было. Гэта адбывалася апошнія два гады пасьля прэсавай канфэрэнцыі, падчас якой ён спытаў пра прэзыдэнцкі фонд. За ім аўтамабіль ехаў, але яму ўдалося адарвацца, дзякуючы таму, што ён быў не адзін у аўтамабілі. Гэта менавіта з той прэсавай канфэрэнцыі яго перасьледаваў аўтамабіль. І пачалося.

Спачатку мы не заўважалі, але потым сталі рабіць высновы. А напярэдадні і пасьля рэфэрэндуму усё абвастрылася. Ведаеце, калі ў мужа не адказваў мабільны тэлефон гадзіну ці дзьве, я ня ведала, што думаць. Было прадчуваньне небясьпекі. Калі ў вас ёсьць жонка ці каханая, яны мяне зразумеюць. Такое было. І зараз у мяне такое пачуцьцё за мяне й за майго сына. Праслухоўваюцца нашыя нумары, і я мяркую, што праслухоўваецца нашая кватэра”.

Нагадаю, што на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі 17 верасьня 2002 года журналіст Аляксандр Сіліч спытаў, чаму прэзыдэнцкі фонд закрыты ад грамадзкасьці, колькі на ім грошай, і ці трапляюць у гэты фонд грошы ад гандлю зброяй ды розьніца паміж пакупным і ўнутраным коштамі на расейскія энэрганосьбіты. На гэта Аляксандр Лукашэнка адказаў: “Калі такі фонд існуе, я заўтра не прэзыдэнт. Але калі яго няма, то “Народнай волі” таксама ня будзе. Вы згодны з гэтым? Дык вось, фонду няма”. Таксама Аляксандр Лукашэнка заявіў на той прэсавай канфэрэнцыі журналістам: “Будзеце адказваць. І прэсінгаваць нас бессэнсоўна. Мы абаронім свой закон і сябе, а вас паставім у межы закону”.

Прыканцы я спытаў Алу Сіліч, як цяпер у Бэльгіі пачуваецца яе муж. Вось што яна адказала:

(Ала Сіліч: ) “Там яму спакайней, чым тут. І мне спакайней. І ягонай маці таксама спакайней”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG