Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік рэдактара “Народнай волі” Аляксандар Сіліч папрасіў палітычнага прытулку ў Бэльгіі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Паводле зьвестак сайту “Хартыі-97”, намесьнік рэдактара “Народнай волі” Аляксандар Сіліч папрасіў палітычнага прытулку ў Бэльгіі. Журналіст заявіў, што на яго чынілі ціск беларускія ўлады.

Зьвесткі пра тое, што Аляксандар Сіліч папрасіў палітычнага прытулку ў Бэльгіі, пацьвердзілі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў гэтай краіне. Ім належыць і інфармацыя пра тое, што журналіст знаходзіцца ў лягеры для ўцекачоў і распачаў працэдуру атрыманьня палітычнага прытулку.

Калегі Сіліча ў рэдакцыі кажуць, што на працы яго няма ўжо больш за два тыдні. Журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш згадвае працу Сіліча ў газэце:

(Коктыш: ) “Сіліч — вядучы палітычны аглядальнік “Народнай волі”. Ён шмат пісаў на палітычныя тэмы, у яго было шмат вострых публікацыяў. Відаць, многія дагэтуль памятаюць прэсавую канфэрэнцыю Алякандра Лукашэнкі, на якой Сіліч задаваў пытаньне пра прэзыдэнцкі фонд. Магчыма, сапраўды быў нейкі ціск, але, па шчырасьці, са мной ён гэтага не абмяркоўваў”.

На прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі 17 верасьня 2002 году Аляксандар Сіліч спытаў, чаму прэзыдэнцкі фонд закрыты ад грамадзкасьці, колькі на ім грошай і ці трапляюць у гэты фонд грошы ад гандлю зброяй. На гэта Аляксандар Лукашэнка адказаў: “Калі такі фонд існуе, я заўтра не прэзыдэнт. Але калі яго няма, то “Народнай волі” таксама ня будзе. Вы згодны з гэтым? Дык вось, фонду няма”.

Зьвязацца з самім Аляксандрам Сілічам не ўдаецца. Маўчыць і тэлефон Сіліча ў менскай кватэры, дзе засталіся жонка і двухгадовы сын журналіста.

Штодзённая недзяржаўная газэта “Народная воля” зьяўляецца адным з уплывовых грамадзка-палітычных выданьняў Беларусі, яе наклад — каля 30 тысяч экзэмпляраў. Гэта ня першы выпадак, калі журналісты газэты просяць за мяжой палітычнага прытулку. Некалькі гадоў таму палітычны прытулак у Вялікабрытаніі папрасіў карэспандэнт “Народнай волі” Яўген Сулыга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG