Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка сказаў: “Белорусский и русский народ едины”. Так мог сказаць толькі малаадукаваны чалавек”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 15-17 сьнежня 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Пэнсіянэр Канстанцінавіч: ) “Даражэнькая Радыё Свабода! Нягледзячы на вашыя запэўніваньні, што вы спрабуеце нешта там зрабіць дзеля паляпшэньня прыёму вашых перадач – справы пагаршаюцца. На гэтым тыдні і а 18-й, і а 20-й ды і ранішні эфір амаль немагчыма ці зусім немагчыма было слухаць.

Вось сёньня ўранку дзесьці ў 7:10 на 49 мэтраў зьявілася перашкода аднолькавая па ўсім дыяпазоне й праглынула ваш сыгнал. І ў той жа час Рускай службе “Бі-Бі-Сі” зусім не нашкодзіла. Тое самае вечарам. Калі ваш сыгнал патанае ў перашкодах, Украінскае радыё Канады, Руская Свбода, нямецкая хваля чуюцца добра – асабліва добра, зусім без перашкодаў, “Голас Амэрыкі” з Вашынгтону. Можа, дзеля паляпшэньня справаў вам лепш пераехаць у Амэрыку? А то атрымліваецца, як дзіцячая гульня: вы як быццам бы перадаеце, а мы як быццам бы слухаем”.

(Спадар: ) “Я наконт еднасьці нашых народаў, выказаных нядаўна расейскім МЗС. Прапаную зьвярнуцца да фактаў. Колеры нашага сьцягу больш супадаюць з польскім і латыскім, які зусім уяўляе супрацьлеглую копію нашага, альбо наадварот. Герб Пагоню і старажытную нашую назву і сталіцу і дагэтуль многія ня могуць падзяліць з Літвою, як і паходжаньне Міцкевіча і Агінскага з палякамі. Ну, а як супадаюць яшчэ “Польска не згінэла!” і нашае “Жыве Беларусь!”, вядома.

Цяпер да сучаснасьці. Сыходзячы з погляду аднаго філёзафа, што не мужчыны выбіраюць сабе палову, а зусім наадварот, на прыкладзе майго даўняга сябра, заходніка-беларуса, разгледзім, хто ж выбіраў яго на працягу ўжо не кароткага жыцьця. Акрамя ж, зразумела, беларусачак, гэта – літовачка на працягу амаль трох гадоў каханьня; палячка-беларусачка, хоць часова, але палымяна; латышачка, якая выйграла тэндэр пачуцьцяў амаль у дзьвюх тузінах прэтэндэнтак з усіх куткоў былога Саюзу, і праз 33 гады стала неад’емнай часткай яго жыцьця. І толькі аднойчы ўралачка, і тое зь беларускімі каранямі, але вымушаная была ўступіць мясцовай беларусачцы, зь якой ён шчасьліва пражыў амаль 40 гадоў.

А пра мову, хай шаноўныя супрацоўнікі МЗС РФ возьмуць беларуска-рускі і беларуска-польскі слоўнік і самі ўдасканаляць, дзе больш розьніцы, а дзе аднолькавасьці. Дзякуй. Гэта аб міжнацыянальнай любові, а не аб варожасьці”.

(Алесь: ) “Добрага здароўя, Свабода! Даведаўся з вашых перадачаў пра сямідзесяцігадовы юбілей Станіслава Станіслававіча. Быў прыемна зьдзіўлены, бо лічыў спадара Шушкевіча значна маладзейшым. Тым ня менш, паважаны Станіслаў Станіслававіч, ад усёй душы віншую! Посьпехаў Вам, здароўя, шчасьця! І дай Божа пражыць столькі, каб дачакацца таго часу, калі, па-першае, у клетцы, зробленай для Старавойтава, убачыць галоўнага злачынцу Рэспублікі Беларусь. І, па-другое – адчуць пакаяньне і прабачэньне жлобскай нацыі, якая не змагла абараніць Вас у цяжкія гадзіны. Разумею, што чакаць прыйдзецца доўга. Тым ня менш, дачакайцеся! Усяго лепшага! Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Добры вечар! Хацеў бы падзяліцца наступнай інфармацыяй. Два дня запар беларускае тэлебачаньне паказвала выступленьне вялікага генэралісімуса і кіраўніка нашай дзяржавы таварыша Лукашэнкі. Ён праводзіў нараду са сваім апаратам. Гэта вельмі важны момант! Што ж гэта за адкрыцьцё? На гэтай нарадзе прыкладна абмяркоўвалі: схадзі туды, ня ведаю куды, прынясі тое, ня ведаю, што. Ён і сам нават не разумее, што ён кажа. Звычайная клаўнада! Ганьбяць дзяржаву! Сорамна такое па тэлебачаньню паказваць!”

(Лявон Целіш: ) “Добры дзень, паважаная радыёстанцыя Свабода! Дзякуй Богу і дзякуй вам за тое, што вы ёсьць на белым сьвеце! Беларускае тэлебачаньне не гляджу і радыё ня слухаю, бо там пануе навалач тыпу ўсялякіх кісялёў, якіх брыдка слухаць і глядзець.

Хачу праз вашую радыёстанцыю павіншаваць высокаадукаванага, інтэлігентнейшага, добрай душы Станіслава Шушкевіча з нагоды яго сямідзесяцігодзьдзя. Моцнага здароўя яму і доўгіх гадоў жыцьця! Упэўнены, што калі б такія людзі як Шушкевіч і нябожчык Карпенка кіравалі нашай Беларусьсю, мы жылі б ня горш, а можа, лепш, чым грамадзяне Польшчы і краінаў Прыбалтыкі”.

(Казлевіч Часлаў Адольфавіч, Нямеччына: ) “Прывітаньне, Свабода! Раніцай у сераду 15 сьнежня пачуў ад вас цікавую навіну: паважанаму Станіславу Станіслававічу споўнілася 70 год – юбілей. Гэта адзіны чалавек у Беларусі, якому я зайздрошчу. Гэта ж трэба – ён атрымлівае пэнсію ў памеры 3 даляры! Неяк раней я чуў, што яму налічылі пэнсію 2 даляры, ён нават хацеў напісаць у кнігу Рэкордаў Гінэса, што ў яго самая маленькая пэнсія ў сьвеце. Але, напэўна, улічваючы яго працоўны стаж ды ўсе заслугі перад радзімай, дабавілі яшчэ адзін даляр. Атрымалася аж цэлых тры даляры ЗША! О, зайздрошчу! А чаму? А таму што я не атрымліваю нічога – нуль, круглы нуль. Па сямейных абставінах выехаў жыць у Нямеччыну. Грамадзянін Беларусі, працоўны стаж 34 гады. Мне 65 год. Пісаў у Менск, адказалі – “няма законных асноў”. Чытаю закон аб пэнсіённым забесьпячэньні. Божанькі! Гэта ж якую трэба мець вялікую юрыдычную галаву, каб так яго заблытаць.

На мой розум, дык усё вельмі проста. Адпрацаваў чалавек сваё, аддаў маладыя сілы, здароўе радзіме, ну і атрымлівай дапамогу ад яе. І каму якая справа, дзе ты жывеш і што робіш. Дык хто падпісаў гэты закон? Вось ён, старшыня Вярхоўнга Савету РБ – Шушкевіч. Некалькі разоў на Свабодзе я чуў такія словы. “Дык гэта ж дурнота!” – гаварыў Станіслаў Станіслававіч, калі быў абураны чым-небудзь. Вось я і хачу запытаць у паважанага Станіслава Станіслававіча: Дык чаму ж вы падпісалі гэтую дурноту?

Нягледзячы ні на што, віншую спадара Шушкевіча Станіслава Станіслававіча з юбілеем і наступаючым Новым годам!”

(Спадар: ) “Цудоўныя мэтамарфозы здараюцца з нашымі высокапастаўленымі чыноўнікамі. Я наконт таго, што каму дазволенае. Што датычыць простага люду і апазыцыі, то яны могуць перасоўвацца толькі па Бангалор, дый тое, калі дазволяць. І Божа мой! Як жа так, забараніць перасоўваньне па ЭЗ самой Ярмошынай! Маліся, даражэнькая, пакуль, бо за такія дзеяньні ў краіне могуць перасунуць зусім у другім напрамку і надоўга!”

(Генадзь Выбігаў: ) “Аднойчы я чуў, як Лукашэнка сказаў, цытую: “Белорусский и русский народ едины”. Так мог сказаць толькі малаадукаваны чалавек. Беларуская мова – гэта адно, а расейская мова – іншае. Любы філёляг скажа, што калі дзьве розныя мовы, то і дзьве розныя нацыі. Адсюль дзьве розныя культуры і ўсё іншае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG