Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Жбанкоў: “Беларусі непатрэбны свой Галівуд”


Вячаслаў Ракіцкі, Менск 17 сьнежня спаўняецца 80 гадоў беларускаму кіно. Датай, ад якой адлічваецца шлях айчыннага кінэматографу, прынята лічыць 17 сьнежня 1924 году, калі ў БССР было створанае дзяржаўнае ўпраўленьне ў справах кінэматаграфіі й фатаграфіі – “Белдзяржкіно”. Якімі ўяўляюцца гісторыя і сёньняшні стан беларускага кіно новаму пакаленьню мастацтвазнаўцаў? З кінааналітыкам Максімам Жбанковым напярэдадні гутарыў наш карэспандэнт.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Зараз модныя розныя рэйтынгі, гіт-парады. Так, напрыканцы мінулага стагодзьдзя дзеячы ўсясьветнага кіно вызначалі сотню лепшых фільмаў усіх часоў і народаў. Пытаньне да вас – ці маглі б вы вызначыць самыя значныя стужкі беларускага кіно за 80 гадоў яго існаваньня?”

(Максім Жбанкоў: ) “Нам сапраўды ёсьць чым ганарыцца. Значных здабыткаў шмат. Я магу адразу ж зараз назваць некаторыя зь іх. Прыкладам, “Праз могілкі” Віктара Турава, “Дзікае паляваньне караля Стаха” Валерыя Рубінчыка, выдатныя музычныя фільмы для дзяцей Леаніда Нячаева”.

(Ракіцкі: ) “Некаторыя фільмы, натуральна, сваімі моцнымі бакамі застаюцца ўсё ж у мінулым, ёсьць мастацкімі дасягненьнямі свайго часу. А ёсьць тыя, якія дзесяцігодзьдзямі запатрабаваныя гледачамі. Ці былі створаныя на “Беларусьфільме” такія стужкі, сэнс і мова якіх можа быць цікавай сёньня?”

(Жбанкоў: ) “Натуральна, такія фільмы ёсьць. Я іх падзяліў бы на дзьве групы. Па-першае, гэта – народнае кіно. Прыкладам, “Белыя Росы” Ігара Дабралюбава – карціна, якая паказваецца і сёньня, бо яна не састарэла ні на дзень. А па-другое, кіно, умоўна кажучы, арыентаванае на пошукі нацыянальнай самасьвядомасьці. Прыкладам, “Я, Францыск Скарына” Барыса Сьцяпанава – фільм, варты таго, каб яго глядзелі, пра яго разважалі і каб яго прасоўвалі ў сьвядомасьць масавага гледача”.

(Ракіцкі: ) “За савецкімі часамі кіно цалкам фінансавалася дзяржавай. Кожная рэспубліка СССР павінна была мець свой кінэматограф. Сёньня таксама ў Беларусі здымаецца кіно. Але ці можна назваць сёньняшнюю кінавытворчасьць у краіне паўнавартасным кінапрацэсам? Ці ёсьць здабыткі, якія можна было б параўноўваць з разьвітымі эўрапейскімі кінэматаграфіямі?”

(Жбанкоў: ) “На гэты конт можна разважаць шмат. Але я адкажу коратка. Па-першае, няма грошай. Па-другое, у Беларусі няма сапраўднага кінарынку. І ў рэшце рэшт, проста няма кадраў, гэта значыць, няма аднаўленьня творчай кінаэліты. А калі няма сапраўднага аднаўленьня кінапрацэсу, натуральна, няма і здабыткаў”.

(Ракіцкі: ) “А можа, такой невялікай і небагатай краіне, як Беларусь, увогуле не патрэбная кінавытворчасьць? Прыклады такіх краінаў у сьвеце ёсьць…”

(Жбанкоў: ) “Мне падаецца, што Беларусі не патрэбная буйная, шматузроўневая кінаіндустрыя. Не патрэбны беларускі Галівуд. Але кіно як форма самасьвядомасьці нацыі, безумоўна, патрэбнае. І болей за тое, яно будзе існаваць, незалежна ад адміністратыўных імпульсаў”.

(Ракіцкі: ) “А дзе і як можна зарабіць грошы на стварэньне фільмаў?”

(Жбанкоў: ) “Прыкладам, Румынія зараз актыўна працуе ў фармаце галівудзкай кінапляцоўкі – зарабляе грошы. А на тое, што зароблена, краіна здольная фінансаваць свае нацыянальныя кінапраекты. У свой час, на пачатку 90-х гадоў, такая магчымасьць была і ў Беларусі – тады, калі свае славутыя праекты спрабаваў тут увасобіць Мэнахем Голан, калі ў нас тут пачыналася нейкая праца ў гэтым кірунку. Але яна была тэрмінова спыненая, і вось вынікі… Калі ўсё пад дзяржавай, творчасьці проста няма”.

(Ракіцкі: ) “Як я Вас зразумеў, шлях стварэньня камэрнага, малабюджэтнага кіно больш слушны, чым стаўка на блёкбастэры кшталту “Анастасіі Слуцкай”?”

(Жбанкоў: ) “Мне падаецца больш карысным такі шлях. Па-першае, сапраўды малабюджэтнае, гэтак званае “арт-хаўзнае”, аўтарскае кіно як пляцоўка дзеля творчага экспэрымэнту. А з другога боку, тэлевізійныя фільмы – сэрыялы, прысьвечаныя беларускай міталёгіі. Гэта – тое, чаго зараз фатальна не хапае і што можа быць, безумоўна, запатрабавана гледачом”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG