Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз?


Юры Дракахруст, Прага У Брусэлі пачаўся двухдзённы саміт Эўразьвязу. Галоўная тэма нарады – тэрмін пачатку перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз Турэччыны. Пазыцыі краінаў-сябраў Зьвязу і эўрапейскага грамадзтва ў гэтым пытаньні – неадназначныя.

Праблема ўступленьня ў Эўразьвяз Турэччыны – досыць балючая і складаная. На найвышэйшым палітычным узроўні ніхто катэгарычна не гаворыць, што для Турэччыны сяброўства ў Зьвязе павінна быць зачыненае. Аднак грамадзкая думка ў краінах-сябрах настроена супраць такой пэрспэктывы.

Прычыны зразумелыя – гістарычна, культурна, рэлігійна Турэччына не належала да Эўропы ў любым разуменьні, на працягу стагодзьдзяў. Асманская імпэрыя была жахлівай пагрозай Эўропе.

Апошнім часам таксама ў некаторых эўрапейскіх краінах расьце раздражненьне супраць мусульманаў-імігрантаў, а цяпер размова ідзе пра ўступленьне ў Эўразьвяз, пра скасаваньне любых межаў зь вялікай мусульманскай краіны.

Некаторыя перасьцерагаюцца, што Турэччына як сябра Зьвязу стане брамай для масавай, значна больш моцнай, чым цяпер, іміграцыі мусульманаў у Эўропу.

Ёсьць і больш дробныя, у прынцыпе вырашальныя, праблемы.

Анкара не прызнае ўрад Кіпру, на поўначы якога з 1973 году існуе непрызнаная дзяржава туркаў-кіпрыётаў. Між тым Кіпр зь 1-га траўня 2004 году – сябра Эўразьвязу.

Як сказаў старшыня Эўракамісіі Мануэль Бароза, нельга імкнуцца ўступаць у клюб, калі ты не прызнаеш хаця б аднаго зь ягоных сябраў.

Але ня менш важкія і аргумэнты “за”.

З пачатку мінулага стагодзьдзя, з рэформаў Ататурка Турэччына дэманструе незвычайнае імкненьне да “вэстэрнізацыі”, паказвае гатоўнасьць ісьці на велізарныя, у тым ліку і культурныя ахвяры, каб далучыцца да Эўропы.

Апошнія гады турэцкі ўрад, турэцкае грамадзтва зрабілі велізарную працу па выкананьні, усталяваньні ў сябе прынцыпаў далучэньня да Эўразьвязу, гэтак званых капэнгагенскіх крытэрыяў: гэта зьмены і ў заканадаўстве, і ў галіне палітычных інстытутаў, у эканоміцы, у галіне правоў чалавека і ў адносінах з меншасьцямі.

У свой час Аляксандар Лукашэнка казаў: “Мы ня супраць быць у Эўразьвязе, але прыніжацца, каб туды патрапіць, ня будзем”.

Прыніжаюцца туркі ці не – гэта спрэчнае пытаньне, але тое, што любой цаной імкнуцца выканаць самыя жорсткія ўмовы ўступленьня ў Зьвяз – гэта факт. Зразумела, прыдзірацца можна да бясконца, але нават крытыкі далучэньня Турэччыны да Зьвязу прызнаюць, што фармальны набор капэнгагенскіх крытэрыяў Турцыя выканала. Такім чынам гэтымі днямі наступае момант ісьціны – так ці не.

Ці можна нейкім чынам адцягнуць вырашэньне гэтай праблемы, ці можа быць нейкі прамежкавы варыянт, скажам, “прывілеяванае партнэрства”, як ў Аўстрыі?

Наўрад ці. Цяпер туркі, не жадаючы прыніжацца, ставяць пытаньне рубам: “Мы выканалі ўсе ўмовы, таму давайце поўнапраўнае сяброўства. Ці адмоўце, але патлумачце чаму”. Магчыма, гэта такая перамоўная тактыка, але пазыцыя Анкары цяпер менавіта такая.

Адмова тоіць у сабе пэўныя небясьпекі. Справа ў тым, што раней Турэччына атрымала абяцаньне, што перамовы зь ёй пачнуцца, калі яна будзе адпавядаць капэнгагенскім крытэрам. Прычым варта сказаць, што апошнія рэформы ў гэтым кірунку праводзіў урад памяркоўных ісламістаў, і іх прыход да ўлады, дарэчы, быў пэўным званочкам наконт таго, што Турэччына ня можа вечна стаяць каля дзьвярэй Эўразьвязу, што ў яе ёсьць і іншая геапалітычная альтэрнатыва.

Адмовіць Турэччыне зараз – гэта азначае ўзмацніць гэтыя небясьпечныя тэндэнцыі, штурхнуць адзіную сьвецкую мусульманскую краіну ў іншы бок.

У цяперашніх спробах Захаду спрыяць дэмакратызацыі, мадэрнізацыі мусульманскага сьвету Турэччына адыгрывае ролю бліскучага прыкладу таго, што такая трансфармацыя магчымая. Але ці застанецца Турэччына такім прыкладам, калі ёй, фактычна, скажуць – вам закрыты шлях у Эўразьвяз, бо вы – не Эўропа і ніколі ёй ня будзеце?

А сёньняшняе рашэньне, калі яно будзе станоўчым – ці будзе яно канчатковым? У сэнсе пачатку перамоваў – так, у сэнсе прыняцьця – не.

Паводле прэзыдэнта Францыі Жака Шырака, гэты перамоўны працэс можа расьцягнуцца на 10-15 гадоў, да таго ж любая краіна Зьвязу пры канчатковым рашэньні можа накласьці вэта на ўступленьне новага сябра. Тым ня менш, сёньня вырашаецца праблема ў прынцыпе. Па-другое, досьвед гэткіх перамоваў краінаў Усходняй Эўропы паказвае, што падчас самога перамоўнага працэсу супрацоўніцтва кандыдата са Зьвязам узмацняецца, пэўныя межы ліквідуюцца.

Якія высновы можна зрабіць з гэтых дэбатаў і з гэтай гісторыі для Беларусі?

Па-першае, каб стаць сябрам Эўразьвязу, нацыя павінна гэтага моцна хацець, быць гатовай ісьці на пэўныя ахвяры, быць гатовай пунктуальна выконваць шматлікія ўмовы сяброўства.

Па-другое, падаецца, што станоўчае рашэньне па Турэччыне толькі ўзмацніць гэты першы пункт. Прыняцьцё ў Эўрапейскі Зьвяз краіны, якая гістарычна ніколі не была Эўропай, можна зразумець і такім чынам, што супольная гісторыя ня ёсьць “уваходным квітком” у Зьвяз. Была тая ці іншая краіна калісьці Эўропай – гэта яе, так бы мовіць, прыватная справа, для сяброўства ў Зьвязе мае значэньне, ці здольная, ці гатовая яны быць Эўропай сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG