Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты супраць узмацненьня адказнасьці за нявыплату падаткаў


Ганна Соусь, Менск Палата прадстаўнікоў адхіліла праект зьменаў у Крымінальны кодэкс, якія ўзмацняюць адказнасьць за ўхіленьне ад выплаты падаткаў. З гэтай нагоды старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа заявіў, што трэба было б вызначыць адзіны ўзровень падаткаў для ўсіх відаў прыбытку.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў палічылі, што ў Беларусі няма неабходнасьці ў значным узмацненьні санкцыяў за ўхіленьне ад уплаты падаткаў. За адхіленьне праекту прагаласаваў 61 дэпутат пры кворуме прыняцьця рашэньня 56 галасоў. Законапраект прадугледжваў павелічэньне максымальнага тэрміну пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі да 4 гадоў і абавязковую канфіскацыю маёмасьці асобаў, якіх прызналі вінаватымі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у буйным памеры. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава лічыць, што змагацца з ухіленьнем ад выплаты падаткаў трэба іншым чынам.

(Абрамава: ) “Па-першае, павінны быць створаныя ўмовы для разьвіцьця бізнэсу, уключна зь мінімізацыяй умяшальніцтва самой дзяржавы ў пытаньні кантролю за дзейнасьцю бізнэсу. А па-другое, поўная празрыстасьць працы самой дзяржаўнай машыны. Прэтэнзіі трэба адрасаваць у першую чаргу сабе”.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць, што ў Беларусі трэба вызначыць адзіны ўзровень падаткаў для ўсіх відаў прыбытку — 10 ці 13%, як гэта было зроблена некалькі гадоў таму ў Расеі. Толькі такім чынам, а не ўзмацненьнем пакараньня, можна дасягнуць таго, каб і фізычныя і юрыдычныя асобы не ўхіляліся ад выплаты падаткаў і не прыхоўвалі прыбыткаў, лічыць Аляксандар Патупа.

(Патупа: ) “Я ня бачу, што Беларусь дэманструе шматлікія парушэньні ў справе падаткаў, каб тут былі гучныя крымінальныя працэсы супраць неплацельшчыкаў. Думаю, што гэты праект быў беспадстаўным, ён ня меў пад сабой ніякай сур’ёзнай базы”.

Як паведаміў намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Аляксандар Шчурко, праект зьменаў у Крымінальны кодэкс быў распрацаваны дзеля выкананьня даручэньняў Аляксандра Лукашэнкі.

***

Для вядучага: У 2003 годзе было выяўлена 214 злачынстваў, зьвязаных з ухіленьнем ад падаткаў, а за 9 месяцаў сёлета – каля 200. Прадстаўнікі міністэрства ўнутраных справаў Беларусі мяркуюць, што суды прызначаюць занадта мяккае пакараньне за такія злачынствы. Напрыклад, у 2003 годзе за ўтойваньне або памяншэньне прыбыткаў былі пазбаўлены волі пяць чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG