Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавы кантракт з Расеяй на наступны год зноў пад пагрозай?


Валер Каліноўскі, Менск У Маскве працягваліся перамовы прадстаўнікоў “Белтрансгазу” і беларускага ўраду з расейскім бокам наконт падпісаньня кантракту на пастаўкі газу на 2005 год. Як і летась, у бакоў узьніклі супярэчнасьці, якія могуць паставіць пад сумнеў падпісаньне кантракту да пачатку новага году. Супярэчнасьці датычаць кошту газу, які будзе пастаўляцца ў Беларусь.

“Белтрансгаз” на перамовах у “Газпроме” прадстаўляе намесьнік гендырэктара Дзьмітры Анюк, у кансультацыях бярэ ўдзел і паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта Беларусі ў Маскве віцэ-прэм’ер Васіль Даўгалёў. На думку апошняга, кантракт на пастаўку газу ў Беларусь павінен быць падпісаны да канца гэтага году. Беларусь разьлічвае атрымаць у 2005 годзе 20,5 мільярда кубамэтраў газу. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэтыя лічбы ўзгодненыя, а вось кошты газу застаюцца спрэчнымі.

На 2004 год пасьля вельмі складаных перамоваў і скандалу зь перакрыцьцём паставак газу ў Беларусь удалося дасягнуць дамоўленасьці пра кошт газу 46,68 даляра за тысячу кубамэтраў. Гэтая лічба застаецца зыходнай і пры перамовах “Белтрансгазу” і “Газпрому” на пастаўкі газу ў 2005 годзе. Аднак паколькі з 1 студзеня Расея пагадзілася перайсьці на прынцып спагнаньня ПДВ па краіне прызначэньня, то для Беларусі зьявілася магчымасьць эканоміі ў 18%. Але расейскі бок вырашыў налета ўзьняць унутраны кошт газу на 23%, таксама зьявіцца яшчэ падатак на рэсурсы — 1%. Такім чынам, “Газпром” настойвае на істотным падвышэньні цаны газу, які будзе пастаўляцца ў Беларусь.

У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі, маючы сумны досьвед мінулага году, не бяруцца прадказаць, калі ж будуць зьнятыя рознагалосьсі на перамовах наконт паставак расейскага газу ў Беларусь на 2005 год, і будзе падпісаны кантракт. Гаворыць прэсавы сакратар Мінэнэрга Лілія Дулінец:

(Дулінец: ) “Канечне, каб падпісаць кантракт, патрэбен час, трэба гандлявацца да апошняга, вось і гандлюемся пакуль. У нас свае патрабаваньні, у іх свае. Так што кантракт павінен сасьпець”.

У “Белтрансгазе” пацьвердзілі, што асноўны прадмет цяперашніх перамоваў у Маскве, якія вядзе намесьнік генэральнага дырэктара Дзьмітры Анюк, — цана газу для Беларусі на 2005 год, але прагназаваць нешта адмовіліся. Беларускі бок спадзяецца на памяншэньне кошту газу на 18% — у сувязі з рашэньнем Расеі з 1 студзеня перайсьці на прынцып спагнаньня ПДВ па краіне прызначэньня, але адначасова расейскі бок вырашыў узьняць унутраны кошт газу на 23%, і адпаведна ўзьняць цану і для Беларусі.

Менскі эканаміст Леанід Заіка перакананы, што пазыцыя беларускага боку на перамовах з “Газпромам” адзначаецца меншай гнуткасьцю, паколькі беларускі ўрад хоча максымальна зьменшыць кошт газу для сябе. Калі перамовы зацягнуцца, то падпісаньне кантракту можа быць адкладзенае і на студзень, і ўсе леташнія праблемы могуць паўтарыцца, лічыць Леанід Заіка. Аднак усё ж Крэмль, маючы клопаты з Украінай, відаць, ня пойдзе на новае газавае абвастрэньне зь Беларусьсю.

(Заіка: ) “Хутчэй за ўсё, Пуцін на жорсткія захады ня пойдзе, бо прыклад Украіны ўжо палохае яго”.

Леанід Заіка перакананы, што ў любым выпадку беларускім суб’ектам гаспадараньня варта рыхтавацца да істотнага падвышэньня кошту газу ў 2005 годзе, бо ім розьніцы ад таго, у які бюджэт будзе брацца ПДВ, расейскі ці беларускі, няма.

(Заіка: ) “Аб спажыўцах увогуле ніхто ня думае. Хатнія гаспадаркі купляюць газ ужо па 80 даляраў. Гэта перамоўны працэс паміж урадавымі чыноўнікамі наконт грошай, якія можна атрымаць у бюджэт, а можна не атрымаць”.

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, менавіта на спажыўцоў, прадпрыемствы і грамадзянаў ляжа цяжар новых цэнаў на газ.

***

Нагадаем, што сёлета спрэчкі наконт цаны на газ паміж Беларусьсю і Расеяй прывялі да сапраўднай эканамічнай вайны, 18 лютага на адзін дзень пастаўкі газа ў Беларусь наагул былі спыненыя, Лукашэнка тады назваў гэтыя дзеяньні “тэрарызмам на вышэйшым узроўні”.

Беларусь настойвала, каб “Газпром” прадаваў ёй газ па ўнутрырасейскай цане, расейскі ж бок у адпаведнасьці з пагадненьнем 2002 году патрабаваў у абмен за гэта продажы “Белтрансгазу”. З пачатку гэтага году газ Беларусі прадавалі толькі незалежныя пастаўшчыкі, урэшце канфлікт выліўся ў лютаўскае адключэньне паставак і транзыту, што вельмі занепакоіла эўрапейскіх пакупнікоў газу, якія атрымліваюць яго празь беларускую трубу.

Празь некалькі месяцаў падчас візыту ў Менск прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Фрадкова было падпісанае доўгачаканае пагадненьне, у якім былі ўвязаныя цана на газ і яго транзыт. Але як бачым тое пагадненьне вырашыла праблему толькі на 2004 год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG