Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыны Міхаіла Марыніча зьвярнуліся па падтрымку да прэзыдэнта Латвіі Вайры Віке-Фрэйбэргі


Алег Грузьдзіловіч, Менск За тыдзень да пачатку судовага працэсу над Міхаілам Марынічам ягоныя сыны зьвярнуліся да прэзыдэнта Латвіі з просьбай пра падтрымку іх бацькі і ўсіх апазыцыянэраў, якіх перасьледуюць беларускія ўлады.

16 сьнежня сыны Міхаіла Марыніча Павал і Ігар наведалі амбасаду Латвіі ў Беларусі й перадалі ліст на адрас прэзыдэнта Латвіі Вайры Віке-Фрэйбэргі.

“Рэжым, які кіруе ў Беларусі, робіць усё, каб запалохаць і зьнішчыць такіх людзей, як наш бацька. Беларуская дыктатура перасьледуе мэту трымаць грамадзтва ў страху і бяспраўі”, — пішуць ў сваім лісьце латвійскай прэзыдэнтцы Павал і Ігар Марынічы. Яны просяць асабістай сустрэчы са спадарыняй Віке-Фрэйбэргай яшчэ да суду над Міхаілам Марынічам і заклікаюць яе выступіць у абарону ня толькі Міхаіла Марыніча, але і ўсіх апанэнтаў рэжыму, якіх перасьледуюць беларускія ўлады.

Тым часам Менскі раённы суд адмовіў братам-Марынічам у сустрэчы з бацькам напярэдадні працэсу. Вось што сказаў пра гэта Ігар Марыніч:

(Марыніч: ) “Фабрыкуюць супраць яго абвінавачаньне, спрабуюць судзіць напярэдадні навагодніх сьвятаў, ды яшчэ пазбавілі падтрымкі сваякоў. Гэта вельмі дрэнна”.

Ігар Марыніч параўнаў працэс над сваім бацькам з гучнымі працэсамі сталінскага часу, якія часта прыпадалі на сьвяты. Сын Міхаіла Марыніча лічыць, што такім выбарам часу ўлады спрабуюць зьменшыць розгалас вакол працэсу.

Адвакат Вера Страмкоўская паведаміла Радыё Свабода пра падрыхтоўку Міхаіла Марыніча да працэсу:

(Страмкоўская: ) “Ён рыхтуецца цяпер да суду, хвалюецца, бо ўсё ж суд ёсьць суд. Ён спадзяецца, што суд будзе разглядаць справу па сутнасьці, прысуд будзе законным і апраўдальным”.

Былы амбасадар Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч быў арыштаваны 26 красавіка, і з таго часу яго ўтрымліваюць у ізалятары КГБ “амэрыканка”. Марыніча абвінавачваюць у незаконным захоўваньні зброі й крадзяжы маёмасьці няўрадавай арганізацыі.

Міхаіл Марыніч гэтых абвінавачаньняў не прызнае і заяўляе пра палітычны перасьлед за нязгоду з палітыкай уладаў і спробу вылучыцца на прэзыдэнта Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG