Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У сёньняшнім нумары “Нівы” шмат артыкулаў, якія закранаюць праблему прысутнасьці беларускасьці, нацыянальнай ідэі як сярод беларусаў Беласточчыны, так і ў самой Беларусі.

Вядомы публіцыст Мікола Ваўранюк разважае над тым, якім прыкладам для беларусаў будуць апошнія падзеі ва Ўкраіне.

“У Кіеве імгненна паверылі, што варта змагацца за свае правы. Ці тая новая вера будзе пашырацца й на Беларусь? Невядома. Патэнцыйныя вернікі ёсьць. Бо не было тэлерэпартажу з кіеўскага Пляцу незалежнасьці без бел-чырвона-белых сьцягоў у кадры, і не было ў тыя дні беларуса, які б не перажываў за падзеі ва Украіне. І, мабыць, няма нікога, хто б не жадаў украінцам, каб збылося тое, чаго самі хочуць”, напісаў Мікола Ваўранюк.

“Быць беларусам у Польшчы” – гэта артыкул студэнткі зь Беластоку Зосі Лемеш. Яна распавядае, як шукала беларусаў сярод сваіх аднакурсьнікаў – будучых лекараў. Паводле яе, шмат хто з маладых людзей у вялікім горадзе выракся беларускасьці.

А вось Юра Буйнюк распавядае пра тое, што ў ягонай кампаніі палякі былі вельмі ўражаныя прыгажосьцю беларускіх народных песьняў, а таксама тым, што маладыя беларусы з Польшчы сьпяваюць пад гітару цэлыя альбомы – напрыклад, гурту “NRM”. Юрка ўпэўнены, што трэба заставацца беларусам і ў Польшчы. “Паверце, свойскасьць заўсёды ў модзе”, пераконвае аўтар.

Ганна Кандрацюк распавядае пра адкрыцьцё адмысловага Пакою Традыцыяў у школе ў мястэчку Гарадок, што каля мяжы зь Беларусьсю. Яна піша, што ў гэтай мясцовасьці ўсе размаўляюць на тутэйшай гаворцы, не па-польску, хаця пры чыноўніках і пераходзяць на польскую.

“Ёсьць у Гарадку зьмены на карысьць адраджэньня беларускай мовы. У артыстычнай частцы, якая папярэдзіла адкрыцьцё пакою традыцыяў, траціну складаў беларускі рэпэртуар. Тутэйшыя сьвятары са зьдзіўленьнем кажуць, напрыклад, што ў часе рэлігійных выправаў моладзь сьпявае выключна па-свойму”, напісала ў сёньняшнім нумары “Нівы” Ганна Кандрацюк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG