Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бобруйскому курьеру” спаўняецца 90 гадоў


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

“Бобруйскому курьеру” спаўняецца 90 гадоў. Першы нумар газэты выйшаў у сьнежні 1914 году. Выходзіла газэта да ліпеня 1920 году. У найноўшай гісторыі выхад “Бобруйского курьера” аднавіўся ў 1991 годзе, і з таго часу кожную сераду бабруйчане атрымліваюць мясцовыя навіны, цікавую інфармацыю менавіта з “Бобруйского курьера”.

У сьвежым нумары – шмат навінаў пра культурныя падзеі. Мясцовы тэатар паставіў “Зацюканага апостала” Макаёнка. У Бабруйску адбылася прэзэнтацыя часопіса “Дзеяслоў” – у горад завіталі сталічныя паэты Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Міхась Скобла. На сьвяткаваньне “Ханукі” ў Бабруйск прыехаў папулярны ізраільскі музыкант Аўраам Піямэнт. Ёсьць і трывожнае паведамленьне – толькі за мінулы тыдзень у самім Бабруйску у пажарах загінула 5 чалавек. Усе – з-за неасьцярожнага абыходжаньня з вагнём.

Сьветлагорская газэта “Ранак плюс” распавядае пра афэру, праведзеную супрацоўніцай мясцовага аддзяленьня “Белпрамбудбанку”. Пры інкасацыі высьветлілася, што амаль 50 пачкаў 20-тысячных купюр – так званыя “куклы”, гаворачы на расейскім слэнгу: першая і апошняя купюры былі сапраўдныя, а 98 астатніх – звычайныя паперчыны. Банку нанесеная шкода на 97 мільёнаў 300 тысяч рублёў. Супрацоўніца банку знаходзіцца пад сьледзтвам.

“Газэта Слонімская” паведамляе пра тое, што з надыходам зімы пачаўся масавы набег на лецішчы слонімцаў – няпрошаныя госьці забіраюць хатнія рэчы, адзеньне, ня грэбуюць посудам. А жыхарцы Шчучына Натальлі Кузьміцкай пашанцавала – яна выйграла ў гульні “Наша лато” амаль 5 з паловай мільёнаў рублёў, распавядае “Газэта Слонімская”.

“Комсомольская правда в Белоруссии” паведамляе добрую навіну: літоўская віза будзе каштаваць для беларусаў 5 эўра (зараз яе кошт 20 эўра). Як патлумачыў газэце літоўскі консул Марыюс Неманіс, гэта прапанова літоўскага боку. А вось калі гэта будзе ўведзена – залежыць ад беларускага боку.

Леанід Барткевіч зноў ажаніўся. Гэтым разам 55-гадовы экс-“Пясьняр” і экс-муж легендарнай гімнасткі Вольгі Корбут пабраўся шлюбам зь 19-гадовай Тацянай, мадэльлю з Мазыра. Маладыя ўжо чакаюць сына, якога вырашылі назваць Рычард (у дынастыі Барткевічаў гэта будзе ўжо трэці Рычард – так клічуць дзеда сьпевака і яго з Вольгай Корбут сына).

У Баранавічах сярод зімы вырасьлі… грыбы. Сьвятлана Гель на выходных набрала тры вядра падзялёнак. Паводле словаў батаніка Вольгі Гапіенкі, апошні раз зімой грыбы вырасталі ў Беларусі 15 гадоў таму. Тлумачыцца гэта тым, што шмат сьнегу выпала на зямлю, якая добра не прамерзла. Якіх яшчэ сюрпрызаў ад прыроды можна чакаць гэтай зімой, чытайце ў “Комсомольской правде в Белоруссии”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG