Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што патрапіў у вязьніцу былы дэпутат Аксаміт?


Алег Грузьдзіловіч, Менск З адміністрацыйнай турмы Ваўкавыску выйшаў на волю вядомы ў горадзе праваабаронца, былы дэпутат Вярхоўнага Савету Мікалай Аксаміт. За што апазыцыянэр патрапіў у вязьніцу?

Ваўкавыск захоўвае імідж гораду, жыхары якога здольныя не пагаджацца з парушэньнямі іх правоў. Тут то страйкуюць таксоўшчыкі, то галадуе рэдактар мясцовай незалежнай газэты, а цяпер вось у палітычную гісторыю патрапіў мастак. Праўда, Мікалая Аксаміта больш у горадзе ведаюць як праваабаронцу ды былога дэпутата-апазыцыянэра Вярхоўнага Савету славутага 12-га скліканьня, а як мастак ён яшчэ ня ўсім вядомы.

У кожным разе, мясцовыя міліцыянты, калі спынілі Мікалая Аксаміта на вуліцы з карцінай у рукох, доўга ня верылі, што гэтую карціну ён жа і намаляваў. Злучыліся з кімсьці па мабільным тэлефоне ды на загад адвялі мастака ў міліцэйскі пастарунак – быццам паводле падазрэньняў, што ён тую карціну скраў.

Далейшае нагадвала затрыманьне ўдзельніка апазыцыйнага шэсьця. Пратакол пра лаянку ды зьнявагі на адрас міліцыянтаў, суд і пяць дзён адміністрацыйнага арышту.

Мікалай Аксаміт выйшаў на волю і даў інтэрвію Радыё Свабода. Ён перакананы, што яго кінулі за краты, каб сарваць акцыі пратэсту супроць фальшаваньня нядаўніх выбараў і рэфэрэндуму, якія плянаваліся ў Ваўкавыску мясцовымі апазыцыянэрамі.

(Аксаміт: ) “Асабіста я падаў дзьве заяўкі. Адну на пікет, яго не дазволілі, а другую на мітынг. У Ваўкавыск прывезьлі 90 амонаўцаў з Гародні, яны дагэтуль у горадзе. Усіх школьнікаў папярэдзілі, што калі тыя пойдуць на мітынг, іх адлічаць са школы”.

Таксама праваабаронца мяркуе, што супраць яго маглі сфальшаваць справу нібыта на загад кіраўніка мясцовай міліцыі Сяргея Кацубы – маўляў, каб паквітацца за публічныя абвінавачваньні міліцыянта ў парушэньнях правоў людзей. Я патэлефанаваў Сяргею Кацубу, каб давесьці ягоную пазыцыю ў гэтым канфлікце, аднак размовы не атрымалася.

(Кацуба: ) “Я з вамі праз тэлефон размаўляць ня буду, я ж ня ведаю, хто вы такі”.

Мікалай Аксаміт зьбіраецца распавеcьці ў друку пра дзеяньні міліцыянтаў, якія ён лічыць незаконнымі, ды зьвярнуцца са скаргай у пракуратуру. Паводле яго, ўтрыманьне ў мясцовай турме небясьпечнае для здароўя.

(Аксаміт: ) “Камэра так мэтраў 6 на 6, мокрыя сьцены. Там няма нават шкла – ліст мэталю з прасьвідраванымі дзіркамі, а ўнізе ад цёплай трубы падымаецца цёплае паветра і такі кандэнсат па сьценах плыве! Каб пасядзеў там месяц, дык выйшаў бы з сухотамі”.

Ваўкавыскія міліцыянты на гэта кажуць, што ўмовы ў мясцовай вязьніцы адпавядаюць закону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG