Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Казахстан да гэтага часу ня могуць разьлічыцца


Уладзімер Глод, Менск Рабочы візыт кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан ня зьняў праблем, якія існуюць паміж дзьвюма краінамі ўжо больш за 10 гадоў. Да гэтага часу бакі ня могуць знайсьці паразуменьня й пагадзіцца, хто, каму й колькі вінен. Вытокі гэтай гісторыі трэба шукаць на пачатку 1990-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Напачатку 1990-х гадоў, калі беларускі ўрад узначальваў яшчэ Вячаслаў Кебіч, зь Беларусі ў Казахстан паехала вялікая група камбайнэраў і кіроўцаў цяжкавагавых аўтамабіляў. Паехала, як тады казалі, на цаліну, каб дапамагчы сабраць ураджай зерня. Гаспадары палеткаў абяцалі разьлічыцца за працу зернем.

Аднак разьлікі да гэтага часу не завершаныя. Справа ў тым, што тая фірма, зь якой дамаўляліся беларусы, збанкрутавала. Узьнікла праблема, хто й як будзе разьлічвацца. Учора, калі ў Менску з нагоды нацыянальнага сьвята – Дня Незалежнасьці Казахстану – праходзіла прэсавая канфэрэнцыя, я спытаў амбасадара Казахстана Газіза Алдамжарава, ці скончылася ўжо гэтая цяганіна. Прапаную паслухаць ягоны адказ:

(Алдамжараў: ) “Гэтае пытаньне яшчэ не закрытае. Мы ўнесьлі беларускаму боку прапанову – за той час, які ў нас працавалі беларускія камбайнэры й кіроўцы цяжкавагавых аўтамабіляў, мы можам разьлічыцца зернем. Мы гатовыя аплаціць 50% паслуг. Што тычыцца міжбанкаўскіх адносінаў, то тут сытуацыя больш цяжкая. На пачатку гэтага году мы прапаноўвалі нават падключыць да перамоваў трэці бок у якасьці трацейскага судзьдзі. Справа ў тым, што калі Казахстан пераходзіў на сваю ўласную валюту, а Беларусь – на сваю, улічваліся розныя курсы іх адносна даляра. Таму ў Казахстане сёньня лічаць, што беларускі бок вінны нам дзесьці 40 мільёнаў даляраў, а ў Беларусі лічаць, наадварот, што мы вінныя тыя ж 40 мільёнаў. Але тут, як нам падаецца, пара ўжо прымаць палітычнае рашэньне прэзыдэнтаў і прыйсьці да нулявога варыянту. Чаму? Таму, што мы лічым – гэтае пытаньне пэрспэктываў больш ня мае”.

Я праглядаў справаздачы некалькіх інфармацыйных агенцтваў аб перамовах у Астане і зьвярнуў увагу на тое, што падчас сустрэчы двух кіраўнікоў вялася размова аб удзеле Казахстану ў мадэрнізацыі беларускіх нафтавых прадпрыемстваў. Такія перамовы сапраўды вяліся, паколькі беларускі бок зацікаўлены ў такой мадэрнізацыі.

Але я хачу сказаць пра тое, што пакуль ня бачна на стужках агенцтваў. Казахстан хацеў бы атрымаць, так бы мовіць, у якасьці кампэнсацыі значную дапамогу беларускіх будаўнікоў у пракладцы новых дарог на тэрыторыі Казахстану. Прычым казахскі бок сьцьвярджае: ён гатовы аплачваць працу беларускіх майстроў ня горш, чым, напрыклад, гэта робіць Нямеччына.

Зразумела, што Беларусь ня можа выплачваць казахскім майстрам такія ж сумы. І гэта, наколькі я разумею, можа стаць значанай перашкодай у кантактах. І тут узьнікае пытаньне: чаму казахі могуць дазволіць прыстойныя заробкі, а беларусы – не? Мне падаецца, што адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці ў словах амбасадара Алдамжарава:

(Алдамжараў: ) “Практычна ўсе элемэнты рынкавай эканомікі, якія ёсьць у Эўропе, існуюць цяпер і ў Казахстане. Прыватная ўласнасьць на зямлю ў нас ужо існуе. У нафтавай гаспадарцы доля дзяржавы вельмі маленькая. Нават чыгунка, акрамя непасрэдна рэйкаў, у наступным годзе стане прыватнай. Электрычныя сеткі прададзеныя, водазабесьпячэньне й каналізацыя ў шмат якіх гарадах прададзеныя. У Казахстане цяпер практычна ўсё знаходзіцца ў прыватнай уласнасьці. Я кажу, што інстытуты рынкавай эканомікі ў нас працуюць дастаткова эфэктыўна. Гэта прызнае ўвесь сьвет. І таму сёньня рэйтынг Казахстану ва ўсіх галінах вельмі высокі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG