Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіславу Шушкевічу – 70 гадоў


Алесь Дашчынскі, Менск 15 сьнежня вядомаму беларускаму палітыку й дзяржаўнаму дзеячу, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіславу Шушкевічу спаўняецца 70 гадоў.

Напярэдадні юбілею знайсьці спадара Шушкевіча ў Менску не ўдалося. Ягонае месцазнаходжаньне трымае ў сакрэце цешча, Галіна Мацьвееўна, якая ў час ад’езду гаспадароў у іх – дамаўнічая, а жыве яна па суседзтву. Дома яшчэ застаўся сын Станіслава Станіслававіча, як яго назвала спадарыня Галіна, Станіслаў Трэці, ён вучыцца на эканамічным факультэце.

Паводле нашых крыніцаў, спадар Шушкевіч разам са сваёй жонкай Ірынай на запрашэньне амэрыканскага боку знаходзіцца ў ЗША і,магчыма, у яго адбыліся сустрэчы з уплывовымі палітыкамі. Станіслаў Шушкевіч добра валодае ангельскай мовай, чытае лекцыі за мяжой; жонка Ірына, фізык, працуе ў Акадэміі навук.

Цешча спадара Шушкевіча Галіна Мацьвееўна падрыхтавала свой падарунак зяцю.

(Спадарыня Галіна: ) “Я яму й камізэлькі вязала, швэдры вязала, гэта было ўжо колькі гадоў, і за ўсе гады многа было, апошні раз я яму прыгожую цёплую камізэльку зьвязала, але гэта было ў мінулым годзе”.

Спадарыня Галіна кажа, што зь зяцем у яе самыя добрыя стасункі і яна, у мінулым настаўніца ангельскай мовы й актывістка кампартыі, а цяпер кіраўніца суполкі партыі БСДГ, ухваляе палітычную дзейнасьць спадара Шушкевіча.

(Спадарыня Галіна: ) “Як чалавек ён цудоўны – праўда, ён халерык, гарачы, але ён хутка адыходзіць, і наогул, разумны мужык. Любіць справядлівасьць, вельмі сьціплы, вельмі такі добрапарадачны чалавек, а мне больш нічога ня трэба”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы лічыце, ці зьмяняўся Станіслаў Станіслававіч, калі ён быў старшынём Вярхоўнага Савета?”

(Спадарыня Галіна: ) “Па-мойму, ніколькі не зьмяніўся. Ён наогул вельмі справядлівы чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “А вось той момант, калі яго пазбавілі пасады старшыні Вярхоўнага Савета – ён відаць моцна перажываў ці не?”

(Спадарыня Галіна: ) “Канешне, было непрыемна. За што ён там пацярпеў, я, наогул, ня ведаю. Я ніколі не нагадваю, не пытаюся, не закранаю я гэтыя справы, стараюся, ва ўсякім разе”.

Гэта даволі трагікамічная гісторыя, калі Станіслава Шушкевіча зьнялі з пасады старшыні Вярхоўнага Савета за скрынку цьвікоў для лецішча, якую расшукаў тагачасны антыкарупцыянэр дэпутат Аляксандар Лукашэнка. Што ж цяпер з тым лецішчам?

Рэдактар газэты “Комсомольская правда в Беларуси” Юлія Слуцкая згадвае, як яна прывезла на лецішча да Станіслава Шушкевіча маскоўскага карэспандэнта, і той быў моцна ўражаны, што ўбачыў звычайную пабудову, а не шыкоўны палац.

(Слуцкая: ) “Практычна ўсё зроблена сваімі рукамі, будаўніцтва лецішча дагэтуль ня скончана. Такі вось нармальны, я б сказала, савецкі інтэр’ер. Нічога такога сучаснага, дызайнэрскага, куды б укладаліся нейкія грошы, чаго можна было чакаць ад былога кіраўніка краіны, канешне, няма”.

Станіслаў Шушкевіч, якому сёньня спаўняецца 70 гадоў, увойдзе ў гісторыю як адзін з ліквідатараў СССР. Пэнсійны час – час разьездаў. Верагодна, Станіслаў Шушкевіч прывязе інтэлігенцкі напой – віскі, які яму даспадобы, і адзначыць свой юбілей.
XS
SM
MD
LG