Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадок: Дырэктара сярэдняй школы судзяць за бойку з чыноўнікам


Браніслава Станкевіч, Віцебская вобласьць Дырэктара сярэдняй школы, вядомага сваімі апазыцыйнымі поглядамі, судзяць за бойку з загадчыкам раённага аддзелу адукацыі. Разгляд гэтай судовай справы распачаўся сёньня ў райцэнтры Гарадок Віцебскай вобласьці.

Паводле заявы кіраўніка Гарадоцкага раённага аддзелу адукацыі Аляксандра Мурашкевіча, дырэктар Леанід Гаравой замінаў праводзіць праверку ў Вархоўскай сярэдняй школе і спрабаваў распачаць бойку, імкнучыся выхапіць зь ягоных рук важныя дакумэнты.

Як засьведчыў сёньня спадар Гаравой, дарэчы, сябра БСДГ і адзіны апазыцыйны дэпутат Гарадоцкага райсавету, кіраўнік аддзелу адукацыі ў ягонай прысутнасьці абразіў школьную прыбіральшчыцу і запатрабаваў ад яе пісьмовых тлумачэньняў, якія яна мела права не даваць.

Гэты дакумэнт, напісаны прыбіральшчыцай Тамарай Івашкай, і стаўся, паводле словаў Леаніда Гаравога, галоўнай прычынай канфлікту.

(Гаравы: ) “Загадчык хацеў атрымаць ад прыбіральшчыцы тлумачэньне адносна разьмеркаваньня ейнага працоўнага часу. Я ўбачыў, што ёй цяжка пісаць – што яна ўся чырвоная, цяжка дыхае. І я сказаў, што яна мае поўнае права не даваць ніякіх тлумачэньняў, бо цяпер яна не на працы, ейная зьмена пачыналася а 14-й гадзіне, а было каля поўдня. Паглядзеўшы, што ёй робіцца ўсё горш, я падышоў да яе. Тут спадар Мурашкевіч падскочыў, ударыў мяне па руцэ. Я інстынктыўна павярнуўся да яго, і ўсе супрацоўнікі закрычалі “Што вы робіце!”

Прыбіральшчыца спадарыня Івашка ад камэнтароў адмовілася. Толькі зазначыла, што яе найбольш абразілі словы кіраўніка аддзелу адукацыі пра тое, што ён гатовы яе звольніць, і пасьля гэтага ў яе ня будзе шанцу нават уладкавацца на фэрму даяркай. Пасьля гэтага ёй зрабілася дрэнна, і выкліканыя дактары дыягнаставалі ў яе гіпэртанічны крыз.

Праз колькі дзён такі самы дыягназ быў пастаўлены і Леаніду Гаравому. У ягоным выпадку, як ён кажа, гэта не вялікае дзіва, бо за тры месяцы з тае пары, як ён быў зарэгістраваны кандыдатам ў дэпутаты Парлямэнту, у ягонай школе пабывала 5 пазаплянавых праверак у выніку якіх ён атрымаў 3 службовыя спагнаньні ад кіраўніка аддзелу адукацыі.

Сам Аляксандар Мурашкевіч на сёньняшняе судовае пасяджэньне не зьявіўся, і разгляд справы супраць дырэктара– апазыцыянэра судзьдзя Натальля Карабліна перанесла на заўтра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG