Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску распачаўся зьезд Беларускага саюзу мастакоў


Галіна Абакунчык, Менск У Менску распачаўся васямнаццаты справаздачна-выбарчы зьезд Беларускага саюзу мастакоў. Паводле статуту арганізацыі, ён праходзіць раз на тры гады. Кіраўнік саюзу, мастак Уладзімер Басалыга падчас справаздачы падкрэсьліў, што галоўнай задачай сёлетняга зьезду мусіць стаць вырашэньне матэрыяльных і маёмасных праблемаў творчага аб’яднаньня. Але ў кулюарах кажуць, што галоўнай інтрыгаю будуць выбары самога старшыні Саюзу мастакоў.

“Нашая маёмасьць — той карабель, які яшчэ плыве”, — гэтымі словамі Ўладзімер Басалыга абазначыў галоўную праблему сябраў творчага саюзу. Паводле яго, толькі прыбыткі ад здачы ў арэнду памяшканьняў Палацу мастацтваў і іншых будынкаў саюзу дазваляюць кампэнсаваць высокія выдаткі, зьвязаныя з арэндай творчых майстэрняў, выстаўных заляў і іншымі патрэбамі. Гэткае становічша выклікаў адпаведны ўказ прэзыдэнта, якім творчая дзейнасьць была прыроўненая да камэрцыйнай. Таму спадар Басалыга прапанаваў зьезду зьвярнуцца да вышэйшага кіраўніцтва краіны з прапановай абмяняць паўтары тысячы карцін, якія ёсьць маёмасьцю саюзу, на права валодаць творчымі майстэрнямі. Аднак, на саступкі ўладаў многія не спадзяюцца. Гаворыць мастак Арлен Кашкурэвіч:

(Кашкурэвіч: ) “Ніякіх няма спадзяваньняў: я ня бачу, што нешта можа зьмяніцца. Ну, няма дапамогі ад дзяржавы. Вельмі цяжка плаціць за майстэрні, і я ведаю, што многія мастакі адмовяцца ад сваіх майстэрняў”.

Многія ўдзельнікі зьезду таксама мяркуюць, што найбольш вострым пытаньнем зьезду стануць выбары старшыні. Як вядома, падчас папярэдняга зьезду Ўладзімера Басалыгу выбралі насуперак жаданьню ўладаў. Акрамя таго, днямі кіраўнік краіны заявіў пра неабходнасьць большага кантролю за творчымі саюзамі. І гэтая ўвага сталася відавочнай праз узмоцненую ахову залі, дзе праходзіць зьезд, а таксама ў складзе ўдзельнікаў, сярод якіх былі высокія чыноўнікі з адміністрацыі прэзыдэнта, Міністэрства культуры й гарадзкіх уладаў. Але некаторыя творцы таксама лічаць, што цяперашняе становішча творчых саюзаў мала залежыць ад таго, хто іх узначальвае. Гаворыць мастак Рыгор Сітніца:

(Сітніца: ) “Новае кіраўніцца сустрэнецца з тымі ж цяжкасьцямі, бо мы ведаем стаўленьне дзяржавы да творцы. На вялікі жаль, мы доўга, а можа й вечна будзем заставацца маральнай апазыцыяй любым уладам і асабліва таму рэжыму, які у краіне ёсьць цяпер”.

Выбары старшыні саюзу адбудуцца 15 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG