Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваны генэральны дырэктар аб’яднаньня “Нафтан” Канстанцін Часнавіцкі


Алег Грузьдзіловіч, Менск КГБ Беларусі арыштаваў і ўжо прад’явіў абвінавачаньне генэральнаму дырэктару наваполацкага аб’яднаньня “Нафтан” Кантанціну Часнавіцкаму. Разам з Часнавіцкім у ізалятары КГБ “амэрыканка” ўтрымліваюць таксама двух ягоных падначаленых.

Арышт Канстанціна Часнавіцкага пацьвердзілі ў КГБ Беларусі. Паводле прэсавага сакратара КГБ Аляксандра Базанава, генэральнага дырэктара “Нафтану” абвінавачваюць у крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці ў буйных памерах праз службовыя злоўжываньні. У КГБ кажуць, што накрадзеныя мільёны.

(Базанаў: ) “Сумы пакуль фігуруюць неафіцыйна, але іх можна ўявіць, калі прааналізаваць памеры коштаў і кантрактаў у нафтаперапрацоўчай галіне. Гэта ж самы буйны нафтаперапрацоўчы завод краіны. Мяркую, гаворка ідзе пра мільёны ў валюце”.

Паводле КГБ, разам з Часнавіцкім быў арыштаваны таксама выканаўца абавязкаў камэрцыйнага дырэктара “Нафтану” Мартынаў. Абодвух зьмясьцілі ў ізалятар КГБ “амэрыканка”, дзе з кастрычніка ўжо знаходзіўся былы камэрцыйны дырэктар прадпрыемства Бандарчук. Ужо праз два дні пасьля затрыманьня Часнавіцкаму й Мартынаву прад’явілі абвінавачаньне. Паводле супрацоўніка КГБ Базанава, гэта сьведчыць пра “моцную даказальную базу” іх віны. Аляксандар Базанаў не выключыў, што справа кіраўнікоў “Нафтану” хутка патрапіць у суд.

У якіх дакладна незаконных дзеяньнях абвінавачваюць Канстанціна Часнавіцкага? Паводле зьвестак зь неафіцыйных крыніцаў, гаворка ідзе пра продаж зацікаўленым фірмам нафтапрадуктаў па заніжаных коштах за пэўнае незаконнае ўзнагароджаньне. Згадваецца, што ў справе былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта Галіны Жураўковай фігуруюць кантракты з аб’яднаньнем “Нафтан”, дзе такім прывілеяваным пакупніком зьяўлялася прадпрыемства кіраўніцтва справаў “Белая Русь”. Дарэчы, прэсавы сакратар КГБ Аляксандар Базанаў ня выключыў сувязі паміж гэтымі справамі. Ён прызнаў, што іх расьсьледавала адно ўпраўленьне эканамічных злачынстваў.

Канстанцін Часнавіцкі больш за дезсяць гадоў працаваў генэральным дырэктарам “Нафтану”, дзе пачынаў рабочым. Як паставіліся ў Наваполацку да ягонага арышту? Рэдактар мясцовай газэты “Хімік” Лявонці Неўдах распавёў:

(Неўдах: ) “Разумны чалавек, выдатны кіраўнік, звышадмыслоўца ў нафтаперапрацоўцы. Усе зьдзіўленыя ў горадзе. Але, калі гэта так, значыць, ня вытрымаў спакусы вялікімі грашыма”.

Паводле зьвестак, два гады таму Канстанціна Часнавіцкага ўжо затрымлівалі, але потым вызвалілі й зьнялі зь яго ўсе абвінавачаньні. Пасьля затрыманьня ён нібыта часова зьехаў у Маскву, дзе меў шмат уплывовых сяброў, але потым вярнуўся у Наваполацак і працягваў працу на “Нафтане” да затрыманьня 8 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG