Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эратычныя танцы ў стрыптыз-клюбах “ставяць” дзяржаўныя экспэрты


Ігар Карней, Менск Наколькі шырокае поле дзейнасьці ў сябраў Рэспубліканскай экспэртнай камісіі ў папярэджаньні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці? У якіх яшчэ сфэрах, апрача кінэматаграфіі, патрэбны яе дазвол?

Адразу зазначу, што з кожным годам сфэра такіх стратэгічных інтарэсаў выключна пашыраецца. Прыкладам, для мяне было адкрыцьцём, што сябры Рэспубліканскай экспэртнай камісіі экзамэнуюць нават танцоўшчыцаў стрыптыз-шоў.

Паводле лічбаў, да якіх апэлюе гэтая арганізацыя, цягам гэтага году было выдадзена паўтара дзесятку заключэньняў на эратычныя танцавальныя нумары і шоў-праграмы. Ва ўсіх выпадках рэкамэндавана зьменшыць адсотак аголенасьці целаў і крыху прытушыць эратычную палкасьць. У сталічным клюбе “Лагуна”, дзе стрыптыз у літаральным сэнсе – “цьвік” кожнай начы, да патрабаваньняў экспэртаў, падобна, ужо прызвычаіліся.

(Адміністратар клюбу: )“Мы гэта вымушаныя рабіць кожны год: сябры камісіі праглядаюць танцавальныя нумары й даюць заключэньні. Можа, ад новага году штосьці і зьменіцца, але пакуль што экспэртная адзнака выстаўляецца на год”.

(Карэспандэнт: )“І як гэта выглядае? Прыходзяць людзі з сур’ёзнымі тварамі і просяць, каб для іх распранулася стрыптызэрка?”

(Адміністар: ) “Так-так. Ёсьць праграма, паводле якой мы працуем. Раней на гэтую дзейнасьць трэба было атрымаць ліцэнзію. Потым гэтае патрабаваньне скасавалі, але засталося абавязковым заключэньне экспэртнай камісіі”.

Калі ўхваленьне нумару ў стрыптыз-шоў на ўзроўні экспэртнай камісіі збольшага сапраўды выглядае экзотыкай, то сьпісы не рэкамэндаваных музычных гуртоў існуюць яшчэ ад савецкіх часоў. Сьпісы гэтыя цяпер не такія вялікія, як колісь, але яны насамрэч ёсьць. Перадусім, у іх трапляюць расейскія панк-гурты, якія не цураюцца ненарматыўнай лексікі, а таксама каманды, якія, на думку дзяржаўных экспэртаў, прапагандуюць жорсткасьць, расізм, нацызм і г.д.

Усяго за 9 месяцаў 2004 году на “сумнеўныя” аўдыёкасэты і кампакт-дыскі выдадзена болей за паўсотні заключэньняў. Вось што дадае з гэтай нагоды гандляр адной з аўдыёкрамаў Глеб Чурыла:

(Чурыла: ) “Яны проста бяруць нейкі гурт, глядзяць, вывучаюць тэксты песень. На кампакт-дысках і касэтах пасьля такіх экспэртызаў у нас цалкам забаронены дзеля продажу расейскі гурт “Ленинград”, нямецкі “Рамштайн” ды яшчэ шэраг камандаў. Паводле якіх канкрэтна крытэрыяў забаранялі – дакладна ня ведаю. А на СD-ROMах таксама забароненыя шмат якія кампутарныя гульні”.

Мой суразмоўца ўскосна ўзгадаў яшчэ адну сфэру інтарэсаў экспэртнай камісіі ў справе папярэджаньня прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці – ацэнка працы кампутарных клюбаў: перадусім, у частцы кампутарных гульняў і падарожжа ў сеціве. Праграмны адміністратар менскага клюбу Вадзім Баркоўскі скардзіцца: часта папросту незразумела, што правяраюць кантралёры, і іхныя рэкамэндацыі ад гэтага падаюцца яшчэ больш дзіўнымі.

(Баркоўскі: )“Яны ад кампутарных клюбаў досыць далёкія. Яны слаба ўяўляюць, што гэта такое, і адно іхнае жаданьне – ад гэтых праблемаў дыстанцыявацца ці перакласьці іх на тых, хто там працуе. Маўляў, калі ствараеце нам праблемы, то за гэта й адказвайце, а мы прыдумалі палажэньне, паводле якога вам усё будзе забаронена. Зноў жа, так гэтым чыноўнікам прасьцей жыць. Я бачу гэта такім чынам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG