Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам году ўлады трох раёнаў незаконна спагналі са сваіх жыхароў больш мільёна даляраў


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

“Витебский курьер” піша пра тое, як у мінулыя выходныя ў паляўнічай гаспадарцы “Паазер’е” адстралялі ажно восем ваўкоў. Ваўчыныя сьляды паляўнічыя заўважылі даўно, бо побач жыў воўк-адзінец, зрэдку заходзілі іншыя драпежнікі. Але калі выпаў сьнег, паляўнічыя налічылі, што на тэрыторыі “Паазер’я” гаспадарыць зграя ў дзесятак шэрых. Вынік у восем драпежнікаў з аднаго акладу, гаворачы па-паляўнічы, цягне на рэкорд сэзону ня толькі вобласьці, але й, бадай, краіны.

“Витебский курьер” распавядае яшчэ адну жудасную гісторыю пра тое, як маці запакавала сваю маленькую дачку ў сумку, а сумку павесіла на дрэве ў лесе. Дзяўчынка ледзь не замерзла. Выратавала яе тое, што выпадкова побач спынілася маршрутка Лепель-Віцебск, і адна з пасажырак, якая выйшла з-за патрэбы, пачула плач. Дзіця выратавалі, абагрэлі, напаілі гарачай гарбатай. А празь некалькі кілямэтраў нейкая жанчына галасавала на дарозе, маршрутка спынілася, дзяўчынка пазнала маці. Да суду Лінча, праўда, не дайшло, але гора-маці пасажыры здалі ў міліцыю.

“Белорусская деловая газета” піша пра тое, як цягам году мясцовыя ўлады трох раёнаў – Пастаўскага, Пухавіцкага і Верхнядзьвінскага – бескантрольна спаганялі даніну са сваіх жыхароў. Мэтавы збор з грамадзянаў “на ўтрыманьне й разьвіцьцё інфраструктуры” маглі ўводзіць толькі абласныя Саветы й горад Менск. Паводле папярэдніх разьлікаў, гэта “памылка” абышлася правінцыйным жыхарам больш чым у мільён даляраў. Канстытуцыйны Суд прызнаў дзеяньні трох райсаветаў незаконнымі, аднак вяртаць грошы людзям ніхто не зьбіраецца.

“Вэртыкаль дабудоўваецца зьверху”: у краіне будзе створаная апэратыўна-сьледчая інспэкцыя, задача якой – кантраляваць сытуацыю ва ўсіх структурах і на ўсіх роўнях дзяржаўнай улады, а паўнамоцтвы – самыя шырокія. Гэты спэцыялізаваны орган, паводле задумкі Аляксандра Лукашэнкі, будзе супрацьдзейнічаць карупцыі, паведамляе “БДГ”.

Пажарныя выратавалі дыямэнтавую карону “Міс Беларусь”. У выходныя ў Менску гарэў гмах на вуліцы Мельнікайтэ, 2, дзе разьмешчаныя салёны элітнага адзеньня, шыкоўнай мэблі, ювэлірных вырабаў, Нацыянальная школа прыгажосьці. Пажару была прысвоеная катэгорыя павышанай складанасьці – у тушэньні агню бралі ўдзел 25 баявых разьлікаў Міністэрства па надзвычайных сытуацыях. Дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосьці Вольга Сярожнікава намалявала пажарным плян памяшканьня, дзе знаходзілася карона, але пакой быў вельмі задымлены. Зь вялікай рызыкай для жыцьця пажарныя выратавалі нацыянальны скарб – распавядае “Комсомольская правда в Белоруссии”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG