Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт будзе прызначаць акадэмічных прафэсараў


Алесь Дашчынскі, Менск У Беларусі ўводзіцца вышэйшая ступень званьня прафэсара, якую будзе прысвойваць асабіста прэзыдэнт Лукашэнка. У бліжэйшай пэрспэктыве прыкладна 250 прафэсараў стануць “акадэмічнымі”. Такое “ноў-хаў” у справе прысваеньня вучоных ступеняў і званьняў аналітыкі тлумачаць спробай кіраўніка краіны прыкарміць навукоўцаў, каб самому застацца на трэці тэрмін.

У Беларусі налічваецца каля 1300 прафэсараў. Паводле кіраўніка краіны, з гэтай колькасьці павінны быць вылучаныя лідэры, якія б актыўна рухалі навуку наперад, зьядноўвалі навуковыя калектывы і былі “апорнымі кропкамі” ў кожным унівэрсытэце. Для такіх асобаў і мяркуецца ўвесьці больш высокае прафэсарскае званьне.

Прысуджэньнем вучоных званьняў і ступеняў у Беларусі займаецца Вышэйшая атэстацыйная камісія. Але ў справе прысваеньня “акадэмічнага прафэсара” апошняй інстанцыяй будзе кіраўнік краіны.

Вядома, што ў Акадэміі навук можна абрацца ў член-карэспандэнты ці акадэмікі. Трапляюць сюды, хаця і вельмі рэдка, навукоўцы з вышэйшых навучальных устаноў. Ступень акадэмічнага прафэсара будзе аналягам член-карэспандэнта ці акадэміка.

Паводле першага намесьніка старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, члена-карэспандэнта Акадэміі навук Анатоля Афанасьева, ва ўсіх вышэйшых навучальных установах будуць выдзеленыя квоты на акадэмічнага прафэсара. Усяго ж іх павінна атрымацца прыкладна 250. Перад тым, як прапаноўваць чалавека на гэтую ступень, спэцыяльная камісія паслухае зьмест лекцый і праверыць праграмы спэцкурсаў. Акадэмічныя прафэсары атрымаюць больш высокі заробак, бо так званая стыпэндыя, якая будзе ім прызначацца прэзыдэнтам краіны, будзе адпавядаць стыпэндыі акадэміка.

(Афанасьеў: ) “Вось гэты прафэсар акадэмічны, гэтае званьне будзе прысвойвацца прафэсарам, якія непасрэдна займаюцца чытаньнем лекцый для студэнтаў, гэта загадчык катэдры ці прафэсар катэдры. Іх званьне іграе яшчэ і такую ролю – гэта выбітныя прафэсары, якія працуюць з моладзьдзю, выхоўваюць моладзь сваімі ведамі. Вось яны павінны працаваць менавіта са студэнцкай масай. Вось гэта катэгорыя прафэсараў павінна быць выдзеленая”.

Яшчэ прэзыдэнт Лукашэнка будзе даваць дазволы дзяржаўным служачым і кіраўнікам органаў кіраваньня на падрыхтоўку дысэртацыяў. Сваім удзелам у справе прысваеньня вучоных ступеняў і званьняў прэзыдэнт Лукашэнка дамагаецца для сябе трэцяга тэрміну, тлумачыць доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш:

(Оргіш: ) “Інтэлігенцыя заўсёды выбівалася з агульнага строю падпарадкаваньня, нават у беларускім грамадзтве гэта была яго частка, якая ня надта дагаджала, і тым болей не падтрымлівала Лукашэнку. Ён гэта разумее добра і шукае сродкі, каб гэтае кола інтэлігенцкае, навукоўцы, былі больш лаяльныя да яго і яго палітычнага курса. Ведаеце, ёсьць такое паняцьце “прыкарміць”.

Малаверагодна аднак, што ўдасца справіцца з праблемай “уцечкі мазгоў”. Гэта прызнае і першы намесьнік старшыні ВАК Анатоль Афанасьеў:

(Афанасьеў: ) “Я ўсё жыцьцё адпрацаваў у інстытуце фізыкі Акадэміі навук, з якога выехала прыкладна ўсё сярэдняе зьвяно, кандыдаты навук ад 30 да 40 гадоў, дактары маладыя, яны ўсе выехалі на Захад, але чаму? У нас адстае тэхналёгія, няма грошай на набыцьцё сучаснага абсталяваньня, заробкі маленькія, сацыяльныя праблемы, таму людзі і зьяжджаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG