Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікі спорт і месца ў ім беларусаў - вынікі 2004 году


Ігар Карней, Менск Якім выдаўся 2004 год для беларускага спорту? Гэтаму прысьвечаная новая перадача з сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Гасьцямі менскай студыі – Алімпійскі чэмпіён Уладзімер Камінскі і тэлекамэнтатар Павал Баранаў.

(Карней: ) “2004 год стаўся годам алімпійскім, што дае права канстатаваць: гэта і ёсьць галоўная спартовая падзея году. Да пачатку й пасьля Алімпійскіх гульняў у Грэцыі было зроблена шмат, адпаведна, прагнозаў і высноваў. Але, падобна, спэцыялісты так і не сышліся ў меркаваньні: годна выступілі беларускія алімпійцы ў Афінах ці, мякка кажучы, пасрэдна? Прынамсі, ад заплянаваных кіраўніцтвам НАК 25 мэдалёў беларусы спыніліся далёка. Адпаведна, і пытаньне маім суразмоўцам: сёлетняя Алімпіяда ў актыве беларускіх спартоўцаў – ці можа варта пасыпаць галаву попелам? Павал Баранаў, Вы назіралі за Алімпіядай непасрэдна ў Афінах: якую адзнаку ставіце беларускім спартоўцам?”

(Баранаў: ) “Увогуле, плян на мэдалі – гэта рэч ірацыянальная. Гэта спорт. І міністар Сівакоў на сходах алімпійскай каманды быў такі напружаны, бо ён хоць быў і міністрам унутраных справаў, але зараз ад яго патрабуюць тое, што ён зрабіць ня можа. Ну, ня можа ён загадаць: прынясіце мне мэдалі! Калі сыходзіць з таго – выканалі мы мэдалёвы плян ці не – тады вынік адмоўны. Але ў агульным малюнку выступленьні нашых алімпійцаў у Афінах можна лічыць нармалёвым. Дый узгадаем адзін той факт, што спартоўцы ў розных дысцыплінах занялі 9 чацьвёртых месцаў. А каб крыху пашанцавала!..”

(Карней: ) “Спадар Камінскі, а наколькі пасьпяховым падаецца Вам выступ беларускіх алімпійцаў?”

(Камінскі: ) “Вынік нармалёвы ў сэнсе той дынамікі, як выступаюць беларусы цягам трох Алімпіядаў самастойнай камандай. У Атлянце было 15 мэдалёў, у Сыднэі – 17, цяпер у Афінах зноў 15. Нягледзячы ні на што – хто там спатыкнуўся, ці камусьці не заплянавалі мэдаль, а ён яе зрабіў – як было з Карольчык у Сыднэі, як зь Несьцярэнкай у Афінах. Калі, прыкладам, паглядзець на той плян, цяжка меркаваць было, што Мірны атрымае нейкую ўзнагароду ў тэнісе. У вэляспорце міністэрства спорту нам заплянавала адзін мэдаль, а мы на фэдэрацыі Цылінскай “замовілі” дзьве. Але атрымалася толькі бронза. А наконт чацьвёртых месцаў у мяне іншае меркаваньне. На Алімпійскіх гульнях усе спартоўцы паказваюць максымальныя вынікі, таму ў Пэкіне ў нас можа быць дваццаць чацьвёртых месцаў”.

(Карней: ) “Да алімпійскай тэматыкі мы абавязкова вернемся, а зараз кінем позірк у недалёкае мінулае. Што яшчэ запомнілася вам з тых падзеяў, якія адбыліся ў спорце з удзелам беларусаў? Якраз узгадалі пра Мірнага, вялікі тэніс…”

(Баранаў: ) “У мяне як да вялікага, так і да малога тэнісу асаблівае стаўленьне. Тэніс у нашай краіне – гэта палітычна-сацыяльны від спорту. Я прысутнічаў на розыгрышах Кубку Дэвіса, і там шмат было людзей, якія ўвогуле ня маюць ніякага дачыненьня ня тое што да вялікага тэнісу, а да спорту ўвогуле. Натуральна, тыя перамогі мне, як патрыёту сваёй краіны, былі вельмі прыемныя. Але, здаецца, занадта шмат шуму. Дайшло нават да таго, што вось гэтымі перамогамі на папярэдніх стадыях кубку Дэвіса кіраўніцтва вялікага тэнісу прыкрывала недахопы тэнісістаў на алімпійскіх гульнях у Афінах. Таму я ня ставіў бы выступ мужчынскай зборнай Беларусі ў вялікім тэнісе на другое месца пасьля Алімпіяды. Мне здаецца, ня меней закранула сэрцы беларускіх заўзятараў выступленьне маладзёвай футбольнай каманды ў фінальнай частцы чэмпіянату Эўропы. Плюс – апошнія сустрэчы дарослай мужчынскай зборнай. Некалькі гэтых падзеяў я б паставіў у адзін шэраг”.

(Карней: ) “Спадар Камінскі, апроч перамогаў Цылінскай – што яшчэ Вы адзначылі б па выніках году?”

(Камінскі: ) “Увогуле, я згадзіўся б з Паўлам і дадаў, што для мяне, як вэлясыпэдыста – гэта вынікі маладзёвага чэмпіянату сьвету ў Вероне, Італія, дзе Канстанцін Сіўцоў з Буда-Кашалёва стаў чэмпіёнам сьвету. Гэта вельмі значная падзея. І гэты хлопец можа вырасьці й надалей”.

(Карней: ) “Чатырохразовы алімпійскі чэмпіён Віктар Сідзяк нядаўна абвясьціў пра стварэньне Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў з наступным ініцыяваньнем закону “Аб алімпійскім чэмпіёне”. Падставы традыцыйныя: пакуль чалавек на плыву, прыносіць дзяржаве вынікі й мэдалі, ён дзяржаве цікавы. А як сталее, губляе форму і сілы – аказваецца фактычна на вуліцы, без спэцыяльнасьці, бяз сродкаў да існаваньня. Спадар Камінскі, Вы, у прынцыпе, таксама ў рангу “алімпійскага чэмпіёну ў запасе”. Падобная ініцыятыва Сідзяка – апраўданая?”

(Камінскі: ) “Тое, што Вы сказалі – гэта праблема. Яна існуе даўно. Узяць таго ж Сідзяка. Ён скончыў выступаць, у яго было вайсковае званьне палкоўніка. Яму, у ягоныя гады, далёка за трыццаць, давялося пачынаць службу ва Ўкраіне на нейкіх складох. Мая спартовая кар’ера таксама скончылася ў 30 гадоў. Гэта сапраўды вельмі стрэсавы стан для многіх. Трэба сказаць, былі й трагічныя выпадкі: гэта і Караваеў, і Лазаковіч. Дый цяпер нярэдка ў базе дадзеных на алімпійскіх чэмпіёнаў у разьдзеле, дзе пазначаецца месца працы, стаіць запіс “часова не працуе”. У 25 ці 30 гадоў, залежна ад віду спорту, жыцьцё заканчваецца на Алімпе, у сьвеце сафітаў. І трэба пачынаць жыць наноў. А гэта вельмі цяжка…”

(Карней: ) “Некалькі апошніх гадоў адбываецца старэньне цэлых камандаў – такая тэндэнцыя і ў хакеі, і ў футболе, у асобных дысцыплінах лёгкай атлетыкі, біятлёне й г.д. Спартоўцы вечна маладымі заставацца ня могуць; задача дзяржавы, пра што мы ўжо гаварылі, забясьпечыць іх у пасьляспартовай кар’еры. А як быць са зьменай? Можа, як колісь рабілі ў біятлёне – запрашаць гатовых спартоўцаў і даваць ім грамадзянства, ці ставіць на замежных трэнераў – так нейкі час практыкавалася ў футболе і хакеі, ці прыстасаваць нарэшце дзеля гэтага ўласную спартовую базу? Спадар Баранаў?”

(Баранаў: ) “Спорт будучага – гэта генная інжынэрыя. Пакуль, у нашае жыцьцё – футурыстычна, можа, да 2050 году – мы можам яшчэ запрашаць кагосьці зь іншых краінаў, прапагандаваць фізычную культуру. Але для будучыні, калі мы сур’ёзна мяркуем ня толькі застацца на тым узроўні, на якім ёсьць зараз, а яшчэ і далей разьвівацца, патрэбна ўкладаць сродкі ў навуковыя мэдычныя лябараторыі. Мабыць, ужо ў хуткім часе ўсясьветны спорт падзеліцца на генных і “чыстых” спартоўцаў. І за ўсім гэтым будзе вялізная фінансавая падтрымка. Бо спорт – гэта велізарны бізнэс”.

(Карней: ) “Так, спорт гэта сапраўды вялізны бізнэс. А яшчэ адна ўсясьветная зьява – узаемасувязь спорту й палітыкі. Умоўна ўсё можна падзяліць на грошы й ідэалёгію. У Беларусі спорт цалкам на кантролі ў дзяржавы, таму фактар матэрыяльнага ўплыву звонку не актуальны. А вось ідэалягічнае супрацьстаяньне мае месца. Некалькі самых гучных прыкладаў: спроба вывесьці за рамкі Нацыянальнага алімпійскага камітэту трохразовага алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча. Другі скандал зьвязаны з Алімпіядай, больш канкрэтна – забаронай на ўезд у Афіны міністру спорту і турызму Юрыю Сівакову. Вашыя ацэнкі такіх надзвычайных падзеяў?”

(Камінскі: ) “Мы выказваліся з гэтай нагоды на Кансультатыўнай Радзе НАК: дзеяньні прадстаўніка Нацыянальнага сходу было парушэньнем алімпійскіх прынцыпаў у адносінах да Парфяновіча. І такі акрэсьліўся малюнак, што гэта ўсё надуманае. Ня ўсё праўда, у чым яго абвінавачвалі, і нават абсалютная большасьць – няпраўда. У выпадку зь міністрам спорту Сіваковым – гэта ўжо дзеяньні Заходняй Эўропы. Але так усё складвалася, што ён усё ж паедзе. Нават цікава было: прыедзе ён у аэрапорт Афінаў, і як яму адмовяць? У яго на руках быў алімпійскі пашпарт і подпіс прэзыдэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту. Калі гэтыя пляны памяняліся, дык я сам моцна зьдзівіўся”.

(Баранаў: ) “На вышыні той жа спартовай улады ёсьць і свае інтрыгі, і “свае” людзі. Натуральна, я веру майму сёньняшняму суразмоўцу і, адпаведна, спадару Парфяновічу: далёка ня ўсё, пра што гаварылі, было праўдай. Нашая павага засталася зь ім. За гэтымі інтрыгамі стаяць розныя задачы, розныя людзі, яны проста рознага маштабу. Вялікі спорт – гэта ледзьве ня трэцяя ўсясьветная вайна, бо гэта, перадусім – мэдалёвая гонка. А той факт, што наш міністар спорту не патрапіў у Афіны? Шчыра скажу: там, у Афінах, пра гэты факт ня тое, што ніхто ня ведаў, ён проста застаўся ў цені грандыёзнай барацьбы паміж Злучанымі Штатамі Амэрыкі й Кітаем. І тое, што эўрапейскія ўлады вуснамі ўладаў Грэцыі не дазволілі Сівакову прыехаць у краіну ў якасьці кіраўніка беларускай дэлегацыі – ну, дык гэта іхнае права…”

(Карней: ) “І каб зачыніць палітычную тэму – тое, што Аляксандар Лукашэнка адначасна прэзыдэнт краіны і Нацыянальнага алімпійскага камітэту – гэта ўсё ж больш палітыка?”

(Камінскі: ) “У 2001 годзе я напісаў зварот да Нацыянальнага алімпійскага камітэту, каб прэзыдэнта краіны не абіралі кіраўніком НАК. Я абгрунтоўваў гэта тым, што ў яго ня будзе часу займацца гэтым. Але ўсе сябры НАК выказаліся “за” абраньне Лукашэнкі; зачытала зварот алімпійская чэмпіёнка, як і цяпер Несьцярэнка. Справа ў тым, што сам прэзыдэнт хоча ўзначальваць алімпійскі камітэт, гэта яму падабаецца. І пра гэта трэба гаварыць у кантэксьце “каму штосьці дазволена, а каму – не”, як у той прымаўцы пра “кесара”.

(Баранаў: ) “Прэзыдэнт НАК у любой краіне – гэты высокая пасада. А калі сам кіраўнік дзяржавы – прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту і, як адзначыў спадар Камінскі, у нашым выпадку яму гэта падабаецца, трэба толькі разьлічваць, што ён падабраў адпаведных справе людзей, зь якіх можна будзе потым спытаць. Таму тут ёсьць і станоўчыя вынікі. Ёсьць, канечне, нейкія і адмоўныя моманты, але гэта ўжо больш такі палітычны бок”.

(Карней: ) “Пытаньне да спадара Баранава. Павал, яшчэ некалькі гадоў назад цяжка было ўявіць футбольны ці хакейны рэпартаж у выкананьні таго ж Уладзімера Навіцкага на іншай мове, апроч беларускай. Што здарылася, што бальшыня журналістаў адмовіліся ад вядзеньня рэпартажаў па-беларуску, і цяпер толькі Вы маеце ў гэтым сэнсе асабістую пазыцыю? Што ўвогуле сталася падставай да зьнікненьня з тэлеэкранаў беларускай мовы? Просьбы працоўных?”

(Баранаў: ) “Мне падабаецца камэнтаваць сур’ёзныя спартовыя падзеі па-беларуску. І калі б мне дазволілі, я б з задавальненьнем камэнтаваў на беларускай мове і з алімпійскіх заляў і пляцовак Афінаў. На жаль, усё ня так проста. Апошні выпадак – паспрабаваў я, запытаў у начальства дазволу на тое, каб камэнтаваць па-беларуску сустрэчу Лігі чэмпіёнаў. Мне адказалі: трэба прытрымлівацца фармату і камэнтаваць па-расейску. Чаму беларуская мова зьнікла з эфіру? Гэта было ў свой час, перакананы, памылковае рашэньне Ягора Рыбакова – узьняць рэйтынг каналаў за кошт пераводу інфармацыйных праграмаў на расейскую мову. І мне здаецца, што ўсе мае калегі сыходзяць з пазыцыі, што так прасьцей. Яны жывуць у расейскамоўным асяродку. А некаторыя і ўвогуле ня здолеюць камэнтаваць па-беларуску, гэта я дакладна ведаю.

І я заклікаю, карыстаючыся магчымасьцю выступу на Радыё Свабода, адгукнуцца мовазнаўцаў, лінгвістаў, каб яны дапамаглі ў гэтай справе. Давайце працаваць разам у адным кірунку, каб распрацоўваць беларускую спартовую лексыку. Вы ўзгадалі, што некалькі гадоў таму нашыя мэтры рабілі спартовыя рэпартажы па-беларуску. Але нават тую мову нельга было назваць чыстай, правільнай, па-сапраўднаму спартова-прыгожай. Мы распрацуем разам гэтую лексыку і будзем разьвіваць нашую беларускамоўную культуру хоць у такім накірунку”.
XS
SM
MD
LG