Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Беларусі не абнародуюць зьвестак пра стан здароўя кіраўніка дзяржавы альбо вынікаў ягоных мэдычных аглядаў, як гэта прынята ў заходніх краінах. Замест гэтага час ад часу беларускаму тэлегледачу прапануюць сюжэты,у якіх Аляксандар Лукашэнка гуляе ў хакей, катаецца на лыжаролерах альбо езьдзіць па сумётах на сьнегаходзе, зь якіх телегледачы самі мусяць рабіць высновы пра здароўе беларускага лідэра.

Між тым, паводле розных крыніцаў за больш чым дзесяць гадоў свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў меў праблемы са здароўем. Пра адзін з такіх выпадкаў згадаў Аляксандар Фядута, прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе.

(Фядута: ) “Першае глупства давялося зрабіць мне, калі замест таго, каб шчыра сказаць, што ў прэзыдэнта прыступ радыкуліту, мне загадалі сказаць, што ў яго зашчамленьне нэрвы, атрыманае на футболе”.

У 2001 годзе Аляксандар Лукашэнка раптоўна зьехаў у Аўстрыю. Паводле незалежных крыніцаў — каб прайсьці тэрміновае лячэньне ад хваробы страўніка.

Прэсавая служба прэзыдэнта абвергла гэтыя зьвесткі, паведаміўшы, што ён “знаходзіцца ў кароткатэрміновым адпачынку”. Між тым сам факт ад’езду Аляксандра Лукашэнкі быў прызнаны толькі празь некалькі дзён, калі ягоны самалёт убачылі на лётнішчы ў Аўстрыі.

З таго часу Аляксандар Лукашэнка кароткатэрмінова адпачываў таксама ў Славаччыне і ў расейскім Сочы.

Варта згадаць, што пры канцы 1990-х гадоў апазыцыя агалосіла зьвесткі, паводле якіх у Аляксандра Лукашэнкі нібыта назіраецца псыхічнае захворваньне. Гэтыя зьвесткі ніяк афіцыйна не камэнтаваліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG