Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юшчанку сапраўды атруцілі, гавораць аўстрыйскія дактары


ВЕНА. Доктар Міхаэль Зімпфэр, кіраўнік прыватнай венскай клінікі “Рудольфінэрхаўс” абвесьціў сёньня на прэс-канфэрэнцыі вынікі абсьледаваньня Віктара Юшчанкі.

(Зімпфэр:) “Пасьля нашых досьледаў, якія мы правялі за мінулыя суткі, а таксама розныя аналізы крыві, няма сумневу наконт таго, што хвароба спадара Юшчанкі была выклікана атручэньнем, прычына якога — дыяксін”.

Аднак дактары зазначаюць, што незразумела, ці было гэта зроблена наўмысна. Тым жа часам дырэктар венскай клінікі гаворыць, што існуе падазрэньне аб дачыненьні да атручэньня Юшчанкі дыяксінам “трэцяга боку”.

Лідэр украінскай апазыцыі Віктар Юшчанка захварэў у верасьні, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Хвароба зьнявечыла яму твар. Юшчанка абвінаваціў украінскія ўлады, што яны яго атруцілі. У пятніцу Юшчанка прыбыў у венскую клініку, каб абсьледавацца. Учора ён паўтарыў, што застаецца перакананым, што яго атруцілі.

(Юшчанка:) “Наконт майго здароўя я павінен сказаць вам, гэта ня толькі мая вера... што тое, што здарылася са мной, было актам рэпрэсій супраць палітычнага дзеяча, якія зьяўляецца лідэрам апазыцыі”.

Пазьней Віктар Юшчанка зьбіраецца ўдзельнічаць у паўторным галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах 26 сьнежня. Ягоным канкурэнтам застаецца прэм’ер-міністар Віктар Януковіч.
XS
SM
MD
LG