Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галавіч-Поле на Гарадзеншчыне


Віталь Сямашка, Галавіч-Поле (Шчучынскі раён) (эфір 9 сьнежня). Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Гэтая вандроўка завяршыла дасьледаваньне, якое я распачаў колькі месяцаў таму. І тычылася яно лёсу шляхецкага старабеларускага роду Іваноўскіх, вядомага з 16 стагодзьдзя, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім ён узьнік пад гербам “Рагаля”. Жыцьцё і дзейнасьць трох братоў, што нарадзіліся ў сям’і Леанарда ды Ядвігі Іваноўскіх, зьнітоўваюць Беларусь, Польшчу, Літву. Гераіня нашай перадачы, зь якой пазнаёмлю пазьней, так і сказала мне:

(Паўлоўская: ) “Пра братоў Іваноўскіх цэлую дысэртацыю можна напісаць”.

Юрась Іваноўскі стаў сэнатарам у Польшчы, дзеячом тамтэйшага Кола народнае асьветы — там яго звалі Ежы. Тадэвуш — прафэсарам унівэрсытэту ў Коўні, стваральнікам першага заалягічнага музэю. Для беларусаў жа найцікавейшы Вацлаў Іваноўскі — заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі, апрацоўшчык першага лемантару сучаснае беларускай мовы. Стваральнік выдавецтва “Загляне сонца і ў нашае ваконца”, што фактычна адкрыла Янку Купалу. І, нарэшце, бургамістар Менску, забіты партызанамі ў 1943-м.

Ва ўсіх энцыкляпэдыях указана, што сядзіба Іваноўскіх была ў Лябёдцы, што на Шчучыншчыне, куды я і зьезьдзіў, знайшоўшы назоў на карце. Але патрапіў, як той казаў, ня ў той бок. Мястэчкаў з такім назовам у раёне аказалася ажно восем. І нідзе ў іх не аказалася ніяіх згадак пра Іваноўскіх. Непаразуменьне доўжылася да выпадковай сустрэчы з маім знаёмцам — вядомым на Гарадзеншчыне журналістам Аляксандрам Жалкоўскім.

(Жалкоўскі: ) “На Лідчыне гасьцяваў вядомы літаратар з Варшавы, наш зямляк Зэмавід Фэдэцкі, а папросту Зэмэк. Разам зь ім была яго сястра Барбара з Парыжу і ейны муж Мікалай. Мы згадалі пра Іваноўскіх, і Мікалай кажа: а вунь у мяне кніжка ёсьць — мо пра гэтых Іваноўскіх. Аўтар Казімір Іваноўскі, “Успаміны аб маладосьці крэсовай”. Учытаўся: гэта выходзіць пра малавядомага іх роднага брата, які зваўся Станіслаў, а сын Казімір напісаў такую аўтабіяграфічную кніжку. Станіслаў быў адвакатам.

А ў гэтай кнізе апавядаецца, як на прыёме прадстаўляюць маршалку Пілсудзкаму: то пані Іваноўская. Ён кажа: якога Іваноўскага? Таго, кажуць, у якога адная жонка. Бо тыя тры мелі па дзьве жонкі й больш. А, ведаю, то пана Станіслава, адказаў маршалак. Кіраўнік дзяржавы ведаў, а ў нас усё выпала з памяці”.

Са словаў спадара Жалкоўскага, паведамленьне пра чацьвертага з братоў Іваноўскіх стала сэнсацыяй нават для Адама Мальдзіса. Аднаўляю надалей сувязь часоў. Аказваецца, Лябёдкі Іваноўскіх больш не існуе, бо гэта была ўсяго назва радавой сядзібы, што знаходзілася за дзесяць кілямэтраў ад Шчучыну ў Галавіч-Поле. Імчу туды. Бадай, на парозе выхапіў спадарыню Ларысу Паўлюкевіч, дырэктарку мясцовага краязнаўчага музэю, настаўніцу гісторыі. Але спачатку прашу патлумачыць яе дзіўнаваты назоў мястэчка.

(Паўлюкевіч: ) “Вось тут у нас горачка ёсьць. У 13 стагодзьдзі Шайбак-хан, унук хана Батыя зрабіў тут свой лягер і паставіў арку з конскім хвастом, што цьвердзіла пра тое, што яны падмятаюць усё на сваім шляху. І мясцовыя павінны былі прыносіць падаткі — хто што мог. Вядома, многія адмаўляліся. Няскораных хан Шайбак катаваў, галовы людзей тут закопвалі. Адсюль і назва — Галавіч-Поле”.

Ідзем у музэй. Іваноўскім тут прысьвечана некалькі стэндаў. Прашу расказаць нешта адмысловае, з чым давялося сутыкнуцца падчас іх стварэньня.

(Паўлюкевіч: ) “Алаіза Пашкевіч сябравала з Сабінай, будучай жонкай Вацлава. І настаўляла: гэтак рабі, гэтак... А ён кажа: ты, як мая цётка, цётушка, цётачка. Вось яна і стала Цёткай. Літоўцы хацелі памятны знак паставіць — вось тут жыў Тадас Іванаўскас. Але быў дырэктар Сямашка ў 1982-м, і ён не згадзіўся. Тады Іваноўскія лічыліся ворагамі. Але тое, што на пахаваньне, бачыце, выйшла вялікая колькасьць людзей, і ўся магілка застаўленая вянкамі, гаворыць пра тое, што ён ня быў здраднікам. Ён, як мог, хацеў выратаваць Беларусь, марыў аб незалежнасьці ад пачатку 20 стагодзьдзя. Да нас прыяжджала дачка Вацлава Іваноўскага. Ёй пад 80, яна прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту, выкладае францускую. Мяне вельмі ўразіла, што ўнук Стэфана ведае гісторыю шостага-сёмага каленаў роду Іваноўскіх. Ён заходзіць у падвальнае памяшканьне ды кажа: вось тут бабця Ядвіся тое і тое рабіла, а тут яблыкі стаялі. Мы так ня ведаем свайго радаводу”.

Частковае тлумачэньне скрухі спадарыні Паўлоўскай я атрымаў падчас размовы з прыбіральшчыцай Галавічпольскай школы ды шматдзетнай маці Ганнай Конюх.

(Конюх: ) “А чаму нам дрэнна жывецца? Заробак атрымліваем своечасова. Я свайго трэцяга сына нарадзіла на выбары прэзыдэнта і ў ягоны гонар назвала Аляксандрам. Гадкоў у тры ён сказаў: “Мама, я таксама буду прэзыдэнтам”.

* * *

Я ля сядзібы Іваноўскіх. Час нібыта ня ўладны над ёй. Тая ж, знаёмыя паводле апісаньняў, дахоўка. Фігурныя люкарны. Гранёныя эркеры з шатровымі завершаньнямі. Тэраса, увітая плюшчом. Дэкаратыўныя балькончыкі. Будынак лічыцца помнікам архітэктуры стылю мадэрн, а месьціцца тут цяпер школа-інтэрнат для дзяцей з разумовымі ды фізычнымі адхіленьнямі. Іх 248 — ад пяці да васямнаццаці гадоў. Тутэйшыя насельнікі спадзяюцца ў асноўным не на кволае фінансаваньне дзяржавы, але на сябе ды гуманітарную дапамогу звонку. Усталяваныя трывалыя сувязі зь Нямеччынай, Англіяй, Італіяй. Распавядаюць сястра-гаспадыня Яніна Гайдушка ды загадчык падсобнай гаспадаркі Іосіф Гіруць:

(Гіруць: ) “Шаснаццаць кароў — малака хапае. Мяса сваё, сад. Хлопцы ня горш за дарослых: і касіць, і вазіць могуць, цесьляры, тынкоўшчыкі, чалавек дваццаць такіх”.

(Карэспандэнт: ) “У пакоях лялькі — слонікі, бэгемоты. Гуманітарка?”

(Гайдушка: ) “І ровары прывозяць, і прадукты, і памперсы для малых. У нас жа маленькія калекі, ёсьць нерухомыя”.

Знаёмлюся з адным з памянёнай дваццаткі. Андрэю Ўляшу 26 гадоў. Усіх сваіх васьмярых братоў нават ня бачыў. Сам тут зь пяці гадоў. Кажа, падабаецца.

(Карэспандэнт: ) “А маці выпівала?”

(Уляш: ) “Так, я ня бачыў ніколі маці. Я даведаўся адрас, напісаў, пасьля яна напісала, што прыедзе. Брат прыехаў, а яна памерла. Як разнарабочы я зарабляю 52 тысячы. Летам сена возім, салому ўбіраем. Пасьля бульбу капаем, капусту крышым. Зімой сьнег чысьцім. Кормяць, апранаюць, мыюць бясплатна”.

(Карэспандэнт: ) “Жанчына ёсьць?”

(Уляш: ) “Няма, думаю завесьці”. (Сьмяецца.)

Андрэй выклікаецца быць гідам па Галавіч-Полю. Падыходзім да сельсавету. Паводле старшыні Анатоля Віншы, у мястэчку з паўтысяным насельніцтвам усё ў парадку.

(Вінша: ) “Калі, на мой погляд, вялікая дапамога аказваецца людзям неабароненым — вэтэранам, пэнсіянэрам, інвалідам, назіраецца зрух у лепшы бок”.

Адразу пасьля другой сусьветнай на месцы сучаснага ўнітарнага прадпрыемства — саўгасу “Шчучынскі” ў мястэчку была досьледная станцыя-племзавод дзеля вывядзеньня так званых “чырвоных” кароваў клясы “эліт-рэкорд” — кажуць, са звыштлустымі надоямі. На Ўсесаюзнай выставе 1975-га рагуля па мянушцы Міскоза стала чэмпіёнкай, даўшы 28 літраў малака ў дзень. Ейная апякунша даярка Яніна Васора атрымала ордэн Леніна. Наагул, за дзень рукамі яна даіла 11 кароваў, два дзесяцігодзьдзі адпрацавала на фэрме, дзе сёньня, дарэчы, надойваюць у сярэднім усяго па 2 літры. На ейным прыкладзе я і вырашыў праверыць справядлівасьць словаў старшыні сельсавету Віншы. Да 70-гадовай Яніны Іосіфаўны мяне суправадзіў усё той жа Андрэй Уляш.

(Васора: ) “Рабіла, каб перадавою быць. Прыеду, вып’ю бутылёк малака — і зноў пайшла на фэрму на цэлыя суткі”.

(Карэспандэнт: ) “А вы камуністкай былі?”

(Васора: ) “Не, не пайшла, бог бараніў, чэсна гавару. Цяперака сяджу ў капліцы ды думаю: што ж я рабіла, калі двойчы ў дэпутаты абласныя ўступала?! Пэнсію маленькую маю, а казалі, што надта велькая будзе. Аж прыйшлося — 75 тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “Лукашэнку верыце?”

(Васора: ) “Веру. Думаеце, лепшага паставяць, як яго здымуць? Не паставяць лепшага!”

(Карэспандэнт: ) “Андрэй, а ты як да Лукашэнкі ставісься?”

(Уляш: ) “Не, а што ён дае — нічога не дае!”

(Карэспандэнт: ) “А што з ордэнам?”

(Васора: ) “Паклала яго ў шафу. Прыходжу — хата расчыненая, пацаны панесьлі ўсё, мэдалі, ордэн Працы быў…”

(Карэспандэнт: ) “А ці быў шчасьлівы пэрыяд у жыцьці?”

(Васора: ) “Не было такога. Бедна жылі, з фэрмай гэтай ня мела ніколі сьветлай гадзіны. Мужык выпіваць любіў, цяпер без вачэй застаўся”.

Пры канцы спадарыня Яніна сказала мне, што зайздросьціць суседцы, якая была ў канцлягеры ў Нямеччыне. Тая, маўляў, хоць атрымала кампэнсацыю ў эўра.

Тым ня менш, замест “чырвоных” рагуляў у Галавіч-Полі, відаць, хутка зьявяцца “чырвоныя” ж трусы. Над гэтым ужо дванаццаць гадоў ня толькі працуе, але й піша кандыдацкую дысэртацыю Іван Яцэвіч. Паводле агульнага меркаваньня, тутэйшы фэрмэр ды гаспадар нумар адзін. Ён сябра Беларускага рэспубліканскага Саюзу фэрмэраў, дэпутат сельсавету. Прайшоў Афган, але здолеў умацавацца ў мірным жыцьці. Цяпер у яго 130 гектараў зямлі, сякая-такая тэхніка ды 2000 трусоў. Але ён лічыць, што ўсё толькі пачынаецца…

(Яцэвіч: ) “Цяпер буду пісаць заяву ўзяць зямлі да 200 гектараў. Але гэты працэс мусіць быць натуральны, бо ператворым фэрмэраў у калгасьнікаў. Культура земляробства ў мяне зьяілася на дзявяты-дзясяты гады. Калгасы будаваліся 60–70 гадоў, а нам, фэрмэрам, каб ня толькі канкураваць, але й абагнаць, трэба ўсё прайсьці за пяць-шэсьць гадоў. На сёньняшні дзень маю 51 цэнтнэр з гектару зерневых, бульбы — 280. А ў калгасах па раёне — 50. У пэрспэктыве, калі пагалоўе дасягне 5–10 тысяч, трусінае мяса трэба будзе пераапрацоўваць на мяса ды тушонку”.

(Карэспандэнт: ) “Дык і на завод замах будзе?”

(Яцэвіч: ) “Так. У мяне ёсьць мара вывесьці сваю беларускую пароду трусоў”.

(Карэспандэнт: ) “А ў чым жа іх беларускасьць будзе выяўляцца?”

(Яцэвіч: ) “На сёньняшні дзень трусы ў мяне па 5–6 кіляграмаў да шасьцімесячнага ўзросту, за год прыносяць 24–25 трусянятаў. І каб са скураў маглі шыць футры, шубы для беларусіх жанчын ды дзетак — гэта мая мара. Палітыка для мяне — гэта зямля. Я хачу даказаць сабе і дзяржаве, што фэрмэры могуць атрымаць высокія ўраджаі. Будзе захоўвацца мая незалежнасьць, будзе незалежнасьць Беларусі. Будзе моцнай мая сям’я — будзе моцнай Беларусь. Іншай стратэгіі быць ня мусіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG