Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФПБ абвясьціла вайну “заробкам у капэртах”


Галіна Абакунчык, Менск Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі заяўляе пра намер змагацца з заробкамі, якія выдаюцца ў капэртах. Як заявіў кіраўнік ФПБ Леанід Козік, “такая практыка шырока распаўсюджаная на многіх прыватных прадпрыемствах”. Паводле яго, гэткім чынам наймальнікі заніжаюць выдаткі на аплату працы, а фактычна – ухіляюцца ад выплатаў у Фонд сацыяльнай абароны. Як гэта камэнтуюць адмыслоўцы?

Пра існаваньне “заробкаў у капэртах” ведаюць эканамісты й палітыкі як зь дзяржаўных, так і недзяржаўных структураў. Але ў ацэнцы гэтага факту іхныя погляды істотна адрозьніваюцца.

Да прыкладу, спадар Козік, фактычна, вінаваціць незалежных наймальнікаў, што з-за такой формы аплаты Фонд сацыяльнай абароны толькі сёлета недаатрымаў каля паўтара трыльёнаў рублёў. І, маўляў, гэта выклікае гаворку пра неабходнасьць падвышэньня плянкі пэнсійнага ўзросту, бо людзям няма з чаго плаціць пэнсіі.

А вось незалежныя эканамісты заяўляюць, што выдаваць заробкі ў капэртах кіраўнікоў недзяржаўных прадпрыемстваў змушае жорсткае падатковае заканадаўства й недасканалая пэнсійная сыстэма. Вось што сказаў у інтэрвію Свабодзе эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Людзі пералічваць грошы ў пэнсійны фонд, а зьядае гэтыя грошы цяперашняе пакаленьне пэнсіянэраў. А патрэбна, каб гэта былі пэрсанальныя пэнсійныя накапленьні. Гэта значыць, што чалавек адкладвае сабе на будучыню – вось тады ён будзе зацікаўлены, каб у гэты пэнсійны фонд плаціць. А пры той пэнсійнай сыстэме, якая ёсьць у нас – канечне, чалавек будзе хаваць свае даходы. І правільна зробіць – трэба пераходзіць на нармалёвую пэнсійную сыстэму, як гэта ёсьць у большасьці краінаў сьвету”.

Кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік заявіў, што ФПБ “ня можа стаяць у баку ад вырашэньня праблемы”. Фэдэрацыя прафсаюзаў намерваецца змагацца з “заробкамі ў капэртах”, ствараючы на гэтых прадпрыемствах прафсаюзныя суполкі. Гэтая праца мусіць праводзіцца цягам сьнежня й напачатку наступнага году.

Ці магчыма гэтую зьяву магчыма выкараніць адміністрацыйнымі мэтадамі? Незалежныя адмыслоўцы кажуць, што, канечне ж, немагчыма. Тут патрэбныя эканамічныя сродкі. І адзін з накірункаў – гэта зьмякчыць падатковае заканадаўства.

Да прыкладу, сёньня айчынныя прадпрыемствы плацяць 37% падатку з фонду выплатаў заробку. У той час як у Нямеччыне, бізнэсоўцы пералічваюць дзяржаве толькі 20%, у Расеі 13%, і гэтак далей. Яшчэ адзін шлях – гэта на 37% павялічыць заробак працоўным, каб тыя маглі самастойна пералічваць свае грошы на пэрсанальныя пэнсійныя рахункі. Называюць таксама іншыя прапановы па ўнармаваньню цяперашняга становішча.

А заявы Леаніда Козіка пра намер супрацьстаяць “заробкам у капэртах” пасярэдніцтвам стварэньня суполак ФПБ лідэры незалежных прафсаюзаў называюць жаданьнем кантраляваць працаўнікоў прыватных кампаніяў. Гаворыць сябра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Канах:

(Канах: ) “Гэта чарговая кампанія каб загнаць новых працоўных у ФПБ. 350 тысячаў працуюць у гэтых арганізацыях – гэта крыніца прафсаюзных унёскаў і гэта ўсё будзе пад кантролем. Фэдэрацыя – гэта ўжо дзяржаўная арганізацыя, і ўсё, што яна будзе рабіць, яна будзе ставіць пад кантроль дзяржавы. Думаю, што неўзабаве яны прымусяць прыватных наймальнікаў заключаць з працоўнымі кантракты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG