Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці наведае Беларусь у сьнежні спэцдакладчык Камісіі ААН па правох чалавека?


Алесь Дашчынскі, Менск 10 сьнежня 1948 года Генэральная асамблея ААН прыняла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека. Пазьней у гэты дзень было вырашана ва ўсім сьвеце адзначаць Дзень правоў чалавека. Сярод іншых краінаў Беларусь, як удзельніца міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязалася гарантаваць правы і свабоды чалавека. Аднак у гэтай сфэры беларускія ўлады ўжо ня першы год жорстка крытыкуюцца з боку эўрапейскіх краінаў і ЗША.

З палітычнага й маральнага пункту гледжаньня кіраўніцтва Беларусі павінна было б прыслухацца да гэтай крытыкі й рэкамэндацыяў, але на справе, паводле праваабаронцаў, сытуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца. У сувязі з гэтым Камісія ААН па правох чалавека прызначыла спэцдакладчыка па правох чалавека ў Беларусі, грамадзяніна Румыніі Адрыяна Севярына.

Беларусь для яго – знаёмая краіна: раней Адрыян Севярын ачольваў спэцыяльны камітэт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ па Беларусі й неаднаразова прыяжджаў у Менск. А вось цяпер, калі яго прызначылі спэцдакладчыкам, то ягоны прыезд у Беларусь застаецца пад пытаньнем. У міністэрстве замежных справаў пацьвердзілі, што спадар Севярын зьвяртаўся за візай, але чым вырашылася гэтае пытаньне, прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных не паведаміў.

У менскім прадстаўніцтве ААН патлумачылі, што спэцдакладчык прызначаны пасьля таго, як у красавіку гэтага года Камісія ААН па правох чалавека прыняла чарговую рэзалюцыю пра сытуацыю ў Беларусі. Камісія выказала заклапочанасьць станам выкананьня беларускімі ўладамі міжнародных абавязкаў у сфэры правоў чалавека. Адрыян Севярын павінен дасьледаваць сытуацыю й падрыхтаваць сваю справаздачу для разгляду ў рамках ААН.

Дарадца прадстаўніка ААН у Беларусі Ўладзімер Шчэрбаў патлумачыў: пасьля паведамленьняў у прэсе пра тое, што спадару Севярыну беларускія ўлады адмовілі ва ўезьдзе ў краіну, менскае прадстаўніцтва ААН зьвярнулася ў сакратарыят управы вярхоўнага камісара па правох чалавека ў Жэнэве.

(Шчэрбаў: ) “Мы дамовіліся, як толькі гэтае пытаньне будзе нейкім чынам вырашанае, альбо пазытыўна, альбо адмоўна, аб магчымасьці спэцыяльнага дакладчыка наведаць Беларусь, яны нам паведамяць. Але ж да гэтага моманту мы ніякай інфармацыі наконт гэтага ня маем, таму, на жаль, ня можам ні пацьвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю аб тым, што ён ці наведае, ці ня зможа наведаць Беларусь у сьнежні”.

Паводле спадара Шчэрбава, даклад павінны быць гатовы ўжо ў студзені, перад пачаткам сэсіі Камісіі ААН па правох чалавека, на якой, нагадаю, зноў будзе разглядацца сытуацыя ў Беларусі. Тое, што спэцдакладчыка ўлады не пускаюць у краіну – такое здараецца, але ў любым выпадку, гэты даклад будзе падрыхтаваны для Камісіі. Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэта Тацьцяна Процька, якая сустракалася са спадаром Севярынам, цьвердзіць, што першы варыянт дакладу, верагодна, ужо зроблены.

(Процька: ) “На жаль, наш урад ніякіх такіх запрашэньняў не зрабіў, нягледзячы на тое, што Камісія вельмі рэкамэндавала яму гэта зрабіць. Але спэцдакладчык працуе за межамі Беларусі, зьбіраецца інфармацыя пра тое, што адбываецца ў краіне з правамі чалавека, туды выклікаюць людзей, яны там даюць свае сьведчаньні”.

Які ўплыў будзе мець на сытуацыю ў краіне тое, што Камісія ААН занялася правамі чалавека ў Беларусі? Канешне, рэкамэндацыі гэтай Камісіі не абавязковыя для выкананьня ўладамі Беларусі, але, звычайна, краіны, якія хочуць дамагчыся добрага да сябе стаўленьня, да гэтых рэкамэндацыяў прыслухоўваюцца. Пакуль ня бачна, што беларускія ўлады жадаюць тут плённай супрацы.

Як адзначаюць праваабаронцы, кіраўніцтва краіны спадзяецца, што ў чарговы раз яму ўсё сыдзе з рук. ААНаўскі мэханізм вельмі бюракратычны і вельмі цяжка запускаецца, але калі ён закруціўся, то яго вельмі цяжка спыніць. Прызначэньне спэцдакладчыка для асобнага разгляду сытуацыі ў краіне – зьява даволі рэдкая. Беларусь у гэтым сэнсе патрапіла ў адзін шэраг з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай, Бурундзі, Суданам, Чадам, Узбэкістанам.

Старшыня БХК Тацьцяна Процька заяўляе, што кіраўніцтву краіны павінна быць сорамна, але калі ўрад не задумаецца, ёсьць іншыя аб’яднаньні дзяржаваў, могуць пагоршыцца стасункі з АБСЭ, а дарога ў Эўрапейскі зьвяз стане яшчэ больш доўгай.

Адзначу, што праваабаронцам у Беларусі складана ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць. Улады па надуманых прычынах зачынілі шэраг арганізацыяў, і легальна мае магчымасьць працаваць толькі Беларускі Хэльсынскі камітэт. Я зьвяртаюся да яго старшыні Тацьцяны Процькі: што ж мы маем на сёньняшні дзень, ці паляпшаецца сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі?

(Процька: ) “Дзе ж яна паляпшаецца? Адбыліся ж выбары й рэфэрэндум – больш паловы людзей краіны не верыць таму, што публічна абвешчана па выніках гэтых выбараў. Няма свабоды слова, свабоды думак. Я ўжо не кажу пра справядлівы суд, пра тое, што так аблыталі дзейнасьць арганізацый грамадзянскай супольнасьці, што тут ужо дыхнуць ніяк нельга. У нас ёсьць зьніклыя палітыкі, і дзяржава нічога не робіць, каб знайсьці гэтых людзей”.

Нагадаю, што сёньня, у Дзень правоў чалавека, а 18-й гадзіне ў Менску на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца праваабарончая акцыя – ланцуг неабыякавых людзей. Яе ўдзельнікі нагадаюць пра палітычныя зьнікненьні ў Беларусі, якія да гэтага часу застаюцца нерасьсьледаванымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG