Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абароннае ведамства прадае баяны, якія забаронена выкарыстоўваць у ваенных мэтах


Ігар Карней, Менск Міністэрства абароны Беларусі ў масавым парадку прадае маёмасьць. У абаронным ведамстве спасылаюцца на рэарганізацыю Ўзброеных сілаў і скарачэньне як асабістага складу войска, так і яго матэрыяльнай часткі. Што рэальна можа набыць сабе на складах Міністэрства абароны звычайны чалавек?

Набыць можна практычна ўсё – як у добрым супэрмаркеце. І нават больш, бо грузавыя машыны колеру “хакі” ў крамах зазвычай не прадаюцца. Але найбольшы інтарэс выклікае асартымэнт, выстаўлены на інтэрнэт-сайце www.voentorg.by Упраўленьнем маральна-псыхалягічнага забесьпячэньня Мінабароны. Як указана ў адмысловай анатацыі, гэта “розныя тэхнічныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў культурна-асьветніцкіх мэтах”.

Што гэта за сродкі? Перадусім, музычныя інструмэнты – электрагітары “Стэла”, баяны “Старт” і “Крыменнае”, бубны, трубы і г.д. Падаецца, што з малатка ідуць цэлыя палкавыя аркестры і вакальна-інструмэнтальныя ансамблі. Кошты сапраўды ўмоўныя – гітара за 58 тысячаў рублёў, баяны ўвогуле ад 20 тысячаў. Апроч таго – радыёпрымачы, дыяпраектары, фотаапараты, магнітафоны й шмат што іншае. Усё добра праілюстравана, прыкладаюцца “тэхнічныя характарыстыкі” і месца знаходжаньня тавару.

І яшчэ вельмі цікавая прыпіска для патэнцыйных пакупнікоў: пакупнік ня мае права выкарыстоўваць набытую ў вайсковым ведамстве маёмасьць у ваенных мэтах, альбо перадаваць яе асобам, якія могуць выкарыстаць гэтае абсталяваньне ў згаданых мэтах. Адсюль лягічнае пытаньне: як можна выкарыстаць у ваенных мэтах баян ці дыяпраектар?

А як тлумачаць у Міністэрстве абароны такія лішкі маёмасьці? Гэтае пытаньне я задаў адказным асобам у Міністэрстве абароны й пачуў традыцыйны апошнім часам адказ: ідзе скарачэньне асабістага складу войска, а разам зь ім – і аб’ёмаў вайсковай маёмасьці. Гаворыць пардстаўнік ведамства Ігар Лайпека:

(Лайпека: ) “Рэзэрв вялікі. Што будзе гадоў праз 5-10, калі будзе сытуацыя дэмаграфічная крыху іншая – трэба пралічваць. Але пакуль у нас у гэтым пляне праблемаў ніякіх. Мы ўвогуле не прызываем судзімых. Нават калі чалавек быў асуджаны ўмоўна, мы яго не прызываем. Не прызываем асобаў, якія маюць прыводы ў міліцыю за адміністратыўныя правапарушэньні. Іншымі словамі, ёсьць з каго выбіраць. Таму такая сытуацыя й адбываецца”.

Куды пойдуць атрыманыя ад такіх інтэрнэт-аўкцыёнаў грошы? Прынамсі, на сайце міністэрства абароны ўсё тлумачыцца ў стылі, як з мэтавым выкарыстаньнем баянаў: сродкі будуць накіраваныя на ўдасканаленьне матэрыяльна-тэхнічнай базы ідэалягічнай працы. Напэўна, на набыцьцё новых і больш сучасных дыяпраектараў і фотаапаратаў.

Зь іншага боку, адмыслоўцы лічаць, што накіраваць сродкі можна было б у іншае рэчышча. Кіраўніцтва Міністэрства абароны днямі вымушанае было канстатаваць: у наступным годзе на патрэбы Ўзброеных сілаў будзе выдаткавана гаруча-змазачных матэрыялаў істотна меней, чым дагэтуль. Калі, прыкладам, у 2002 годзе армія атрымала 12 тысячаў тонаў гаручага, то сёлета ўжо было 8 тысячаў; у наступным будзе яшчэ меней. Генэрал-палкоўнік Павал Казлоўскі бачыць у гэтым досыць небясьпечную прыкмету:

(Казлоўскі: ) “Паліва будзе толькі на парад і на тое, каб дзяжурная машына магла падвезьці хлеб на баявую службу, а для поля, заняткаў, паліва ў войску ня будзе. Гэта катастрафічна для арміі. Паліва і так было не дастаткова ў мінулыя гады, таму меней будзе і вучобы, і выхадаў у поле. Гэта так. Бо ў вайсковых частках у асноўным працавалі дзяжурныя аўтамабілі, а масавага выхаду войска і не было. Калі толькі нейкія пышнасьці ды вучэньні. Але гэта вельмі кепская прыкмета для арміі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG