Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Завадзкая атрымала адказ Пракуратуры


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пракуратура Беларусі са спазьненьнем амаль на 2 месяцы даслала адказ Вользе Завадзкай на яе скаргу. Аднак маці зьніклага журналіста не задаволеная сутнасьцю адказу, які не прадугледжвае ніякіх дзеяньняў што да расьсьледаваньня справы яе сына.

Дакумэнту, які 8 сьнежня Вольга Завадзкая атрымала з пракуратуры Беларусі, папярэднічалі скарга ў пракуратуру і два судовыя разгляды. Спадарыні Завадзкай паведамілі, што яе скарга разгледжаная. Амаль двухмесячнае спазьненьне з адказам супрацоўнікі пракуратуры патлумачылі недакладнасьцю зваротнага адрасу, які нібыта няправільна пазначыла Вольга Завадзкая ў сваёй скарзе.

Аднак маці зьніклага тэлеапэратара наракае не на гэтае спазьненьне, а найперш на тое, што фактычна яе заява засталася не задаволенай. Вольга Завадзкая рыхтуе новы зварот.

(Завадзкая : ) “Буду цяпер зьвяртацца да новага генэральнага пракурора, каб мне адказалі, што ўжо зроблена. Бо факты ёсьць, а хто іх будзе правяраць?“

Зь верасьня Вольга Завадзкая патрабуе, каб пракуратура адрэагавала на заяву Аляксандра Лукашэнкі наконт справы зьніклага журналіста. Нагадаю, у ліпені Аляксандр Лукашэнка публічна заявіў, што валодае нейкімі дакумэнтамі, якія зробяць з гэтай справы “антысправу”. Маці зьніклага журналіста палічыла, што гэтыя словы Лукашэнкі ёсьць падставай для аднаўленьня расьсьледаваньня паводле “ новых абставінаў “.

Аднак у пракуратуры Беларусі гэтак ня лічаць. У адказе , які атрымала Вольга Завадзкая, сьцьвярджаецца наступнае : “Вывучэньнем крымінальнай справы паводле абвінавачваньня Ігнатовіча й Маліка выяўлена, што ў ёй сабраныя ўсе матэрыялы па гэтым эпізодзе... Іншых матэрыялаў ў органах пракуратуры ды іншых дзяржаўных арганізацыях няма”.

Чарговую скаргу ў пракуратуру Вольга Завадзкая зьбіраецца накіраваць на імя Пятра Міклашэвіча, які зьмяніў на пасадзе генэральнага пракурора Віктара Шэймана.

Нагадаем, справа Зьмітра Завадзкага цягнецца з ліпеня 2000 году. За выкраданьне журналіста ўжо асуджаныя былыя міліцыянты Ігнатовіч і Малік, аднак цела Завадзкага ня знойдзенае, адказу на пытаньне, што зь ім здарылася пасьля выкраданьня, няма.

Сваякі зьніклага і беларуская апазыцыя падазраюць, што да гэтай справы датычныя тыя ж асобы, якіх называюць ў сувязі са зьнікненьнямі вядомых апазыцыянэраў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Гэта былы генэральны пракурор Віктар Шэйман ды некаторыя іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі. Аднак расьсьледаваньне справы Завадзкага, як і іншых справаў зьніклых апазыцыянэраў, штучна марудзіцца, лічаць у Беларусі і за яе межамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG