Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынца й Лябедзьку дапыталі як сьведак у крымінальных справах


Альгерд Невяроўскі, Менск 8 сьнежня на допыты ў Менскую гарадзкую пракуратуру і сталічную ўправу ўнутраных справаў былі выкліканыя лідэр “Маладога фронту” Павал Севярынец і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Яны сьведкі ў крымінальных справах па фактах масавых беспарадкаў у цэнтры Менску 18, 19 кастрычніка і паклёпу на прэзыдэнта ды іншых вышэйшых службовых асобаў. Спадары Севярынец і Лябедзька называюць гэтыя справы палітычна матываванымі.

Старшага сьледчага гарадзкой управы міліцыі спадара Прахарэнку, які выклікаў на допыт Паўла Севярынца цікавілі падзеі, што адбываліся ў цэнтры Менску 18 і 19 кастрычніка. Хто сабраў людзей на Кастрычніцкай плошчы, супраць чаго яны пратэставалі й г.д. Лідэр “Маладога фронту” сказаў, што людзі выйшлі на плошчу стыхійна і пратэставалі супраць фальсыфікацыяў падчас выбараў і рэфэрэндуму. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Выглядае на тое, што гэтая справа абсалютна й безумоўна палітычная. Ніякага крыміналу ў дзеяньнях людзей, якія там сабраліся, у дзеяньнях тых, каго апытваюць міліцыянты, няма. А вось у дзеяньнях саміх міліцыянтаў крыміналу поўна. Таму, мне здаецца, яны яшчэ дзесяць разоў падумаюць, перш чым надаваць рэзананс такой справе”.

А Анатоль Лябедзька сёньня даваў паказаньні ў якасьці сьведкі ў Менскай гарадзкой пракуратуры па факту распаўсюду на прэсавай канфэрэнцыі 14 кастрычніка лідэрамі “Пяцёркі плюс” нібыта непраўдзівых зьвестак пра Аляксандра Лукашэнку ды іншых высокіх дзяржаўных службоўцаў. На той прэсавай канфэрэнцыі гаворка ішла пра магчымая прыёмы фальсыфікацыў вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. Паводле спадара Лябедзькі, у сьледчага Кухаронка фактычна няма ніякіх доказаў распаўсюду лідэрамі “Пяцёркі плюс” непраўдзівых зьвестак пра Аляксандра Лукашэнку ды іншых высокіх чыноўнікаў.

Лідэр АГП заявіў, што лічыць беларускую пракуратуру карным інстумэнтам уладаў і адмовіўся даваць тлумачэньні ў гэтай справе. Апошнім часам у пракуратуру па розных справах выклікаюць многіх апазыцыйных палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў і журналістаў у зьвязку зь іхнымі выказваньнямі ў справе выбараў і рэфэрэндуму. Анатоль Лябедзька так тлумачыць гэтую актыўнасьць пракуратуры:

(Лябедзька: ) “Наносяцца прэвэнтыўныя ўдары, каб палітычная апазыцыя цяпер не кансалідавалася, не аб’ядноўвалася. Каб яна не выпрацоўвала агульнай стратэгію падрыхтоўкі да прэзыдэнцкай кампаніі. І нічога лепшага не змаглі прыдумаць — сілавыя ўзьдзеяньні, рэпрэсіі, запалохваньні. Ну і, відаць, дадатковую нэрвовасьць прынесьлі падзеі ва Ўкраіне. Я думаю, што аранжавы прывід блукае па “чырвоным доме”.

З такой ацэнкай згодны й Павал Севярынец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG