Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адчуваюць беларусы, што ўжо пяць гадоў жывуць у саюзнай дзяржаве — у саюзе Беларусі й Расеі?


Браніслава Станкевіч, Віцебск На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Віцебску.

(Карэспандэнтка: ) “8 сьнежня 1999 году ў Маскве прэзыдэнтамі Беларусі й Расеі была падпісаная Дамова пра ўтварэньне саюзнай дзяржавы. Ці адчуваеце вы, што ўжо пяць гадоў жывяце менавіта ў саюзнай дзяржаве?”

(Спадар: ) “Не! Нічога я не адчуваю! Я ўвогуле пра гэта нічога ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Адчуваем гэта выключна па сьвятах — калі “Славянскі базар”, да прыкладу. Або 60-годзьдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Дзень вызваленьня Беларусі. Тады пра гэта згадваюць, а ў звычайным жыцьці — не”.

(Спадар: ) “Канечне, не адчуваю. Па-мойму, як было раней, дык так і засталося ўсё”.

(Спадар: ) “Пакуль гэта ўсё адны размовы. Вось кажуць па тэлевізары: мы — саюзная дзяржава. А насамрэч я нічога падобнага не заўважаю”.

(Спадар: ) “Я думаю, гэта адчуваецца. Ёсьць нейкія зрухі, але я не магу сказаць канкрэтна, у які бок! Але нешта зьмянілася”.

(Спадар: ) “Не адчуваем мы нічога”.

(Карэспандэнтка: ) “А што, на ваш погляд, мусіла б быць самым адчувальным?”

(Спадар: ) “Ня ведаю я!”

(Спадарыня: ) “І я ня ведаю. І нічога не адчуваю, бо нічога не зьмянілася”.

(Спадар: ) “Я адчуваю па сваёй працы. Бо я працую ў гаргазе. Газ ідзе на Беларусь, значыць, нешта ёсьць такое”.

(Спадарыня: ) “Нічога не адчуваецца. Нічога абсалютна”.

(Спадар: ) “Канечне, гэта адчуваецца!”

(Карэспандэнтка: ) “Дык, можа, вы ўдакладніце, што зьмянілася ў вашым жыцьці за гэтыя пяць гадоў?”

(Спадар: ) “Ну, што зьмянілася… Як сказаць? Мабыць, усё ідзе, як мае быць. Што тут скажаш?”

(Спадар: ) “Мне здаецца, што размовы пра саюз з Расеяй — гэта адно палітычныя дэбаты. Простым людзям ад іх карысьці няма. А наш прэзыдэнт Лукашэнка толькі адно й глядзіць, каб з расейскага боку былі толькі грашовыя “ўліваньні” ў нашую эканоміку. Таму насамрэч ніякага саюзу быць ня можа. Прынамсі, пакуль у нас гэты прэзыдэнт, наўрад ці што можа зьмяніцца. І адчуваем мы сябе, як у 1994 годзе, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. З тае пары нічога не зьмянілася”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG