Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як спэцслужбы Польшчы змагаліся з рок-музыкай


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы выйшла кніга, у якой на падставе дакумэнтаў спэцслужбаў распавядаецца, як у камуністычныя часы гэтыя службы “распрацоўвалі” асяродак рок-музыкаў і аматараў рок-музыкі. Паводле аўтараў дасьледаваньня, тагачасныя польскія ўлады ўсё ж недаацанілі ўплыву незалежнай музыкі на грамадзтва.

Галоўная падзея ў польскай рок музыцы ад канца 70-х – фэстываль у мястэчку Яроцін. На ім была сканцэнтраваная ўвага дзесяткаў тысячаў маладых палякаў, але таксама і камуністычных ўладаў. Менавіта таму кніга мае назоў “Яроцін ў аб’ектыве спэцслужбаў”.

Гэты аб’ектыў, ці, хутчэй аб’ектывы, фатаграфавалі шмат, а потым у справаздачах агенты, перадусім паводле вопраткі і выгляду валасоў, спрабавалі падзяліць удзельнікаў фэстывалю на розныя “шкодныя” для сацыялістычнага грамадзтва групы:

(Лесякоўскі: ) “Хто сатаніст, хто мэталіст, панк, а нават эвангеліст – пад здымкамі рабіліся такія подпісы. Потым апісвалася, якія ў асяродку дадзенай групы моладзі пануюць звычкі, ці нават як складаюць ахвяры сябры сатанінскай сэкты “Люцэфэрыяне”, – кажа адзін з аўтараў кнігі, навуковец Кшыштаф Лесякоўскі.

Адмыслоўцы прызнаюць, што большасьць гэтых клясыфікацыяў і лічбаў супрацоўнікі спэцслужбаў проста выдумлялі, каб неяк апраўдаць сваю працу. Бо змагаліся, яны, перадусім зь яўнымі праявамі апазыцыйнасьці – напрыклад, канфіскоўвалі ўлёткі пацыфістаў.

(Скіба: ) “Здаралася, што нехта даставаў з заплечніка канапкі, якія былі закручаныя ў кавалак газэты і раптам да яго падбягаў чалавек у цывільным і правяраў, ці гэта часам не ўлётка” – ўспамінае Кшыштаф Скіба, музыка і колішні ўдзельнік фэстывалю.

Цікава, аднак, што ўлады амаль не зьвярталі ўвагі на тое, што рабілася на сцэне і, перадусім, што сьпявалася ў тэкстах песьняў – да сярэдзіны 80-х на фэстывалі практычна адсутнічала цэнзура. У ЦК лічылі, што кінафэстывалі больш небясьпечныя для рэжыму, чым фэстывалі рок-музыкі.

Афіцыйна выдаваліся кружэлкі ня толькі айчынных, але й замежных рок-гуртоў, ладзіліся канцэртныя турнэ. Таму ў Беларусі ў тыя часы лічылася, што Польшча ў гэтым сэнсе абсалютна свабодная краіна.

Тагачасныя польскія ўлады, паводле адмыслоўцаў, сапраўды, недаацанілі ўплыў гэтай музыкі на моладзь. І можа менавіта таму цяпер у Беларусі рок-музыку змусілі да існаваньня ў падпольлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG