Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Саюзе пісьменьнікаў — зацішша. Часовае?


Валянціна Аксак, Менск Учорашнія пагрозы начальніка адміністрацыйнага корпусу №5 — менавіта так афіцыйна ад 1997 году называецца Дом літаратара — апячатаць памяшканьні Саюзу пісьменьнікаў, сёньня пакуль што ня спраўджаныя.

Адно зь любімых месцаў пісьменьнікаў у Доме літаратара, бібліятэка, сёньня адчыненая, як зазвычай, ад 12 гадзіны. Бібліятэкарка Надзея Мухіна гаворыць, што прайшла ў сваё працоўнае памяшканьне без праблемаў.

(Мухіна: ) “Як звычайна, я ўзяла ключы, нічога не было апячатана, і да нас ужо прыходзяць і прыносяць новыя кніжкі аўтары са сваімі аўтографамі…”

Захутваючыся ў цёплую кофту (тэмпэратура ў бібліятэцы не перавышае 15 градусаў), спадарыня Мухіна афармляе новыя паступленьні. Гэта аўтарскія асобнікі апошніх кніжных навінак. На версе ладнага стосіка заўважаю зборнік хоку “Высакосны год”. Пытаюся ў аўтара Ўладзімера Сіўчыкава, наколькі важна яму мець сваю кнігу ў бібліятэцы, якая як і Саюз пісьменьнікаў, пад пагрозай закрыцьця. У яго погляд чыста прафэсійны:

(Сіўчыкаў: ) “Таму што ня хочацца верыць, што можа быць інакш, што наша такая гільдыя ці прафсаюз, ці сярэднявечны цэх, ён павінен існаваць, я лічу”.

Сакратарыят Саюзу пісьменьнікаў таксама адчынены, чым нават крыху зьдзіўлены намесьнік старшыні Барыс Пятровіч:

(Пятровіч :) “Вахцёр, як звычайна, выдаў мне ключы безь ніякіх пытаньняў, безь ніякіх праблемаў. Шчыра прызнацца, я быў трошкі зьдзіўлены гэтым, бо чакаў, што нашыя памяшканьні будуць апячатаныя, таму што вельмі сур’ёзна гучалі пагрозы на наш адрас з боку кіраўніцтва будынка. Але мы працуем, як звычайна, да нас прыходзяць наведнікі, нам тэлефануюць”.

Зацішша гэтае спадар Пятровіч лічыць часовым і выкліканым розгаласам вакол апошніх падзеяў у саюзе.

(Пятровіч: ) “Думаю, што можа быць паўплывала тое, што грамадзтва і сродкі масавай інфармацыі адрэагавалі на нашую сытуацыю, і гэта, можа быць, спыніла тых, хто аддаваў загад апячатаць нашыя памяшканьні”.

Начальніка адміністрацыйнага корпусу Часлава Праваловіча, які ўчора пагражаў апячаць пісьменьніцкія памяшканьні, сёньня ў Доме літаратара мы не засьпелі. Але, як стала вядома, заўтра з сакратарыятам Саюзу жадае сустрэцца начальнік упраўленьня рэспубліканскай маёмасьці, у структуру якога непасрэдна ўваходзіць цяпер Дом літаратара, Юры Герасімаў.

Старэйшыя пісьменьнікі лічаць, што сытуацыя вакол саюзу — гэта сплянаваная разбуральная акцыя, якая пачалася адбіраньнем пісьменьніцкага дому яшчэ ў 1997 годзе. Гаворыць паэт Сяргей Законьнікаў:

(Законьнікаў: ) “Можна па-рознаму зь пісьменьнікамі змагацца. Можна адным заходам нанесьці ўдар, як гэта было зроблена з рэдакцыямі часопісаў, а можна паступова, паціхеньку прыводзіць да таго, каб гэты аўтарытэтны, самы стары ў Беларусі творчы саюз прыйшоў да заняпаду і нават — да ліквідацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG