Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі камэнтуюць рашэньне Вярхоўнага суду Ўкраіны па-рознаму


Юры Сьвірко, Менск Былая прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч на пытаньне пра стаўленьне афіцыйнага Менску да рашэньня ВС Украіны прызнаць несапраўднымі вынікі другога туру выбараў прэзыдэнта адказала гэтак.

(Пяткевіч: ) “Гэта сувэрэннае права Ўкраіны й тым больш незалежнай галіны ўлады – Вярхоўнага суду. Ёсьць заканадаўства, яны робяць – як Беларусь можа камэнтаваць нейкае судовае рашэньне?”

А дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч, лідэр ЛДП, пракамэнтаваў кіеўскую падзею так:

(Гайдукевіч: ) “Камэнтар адзін – я прыхільнік таго, каб было якраз перагаласаваньне другога туру. Я ўжо кандыдат на прэзыдэнта рэальны й лічу, што ня можа быць перагаласваньня ўсяго – павінна быць перагаласаваньне толькі другога туру. Лічу, што гэта законна”.

Са спадаром Гайдукевічам катэгарычна нязгодная ягоная калега ў Палаце прадстаўнікоў Вольга Абрамава, якая расцаніла рашэньне ВС Украіны гэтак:

(Абрамава: ) “Я думаю, што ні да чаго добрага гэта не прывядзе. Канфлікт будзе паглыбляцца, насеньне пасеянае. Я лічу, што яно ўвогуле неправавое. Але гэта іншая краіна – іх права. Я лічу, што фармальна яно аформленае як прававое, але калі з пункту погляду юрыдычнае лёгікі падыходзіць, дык яно да паўнавартасных прававых дзеяньняў аднесенае быць ня можа”.

Гэтае меркаваньне спадарыні Абрамавай падзяляе й намесьнік старшыні партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Мне бачыцца, што правесьці трэці тур выбараў – гэта супрацьзаконна. Трэба праводзіць паўторныя выбары – так паўсюдна гэта робіцца й так, наколькі я ведаю, прадугледжвае заканадаўства Ўкраіны. Перагаласоўваць другі тур паміж дзьвюма асобамі – гэта зноў сутыкнуць дзьве паловы Ўкраіны адну з другой. Таму што інакш з сытуацыі, якая зараз склалася, выйсьця, на мой погляд, няма. Другі тур пры перамозе любога з кандыдатаў – аб’ектыўнай перамозе – ня будзе прызнаны другім кандыдатам і яго камандай”.

Паводле спадара Нісьцюка, гэта будуць ня выбары, а назіраньне аднаго кандыдата за іншым. З гэтай думкай не пагаджаецца старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які назваў украінскі судовы вэрдыкт лягічным і заканамерным:

(Лябедзька: ) “Выйграла Ўкраіна як краіна й украінцы як народ. Натуральна, што шанцаў выйграць паўторнае галасаваньне ў Юшчанкі больш, таму што за гэты час яны здолелі на свой бок прыцягнуць ня толькі тых, хто заставаўся нэўтральным, але й нават частку людзей, якая галасавала за Януковіча, – менавіта сваёй барацьбой за права людзей выбіраць”.

Спадар Лябедзька дадаў, што не чакае пасьля гэтага перагаласаваньня нейкага крызысу або расколу Ўкраіны – на ягоную думку, ствараецца добрая эмацыйная сувязь паміж Беларусьсю ды Ўкраінай, а кіеўскія падзеі маюць істотнае значэньне для грамадзян Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG