Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буркгард Гамаер: “Нямецкія сем''і не заслужылі такой крыўды”


Ул. інф. Буркгард Гамаер, старшыня Ўсенямецкай асацыяцыі чарнобыльскіх ініцыятываў, у размове з Радыё Свабода заявіў, што забарона на выезд дзіцячых групаў у Нямеччыну можа адбіцца ня толькі на здароўі беларускіх дзяцей, але і на ўзаемных дачыненьнях паміж беларусамі і немцамі. Пабудаваны за апошні 15 год мост міру і паразуменьня паміж грамадзянамі гэтых краінаў можа быць лёгка разбураны.

Буркгард Гамаер прадстаўляе ў Менску дзясяткі тысячаў сваіх суайчыньнікаў. Усе гэтыя людзі хочуць ведаць адказ на пытаньне: што ім рабіць далей?

Традыцыйна гэты перадкалядны час для многіх немцаў ёсьць пачаткам падрыхтоўкі і збору сродкаў для чарговых летніх вакацыяў беларускіх дзяцей. Толькі па лініі Ўсенямецкай асацыяцыі чарнобыльскіх суполак у 2005 годзе на адпачынак у Нямеччыну запрошаныя каля 10 тысячаў беларускіх дзяўчынак і хлопчыкаў

(Гамаер: ) “Кожная з сотняў суполак, якія ўваходзяць у нашую асацыяцыю, ёсьць самастойнай структурай. Цяпер кожная арганізуе свае адмысловыя акцыі, піша лісты як да нямецкага, так і да беларускага кіраўніцтва, у тым ліку да беларускага прэзыдэнта. Некаторыя лісты я ўзяў з сабой у Менск.

У гэтыя дні я ўжо наведаў беларускі дэпартамэнт па гуманітарнай дапамозе, іншыя структуры. Магу сказаць, што тамтэйшыя чыноўнікі таксама заклапочаныя пэўнымі тэхнічнымі момантамі. Бо яны самі добра разумеюць, наколькі гэта важна. У адным з кабінэтаў мне сказалі: мы ж мусім усё зрабіць, калі да нас паступіць адпаведная каманда. Я заўважыў гэтым людзям: тады, калі ласка, праінфармуйце ўсіх, колькі насамрэч зроблена добрага для беларускіх дзяцей нямецкімі сем''ямі.

Мушу сказаць, што ў Нямеччыне многія людзі проста пакрыўджаныя, бо зразумелі нядаўнія выказваньні беларускага прэзыдэнта як абразу. Ніводнага слова пра тое, што вось ужо 15 год немцы арганізуюць аздараўленьне не дзеля славы, не дзеля грошай, наадварот, немцы ахвяруюць грошы, ахвяруюць свой час, каб зрабіць штосьці добрае для беларускіх дзяцей. У любым выпадку людзі не заслужылі такой крыўды, як я лічу”.

У той час, калі нямецкія сем''і пішуць лісты да беларускага прэзыдэнта, выказваюць сваю занепакоенасьць наконт стану здароўя беларускіх дзяцей, пагаршэньня дачыненьняў паміж народамі і г.д., беларускія сем''і, чые дзеці неаднойчы бясплатна выяжджалі на адпачынак у Нямеччыну, пакуль ніяк не адрэагавалі на магчымае спыненьне гэтай міжнароднай акцыі. Хаця на ўзроўні індывідуальных кантактаў са спадаром Гамаерам сваё абурэньне выказвалі.

(Гамаер: ) “Я ўсё гэта добра разумею. У Нямеччыне моцная грамадзянская супольнасьць. У Беларусі гэтага пакуль няма. Гэтаму трэба вучыцца, каб аднойчы ўсім разам аб''яднацца і заявіць: Мы гэтага хочам!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG