Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім будзе рашэньне Вярхоўнага суду Ўкраіны?


Валер Каліноўскі, Кіеў Ужо 12 дзень ва Ўкраіне ідзе супрацьстаяньне па выніках другога туру прэзыдэнцкіх выбараў. 3 сьнежня тут чакаецца рашэньне Вярхоўнага суду ў гэтай справе.

Прадказаць, якім будзе сёньняшняе рашэньне суду, ніхто не бярэцца, але тое, што цягам працэсу гучала болей чым дастаткова зьвестак пра фальсыфікацыю вынікаў выбараў, і што гэтыя матэрыялы былі далучаныя да справы судом – разумеюць усе. Нават прэзыдэнт Кучма мяркуе, што суд па гэтай прычыне можа прызнаць другі тур выбараў неадпаведным волевыяўленьню грамадзянаў. Але якая будзе зробленая прававая выснова з гэтага?

Заяўнік ад імя Юшчанкі Віктар Кацерынчук хоча, каб суд вызначыў пераможцу выбараў паводле першага туру – тыя вынікі не аспрэчваліся, і тады, як мы памятаем, большасьць галасоў атрымаў Юшчанка. Прадстаўнікі ЦВК мяркуюць, што суд прымусіць іх пералічыць галасы, і гэта істотна не паўплывае на ранейшы расклад – ужо агучаную перамогу Януковіча. Іншыя сілы разважаюць так: альбо будзе абвешчанае перагаласаваньне другога туру выбараў па асобных акругах ці цалкам па Ўкраіне – альбо будуць прызначаныя паўторныя выбары.

Пасьля рашэньня суду павінны вельмі апэратыўна пачаць дзейнічаць Вярхоўная рада, прэзыдэнт, Цэнтарвыбаркам. Патрэбна падпісаць і ўвесьці ў жыцьцё законы, якія забясьпечылі б легальнае выйсьце з цяперашняй крызыснай сытуацыі.

Чакаецца, што ўсё-ткі нейкае прававое рашэньне наконт таго, ці будзе другі тур, ці новыя выбары, ці перагаласаваньне толькі па некаторых акругах, прыме менавіта Вярхоўны суд – толькі на яго, фактычна, і спадзеў. Але рэальна ён можа даць нейкую рэкамэндацыю ЦВК і Вярхоўнай радзе, таму што, безумоўна, не адзін Вярхоўны суд, а тая ўладная сыстэма ў цэлым павінна прыняць такое рашэньне.

Вярхоўны суд выклікае вялікі давер у ўдзельнікаў маніфэстацыяў у Кіеве, тым часам як прэзыдэнт Кучма – вялікі недавер. Віктар Юшчанка ўчора заявіў, што ў выпадку, калі гэтае рашэньне будзе прамаруджвацца, калі Кучма будзе настойваць на тым варыянце, які не падыходзіць, а менавіта на другіх выбарах, то ён разам з народам пяройдуць да больш актыўных, больш жорсткіх мэтадаў барацьбы. Якія гэта мэтады, ён не ўдакладняў, але патрэбная рашучасьць у яго ёсьць, відавочна. Ёсьць рашучасьць і ў людзей, якія стаяць на майданах, ля адміністратыўных будынкаў. І тым ня менш, ёсьць спадзеў, што кампраміснаму рашэньню паспрыяюць Хаўер Саляна, Аляксандар Квасьнеўскі, Валдас Адамкус, іншыя прадстаўнікі міжнародны структураў і арганізацыяў, якія зноў прыляцяць у Кіеў пасьля таго, як будзе прынятае рашэньне Вярхоўнага суду.

Учора Леанід Кучма наведваў Маскву, там у аэрапорце сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, які якраз адлятаў у Індыю. Вынікі гэтай сустрэчы паўплывалі на пазыцыю Кучмы. Той, калі вярнуўся, правёў на сваёй загародняй рэзыдэнцыі перамовы з урадам, і зь ягоных словаў стала зразумела, што пасьля размовы з Пуціным Кучма стаў больш упартым, больш жорсткім у сваёй ідэі правядзеньня паўторных выбараў, але выбараў менавіта такіх, у якіх Януковіч і Юшчанка ня маюць права больш удзельнічаць.

Ён, зноў жа, рэзка выступіў супраць ідэі, падтрыманай абсалютнай большасьцю міжнароднага супольніцтва, якую адначасова вылучае і Віктар Юшчанка – гэта ідэя перагаласаваньня другога туру выбараў, так званы трэці тур. Раней, пасьля мінулага раўнду круглага стала з удзелам міжнародных прадстаўнікоў, Кучма быў гатовы да фармулёўкі завяршэньня дзейнага выбарчага працэсу. Зараз, пад уплывам Расеі, Кучма гаворыць толькі пра новыя выбары, і ўжо вядомы чалавек, якога ўкраінскія ўлады і Крэмль хочуць зноў прасоўваць на прэзыдэнта на гэтых новых выбарах. Гэта былы кіраўнік нацыянальнага банка й кіраўнік штабу Януковіча Сяргей Цігіпка – фігура больш прымальная і больш адукаваная, чым Януковіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG