Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэмінар аб пошуку зьніклых за мяжой асобаў не закрануў тэму зьніклых апазыцыянэраў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Другі дзень у Берасьці міліцыянты зь Беларусі, Расеі, Украіны й Літвы абмяркоўваюць, як зрабіць больш дзейнымі пошукі зьніклых людзей. У беларускім грамадзтве вітаюць увагу да гэтай балючай тэмы, але лічаць, што ў ёй ня мусіць быць выключэньняў.

Адмыслоўцы адзначаюць у Беларусі некалькі фактараў, якія надаюць адметнасьці ўласьцівай шматлікім краінам праблеме зьніклых людзей. Сярод іх – адчыненасьць беларуска-расейскай мяжы, што ўскладняе кантроль за міграцыяй і адбіваецца на выніках пошуку тых, чые сьляды згубіліся.

(Васілеўскі: ) “Лічыцца 169 зьніклых за мяжой грамадзянаў Беларусі. Зь іх 60 % зьехалі ў Расею, астатнія ў Польшчу, Літву, Украіну. Гэта альбо турысты, альбо тыя, хто зьехаў на заробкі”.

Такія дадзеныя, паводле супрацоўніка міліцыі Віктара Васілеўскага, прагучалі на сэмінары ў Берасьці. Не ў кампэтэнцыі міліцыянтаў вырашэньне эканамічных праблемаў, якія ёсьць галоўнай прычынай масавай міграцыі за мяжу, але яны бяруцца палепшыць супрацоўніцтва пошукавых службаў. Патрэба ў гэтым нарастае з кожным годам.

(Васілеўскі: ) “Ёсьць выпадкі, калі нашыя беларускія грамадзяне траплялі за мяжой ў няволю. У такіх выпадках вельмі патрэбнае ўмяшальніцтва міліцыі й Інтэрполу, каб вызваліць людзей з такога становішча”.

Дарэчы, дапамога патрэбная і тым людзям, каму ўжо ўдалося вызваліцца зь няволі. Шклоўскі журналіст Аляксандр Шчарбук ведае чалавека, які пасьля няволі застаўся ня толькі бяз ног, але і без увагі людзей.

(Шчарбук: ) “Малады хлопец Алейнікаў Віктар, зьехаў у Санкт-Пецярбург. Працаваў там недзе паўгода, а калі вяртаўся, яго спынілі мясцовыя міліцыянты, забралі грошы, а самога прадалі абхазам. Тыя адвезьлі хлопца на будоўлю пад Санкт-Пецярбургам. Жыў там ў зямлянцы, абмарозіўся, выкінулі на дарогу. Цяпер – інвалід першай групы, езьдзіць на калясцы, а дапамогі ніякай няма”.

Між тым па-за межамі размовы на сэмінары ў Берасьці таксама застаецца праблема пошуку зьніклых ў Беларусі апазыцыянэраў. У прыватных размовах беларускія міліцыянты кажуць, што іх хвалюе лёс зьніклага экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, дэпутата Віктара Ганчара, бізнэсоўцы Анатоля Красоўскага, але гэтая тэма ня мусіць падымацца на публіцы. Вось як камэнтуе такое становішча праваабаронца з Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) “Цікава было б назіраць, як адны адмыслоўцы могуць глядзець у вочы сваім калегам, калі фактычна на іх сумленьні гэтыя зьнікненьні. Бо той жа міністар унутраных справаў Беларусі Навумаў фігуруе ў мэмарандуме Пургурыдэса, у працэсуальных дакумэнтах з гэтага мэмарандума, якія прадставілі сваякі пацярпелых. Як гэтыя людзі могуць казаць адно, але не рабіць справу да канца ? На маю думку, тут пытаньне з сумленьнем гэтых людзей”.

Нагадаем, дзейны міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў на апошніх прэсавых канфэрэнцыях на пытаньні журналістаў зь недзяржаўных мэдыяў заяўляў, што зьніклыя вядомыя апазыцыянэры для яго нічым не адрозьніваюцца ад больш чым тысячы зьніклых простых грамадзянаў, і што іх будуць шукаць аднолькава, між тым 5 гадоў пошукаў не далі вынікаў. А сёлета Уладзімір Навумаў патрапіў у сьпіс вышэйшых беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўропы – у тым ліку з той прычыны, што яны перашкаджаюць пошукам зьніклых апазыцыянэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG