Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа стаць пляцдармам для распаўсюду парнаграфіі


Іна Студзінская, Менск Неабходна тэрмінова прымаць больш жорсткае заканадаўства за выраб і распаўсюд парнаграфіі. На гэтым настойваюць супрацоўнікі Ўпраўленьня па барацьбе зь незаконным абарачэньнем наркотыкаў і злачынствамі ў сфэры нораваў Міністэрства ўнутраных справаў. Колькасьць грамадзянаў, у тым ліку й непаўналетніх, якія займаюцца распаўсюдам парнаграфіі, расьце, а вось пакараных за злачынствы – лічаныя адзінкі. Чаму так адбываецца?

Што да пакараньня за выраб і распаўсюд парнаграфіі, тут беларускае заканадаўства, бадай, самае гуманнае ў сьвеце. За выраб, захаваньне, распаўсюд, рэклямаваньне парнаграфічных матэрыялаў, за публічную дэманстрацыю кіна- і відэафільмаў парнаграфічнага зьместу прадугледжана адміністрацыйная (а не крымінальная) адказнасьць. І толькі калі пасьля адміністрацыйнай адказнасьці на працягу году асоба паўторна прыцягваецца за парнаграфію, наступае крымінальная адказнасьць. Але пакараньне, мякка кажучы, сьмешнае – грамадзкія працы, штраф, папраўчыя працы, максымум – абмежаваньне волі тэрмінам да аднаго году.

Ёсьць яшчэ артыкул 173 у Крымінальным кодэксе – уцягваньне непаўналетняга ў антыграмадзкае дзеяньне, зьвязанае з вырабам матэрыялаў парнаграфічнага характару. Тут пакараньне – ад грамадзкіх працаў да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Тэарэтычна, на практыцы пазбаўленьне волі – рэдкасьць.

Заканадаўства трэба тэрмінова мяняць, неабходна ўводзіць асобны артыкул за дзіцячую парнаграфію, як гэта зрабілі ўсе суседзі – Польшча, Літва, Латвія, Расея. Тры гады Міністэрства ўнутраных спраў б’ецца над тым, каб заканадаўства было зьмененае, праект падрыхтаваны.

Якое канкрэтна пакараньне мяркуецца ўвесьці ў гэтым праекце? Я размаўляла з адным з распрацоўшчыкаў паправак у Крымінальны кодэкс, супрацоўнікам Упраўленьня па барацьбе з незаконным абарачэньнем наркотыкаў і злачынствамі ў сфэры нораваў Беларусі Ігарам Цапуркам:

(Цапурка: ) “Да 343 артыкулу дадаецца другая частка. Прадугледжваецца пакараньне за выраб, захаваньне, распаўсюд, рэклямаваньне, дэманстрацыю матэрыялаў, што ўтрымліваюць заведама непаўналетніх. Мы прапануем пакараньне: арышт тэрмінам да 6 месяцаў, абмежаваньне волі да двух гадоў, альбо пазбаўленьне волі на той жа тэрмін”.

Беларусь нярэдка фігуруе як адзін з цэнтраў усясьветнай дзіцячай порнаіндустрыі. Здаецца, на пачатку году беларусы былі замешаныя ў скандале зь міжнароднай злачыннай групоўкай, якая распаўсюджвала дзіцячую парнаграфію ў інтэрнэце. Гучная справа, зьвязаная з беларускай фірмай “Рэгпэй”, даведзеная да канца сумесна з праваахоўнымі органамі ЗША, Францыі і Гішпаніі: даказаная дзейнасьць міжнароднай злачыннай групы, што займалася распаўсюдам дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнеце.

Усяго па гэтай справе было арыштавана больш за 40 чалавек, сярод якіх – сьвятары, паліцыянты, нават міністар. Затрымана было і 3 грамадзяніна Беларусі. Дарэчы, паводле міжнароднага падзелу роляў, беларусы спэцыялізуюцца на білінгу і кампутарных разьліках. І ў Беларусі працуе як мінімум чатыры злачынныя групы. Беларуская кампанія “Рэгпэй” забясьпечвала працу чатырох порнасайтаў і атрымала каля трох мільёнаў даляраў ад наведвальнікаў платных інтэрнет-сайтаў дзіцячай парнаграфіі. Але пакуль крымінальна ніхто не пакараны.

З пачатку году выяўлена, паводле міліцэйскай статыстыкі, 25 злачынстваў, зьвязаных з вырабам і распаўсюдам дзіцячай парнаграфіі ў сеціве, і 14 асобаў, што зьдзейсьнілі гэтыя злачынствы. Але што да пакараньня, то злачынцы звычайна абыходзяцца, так бы мовіць, лёгкім спалохам. Гаворыць супрацоўнік МУС Беларусі Аляксандар Гаўрылаў:

(Гаўрылаў: ) “У нас такі артыкул, які прадугледжвае мізэрную адказнасьць, таму яны ўсе на волі, абсалютна. Справы ёсьць крымінальныя, адзін раз затрымалі за распаўсюд, на другі раз чалавек атрымаў нейкае пакараньне, але мізэрнае”.

Зь вялікай цяжкасьцю я знайшла сьвежы прыклад. Зусім нядаўна Маскоўскім судом Менска асуджаны Андрэй Кабанаў. Увесну ў кавярні ён пазнаёміўся з 16-гадовай дзяўчынай, ведаў, што яна малалетка. Паабяцаў ёй грошы і ўпрыгожваньні, угаварыў пайсьці ў кватэру, дзе зрабіў лічбавым фотаапаратам парнаграфічныя здымкі, загнаў іх ў ноўтбук. Паводле артыкулу 173 Крымінальнага кодэксу Кабанаў асуджаны на два гады ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у адзін год. Але, паўтаруся, прыкладаў пакараньня – адзінкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG