Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будынак кабінэту міністраў і адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны – у блякадзе


Валер Каліноўскі, Кіеў Дэманстранты заяўляюць, што блякада кабінэту міністраў Украіны будзе зьнятая, калі Януковіч пакіне сваю пасаду. Адміністрацыю прэзыдэнта разблякуюць жа толькі пасьля прызначэньня новага туру выбараў. З цэнтру Кіева перадае наш карэспандэнт.

Блякада будынкаў кабміну і адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны працягваецца другі тыдзень, нягледзячы на ўчарашні заклікі Вярхоўнай Рады і мэмарандум круглага стала з удзелам прадстаўнікоў міжнароднай супольнасьці.

Прадстаўнік Віктара Юшчанкі Пятро Парашэнка заявіў, што блякада ўраду будзе зьнятая толькі пасьля таго, як адстаўлены ўрад Януковіча пагодзіцца вызваліць гэтае памяшканьне.

Такім чынам, сваім ціскам маніфэстанты вымагаюць Януковіча выканаць рашэньне парлямэнту.

Што да блякады будынка адміністрацыі прэзыдэнта, то размова пра яе зьняцьце пакуль не ідзе – ажно да часу ўрэгуляваньня канфлікту, паведамляюць людзі ў кардонах ля адміністрацыі, зь якімі гутарыў наш карэспандэнт.

Каля дзясятка розных выездаў з будынку адміністрацыі прэзыдэнта па-ранейшаму заблякаваныя тысячамі дэманстрантаў, аўтобусамі, грузавікамі.

Побач стаяць намёты, пункты харчаваньня, мэдычныя пасты. У жалезных бочках гараць кастры для абагрэву людзей. На кожным пад’ездзе дэманстранты ўсталявалі кардоны, дзяжураць пазьменна па восем гадзінаў. Зь іншага боку стаяць кардоны спэцназу.

Блякаду аднаго з пад’ездаў ачольвае Яўген Петрык, супрацоўнік раённай адміністрацыі са Львова, які кажа, што ягоных калегаў-чыноўнікаў тут нямала.

(Петрык: ) “У нас ёсьць каардынацыйныя цэнтар тут, але ўсе пастаўлена на ўзровень самаарганізацыі. Тыя людзі, якія маюць свае пасты, дакладна ведаюць, калі яны маюць прыйсьці сюды, калі адбудзецца замена”.

Спадар Петрык кажа, што сілаў хопіць яшчэ надоўга – ажно да вырашэньня пытаньня, і дух іх не падае, ўзровень гатовасьці не зьніжаецца. Апошнія ночы спакайнейшыя. Але быў момант, калі рыхтаваўся прарыў, і каля шостай раніцы такая спроба з боку спэцслужбаў была, але прарыў удалося спыніць.

Менавіта кардонам дэманстрантаў ўдалося затрымаць машыны з выбарчымі дакумэнтамі, якія пасьпешліва вывозіліся з будынку адміністрацыі, і якія сьведчаць пра магчымыя фальсыфікацыі. Таму цяпер дэманстранты пільнуюць вельмі ўважліва, нікога не выпусьцяць, ўсё кантралюецца – перакананы Яўген Петрык.

Насупраць шэрагаў спэцназу па вуліцы Банкавай ў ачапленьні стаіць школьны настаўнік працы з Хмяльніцкай вобласьці Аляксандар.

(Аляксандар: ) “Людзі цьвярозыя, ня п’яныя, людзі адказныя, ўсё разумеюць, за што яны стаяць, за што яны мерзнуць. Гэта простыя людзі: настаўнікі, інжынэры, простыя сяляне, студэнты, пэнсіянэры”.

Спадар Аляксандар стаіць у ачапленьні дзевяць дзён. Фёдар Канстанцінавіч, 70-гадовы пэнсіянэр з Хмяльніччыны, таксама з аўторка:

(Фёдар Канстанцінавіч: ) “Яшчэ да канца не даведзеная справа, яшчэ суд не прыняў рашэньне. Незразумела, як яшчэ павернецца справа ў судзе. Калі суд прызнае выбары несапраўднымі, то тут нам, відаць, ня будзе чаго рабіць А калі выбары прызнаюць, не ўстановяць, што яны сфальсыфікаваныя, то нам трэба будзе тут стаяць да тых пор, пакуль Юшчанка не стане прэзыдэнтам. Гэта можа быць доўга, і мы можам быць столькі, колькі трэба”.

З салдатамі спэцназу пагаварыць не ўдалося, а вось міліцыя, якая ахоўвае пад’езды бліжэйшых дамоў паведаміла, што дэманстранты паводзяць сябе карэктна, ніякіх інцыдэнтаў не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG