Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійская чэмпіёнка Юлія Несьцярэнка адчувае “бацькоўскі клопат” Аляксандра Лукашэнкі


Ігар Карней, Менск Алімпійская чэмпіёнка ў спрынце Юлія Несьцярэнка плянуе ўзяць удзел у міжнародных спаборніцтвах не раней чым улетку. Пра гэта яна паведаміла падчас першай пасьля Алімпійскіх гульняў у Афінах сустрэчы з журналістамі.

Журналістаў, перадусім, цікавіла: якіх вынікаў дасягнула Юлія Несьцярэнка пасьля выступаў у Афінах? Прынамсі, яшчэ адзін залаты мэдаліст апошняй Алімпіяды Ігар Макараў пацьвердзіў статус мацнейшага, атрымаўшы вышэйшую ўзнагароду на чэмпіянаце сьвету сярод вайскоўцаў. Але, як выявілася, Юлія Несьцярэнка штосьці камусьці даказваць і не зьбіралася:

(Несьцярэнка: ) “Зараз у мяне пэрыяд падрыхтоўкі. Я ня бегаю на хуткасьць, у асноўным гэта кросы, штанга, сілавыя практыкаваньні. Вынікаў максымальных я не дэманструю. І мы з трэнэрам вырашылі зіму прапусьціць, бо цяжка мне было аднавіцца. Але летам будзе чэмпіянат сьвету. Канкрэтнага графіку няма, усё будзе залежаць ад таго, як я сябе буду адчуваць, якая ў мяне будзе форма”.

Між тым, у кулюарах журналісты лічаць, што Несьцярэнка не рызыкуе выходзіць на міжнародныя старты зусім па іншай прычыне. Дагэтуль ня вычарпаны скандал з падазрэньнямі на прыём спартоўкай допінгу падчас спаборніцтваў у Польшчы два гады таму. Паводле польскай прэсы, допінг-тэст, узяты ў Несьцярэнкі, быў станоўчы і быццам бы выявіў у арганізьме спартоўкі забаронены кленбутэрол. Несьцярэнка не была дыскваліфікаваная толькі з той прычыны, што лябараторыя, якая праводзіла аналіз, не была сэртыфікаваная Антыдопінгавай камісіяй Міжнароднай фэдэрацыі лёгкай атлетыкі. Зрэшты, сама Несьцярэнка ўсялякія падазрэньні на свой адрас адмятае й запэўнівае, што справа толькі ў фізычнай форме.

Таксама было цікава даведацца, што падштурхнула пасьпяховую спартоўку ўзяць удзел у палітычнай кампаніі і заклікаць грамадзянаў Беларусі браць удзел у рэфэрэндуме, а калегаў-спартоўцаў – абраць на чарговы тэрмін прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандра Лукашэнку? І вось што яна адказала:

(Несьцярэнка: ) “Гэта ня толькі маё асабістае меркаваньне. Я лічу, што гэта меркаваньне спартовай грамадзкасьці – вылучыць Аляксандра Лукашэнку на пасаду прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Я вельмі задаволеная, што ў нас увогуле такі спартыўны прэзыдэнт, які робіць для нас вельмі шмат. І я адчуваю ягоны бацькоўскі клопат аб спартоўцах”.

Напрыканцы сустрэчы Юлія Несьцярэнка прызналася, што трымае заробленыя падчас Алімпіяды прэміяльныя ў беларускіх банках.
XS
SM
MD
LG