Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой будзе сёлетняя зіма?


Галіна Жарко, Менск Як сьцьвярджае народны каляндар, паводле дня сьвятых Платона й Рамана, які быў учора, 1 сьнежня, вызначаецца зімовае надвор’е. Ці спраўдзіцца гэтая народная прыкмета, і ці спраўджваюцца яны наогул?

Дык чаго нам чакаць ад зімы – сьнегу й марозаў, альбо наадварот – слоты, туманаў і непагадзі? У параўнаньні з апошнімі днямі лістапада першы дзень каляндарнае зімы аказаўся больш цёплым. А старадаўнюю прыкмету: “калі на Платона й Рамана надвор’е цёплае, дык і зіма будзе мяккай і цёплай” нагадалі спэцыялісты з навукова-досьледнага інстытуту праблемаў культуры.

У фальклёры, які зьбіраюць і захоўваюць культуролягі, ёсьць і такія назіраньні: калі ў гэты дзень надвор’е будзе мяняцца, дык зьменлівую будзем мець і зіму. Але й гэта ня ўсё: позірк “народных сыноптыкаў” сягаў ажно да вясны, пра якую меркавалі паводле 1 сьнежня. Калі прашчуры мелі рацыю, дык вясна ізноў будзе звычайная, беларуская, ня раньняя й ня позьняя.

А ці супадае “фальклёрны прагноз” з навуковым? Сыноптыкі кажуць, што людзі не забываюцца на народныя прыкметы, бо навукова абгрунтаваных доўгатэрміновых прагнозаў проста не існуе. Паслухайце Людмілу Парашчук:

(Парашчук: ) “Іх няма нідзе ў сьвеце. Гэта не таму, што недасканалая навука ў Беларусі ці ў краінах былога Савецкага Саюза. Людзі навучыліся максымум на 10 дзён складаць прагноз. Я магу расказаць, якое надвор’е чакае нас у бліжэйшыя 10 дзён. А замахнуцца на прагноз на зіму я не бяруся”.

Навука мэтэаралёгія – вельмі маладая. Яна ўзьнікла ў сярэдзіне ХІХ ст. Адным з глябальных пытаньняў мінулага стагодзьдзя было названае менавіта прагназаваньне. Але да вырашэньня гэтага пытаньня далёка.

У мэтэаралёгіі ўсё занадта ўзаемазьвязана. Фактары, зь якіх складаецца надвор’е, знаходзяцца ў пастаянным і надта складаным узаемадзеяньні. Сыноптыкі кажуць, што нават “матылёк, узмахнуўшы крылцам, нешта парушае ў атмасфэры”. Самы лёгкі рух здольны адгукнуцца недзе вельмі далёка, бо атмасфэра ня ведае межаў. І навука мэтэаралёгія, на шчасьце, таксама. Беларускія сыноптыкі вызначаюць надвор’е з дапамогаю калегаў з усяго сьвету.

(Парашчук: ) “Сусьветная мэтэаралягічная арганізацыя даступная для ўсіх, незалежна ад роўню разьвіцьця краіны. Інфармацыю адтуль могуць браць усе. І Беларусь атрымлівае гэту інфармацыю бясплатна. Беларускія сыноптыкі складаюць прагнозы на падставе тых самых мэтодык, якімі карыстаюцца ва ўсім сьвеце”.

Дык сыноптыкі Белдзяржгідрамэтэацэнтра на народныя прыкметы не зважаюць. Іх цікавяць цыклёны й антыцыклёны. Характэрнае для нашае краіны няўстойлівае надвор’е тлумачыцца блізкасьцю Атлянтыкі, якую нездарма называюць “кухняю надвор’я”, бо тут нараджаюцца цыклёны. Праз 2-3 дні цыклён, які зьмяніў у нас надвор’е, дасягае ўжо Уралу, а на нас рухаецца наступны.

Самае пэўнае, што можна сказаць пра цэлы сэзон, дык толькі тое, што будзе прыкладна так, як і заўсёды. Але прагноз на першыя 10 дзён зімы ў сыноптыкаў усё ж ёсьць. Ня варта толькі забывацца, што гэта не абяцаньне, а менавіта прагноз, верагодны на 90%. Паслухаем супрацоўніцу гідрамэтэацэнтру Людмілу Парашчук:

(Парашчук: ) “У бліжэйшыя 10 дзён кіраваць надвор’ем у Беларусі будзе Атлянтыка, яе цыклёны. Гэта азначае, што заходнія вятры будуць несьці на Беларусь вільготную й адносна цёплую паветраную масу. Гэта ападкі – дождж, сьнег, галалёды, туманы. Тэмпэратура паветра слаба адмоўная ўначы й слаба станоўчая ўдзень. Нічога добрага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG