Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэйман хоча мець моцную вэртыкаль, каб не было як ва Ўкраіне


Юры Дракахруст, Прага У сувязі з падзеямі ва Ўкраіне ў Беларусі павінна быць умацаваная сыстэма ўлады. Пра гэта заявіў новы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Віктар Шэйман. Сёньня Аляксандар Лукашэнка прадставіў Шэймана супрацоўнікам адміністрацыі.

“Зьнешнепалітычная сытуацыя, найперш падзеі ва Ўкраіне, паказвае, што сучасныя палітычныя тэхналёгіі, слабая кіраванасьць унутры краіны можа прывесьці да сур’ёзных наступстваў” – заявіў Віктар Шэйман.

“У сьвеце адбываюцца значныя зьмены і сыстэма дзяржаўнага кіраваньня павінна быць гнуткай, мабільнай і адаптаванай да сучасных умоваў” – падкрэсьліў новы кіраўнік адміністрацыі.

Паводле яго, выкананьне задачаў залежыць ад таго, наколькі адзінай зьяўляецца вэртыкаль улады – ад міністраў, старшыняў аблвыканкамаў да выканаўцаў на месцах.

Падчас прадстаўленьня новага кіраўніка адміністрацыі Лукашэнка сказаў, што быў задаволены працай папярэдніка новага кіраўніка яго адміністрацыі Ўрала Латыпава. Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што Латыпаў добра адпрацаваў падчас апошніх выбараў і рэфэрэндуму.

Лукашэнка патлумачыў, што адстаўка кіраўніка адміністрацыі плянавалася даўно.

У слове ў адказ Латыпаў заявіў, што для яго, які нарадзіўся не ў Беларусі, было “вялікім гонарам працаваць на высокіх пасадах”. Ён дадаў, што ўсё беларускае ўспрымае, як роднае, што “прыкіпеў” да працы і людзей, але ёсьць лёгіка жыцьця, у тым ліку і палітычная, і ёй трэба кіравацца.

У інтэрвію газэце “Народная воля” Латыпаў паведаміў, што не зьбіраецца ісьці на дзяржаўную службу ані ў Беларусі, ані ў Расеі, ані ў іншай краіне, не зьбіраецца вяртацца ў КГБ, дзе адслужыў амаль 10 гадоў, “назад я ніколі не вяртаюся” – сказаў былы кіраўнік адміністрацыі.

Раней паведамлялася, што Латыпаў мае намер заняцца гаспадарчай дзейнасьцю, магчыма ў межах нейкага беларуска-расейскага праекту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG