Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адаб’ецца крызыс ва Ўкраіне на яе эканамічных дачыненьнях зь Беларусьсю?


Міхал Стэльмак, Менск Палітычны крызыс ва Украіне, паводле мясцовых палітыкаў, эканамістаў і гаспадарнікаў, пагражае эканамічнаму разьвіцьцю краіны. Як заявіў днямі ўкраінскі міністар фінансаў Мікола Азараў, з прычыны крызысу бюджэт гэтай дзяржавы ўжо страціў каля 600 мільёнаў грывен, альбо 113 мільёнаў даляраў. Між тым Украіна, як вядома – адзін з галоўных эканамічных партнэраў Беларусі. Ці існуе небясьпека для іх эканамічных стасункаў?

Для Беларусі і Ўкраіны гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, паводле лідэраў дзьвюх краінаў, ёсьць прыярытэтам двухбаковых адносінаў. Сёлета, напрыклад, таваразварот між імі склаў за першае паўгодзьдзе 472 мільёны даляраў. Беларусь экспартуе ва Ўкраіну такую прадукцыю як трактары, сельскагаспадарчую тэхніку, грузавыя аўтамабілі, хімічныя вырабы, тэлевізары, лядоўні. А імпартуе з Украіны мэталічныя вырабы, найперш трубы; таксама кукурузу, алей.

Аляксандр Лукашэнка і Леанід Кучма падчас сваіх сёлетніх сустрэчаў дамовіліся пра павелічэньне двухбаковага гандлю. Адным з выканаўцаў гэтай ініцыятывы зь беларускага боку ёсьць амбасада Беларусі ў Кіеве. Таму прадстаўнікі беларускай дыпмісіі, як вынікае зь іх тлумачэньня, уважліва сочаць за разьвіцьцём палітычнай сытуацыі ва Украіне. Ці адбіваецца яна на беларуска-ўкраінскіх эканамічных стасунках? Вось што ў гутарцы са мной зазначыў на гэты конт кіраўнік групы ў гандлёва-эканамічных пытаньнях Валянцін Філіпчык:

(Філіпчык: ) “Яшчэ не было зваротаў наконт нейкіх цяжкасьцяў альбо зьяўленьня праблемных пытаньняў. Банкі працуюць, усё працуе нармалёва. Ніякіх збояў няма, ва ўсялякім разе, у мяне няма такіх фактаў. Што ёсьць збоі ў пералічэньні, альбо неатрыманьні, альбо затрымцы грузаў на мяжы – такіх фактаў няма. Але калі гэта будзе працягвацца, то, вядома, што любы палітычны крызыс адбіваецца на эканоміцы”.

На ўзроўні беларускай амбасады, як вынікае з выказваньняў яе прадстаўніка, пакуль што няма прыкметаў эканамічнай дэстабілізацыі. А што кажуць на гэты конт непасрэдныя ўдзельнікі беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва?

Што тычыцца беларускіх суб’ектаў гаспадараньня, то, паводле тлумачэньня іх работнікаў, яны пакуль дрэнна арыентуюцца ва ўкраінскіх падзеях, і эканамічных наступстваў крызысу пакуль ня адчуваюць. Паводле іх зьвестак, украінскія гаспадарнікі ў тэлефонных размовах раяць ім не хвалявацца і абнадзейваюць, што колькі б ня доўжылася няпэўнасьць з новым прэзыдэнтам Украіны, яны свае партнэрскія абавязацельствы будуць выконваць. Беларусы такім запэўніваньням пакуль што даюць веры, аднак не выключаюць пераарыентацыі на партнэраў у іншых краінах. Падставай для такой пераарыентацыі, паводле іх тлумачэньняў, могуць стаць фінансавыя збоі ва ўзаемадачыненьнях.

Куды больш трывогі наконт эканамічных наступстваў – у непасрэдных відавочцаў украінскіх палітычных падзеяў. Як заявіў днямі кіраўнік Дзяржаўнай мытнай службы Ўкраіны Мікалай Каленскі, зьнешнеэканамічная актыўнасьць украінскіх суб’ектаў гаспадараньня зараз істотна зьнізілася. Выглядае, што для такой тэндэнцыі ёсьць падставы. Напрыклад, у Данецку ягоным жыхарам добра вядома акцыянэрнае таварыства “Мэбля”, якое належыць бізнэсоўцу, этнічнаму беларусу Анатолю Акушку. Гэтая фірма актыўна супрацоўнічае зь Беларусьсю. Зараз спадар Акушка хварэе, і таму ўражаньнямі пра падзеі ва Украіне й іх эканамічныя наступствы падзялілася са мной адміністратар фірмы “Мэбля” Вольга Волкава:

(Волкава: ) “Вядома, гэта на нас адаб’ецца. Паколькі мы праз банк разьлічваемся зь Беларусьсю, з Расеяй. Мы гандлюем мэбляй зь Пінску, з Бабруйску, з Маладэчна. І потым: у нас жа падае выручка з прычыны гэтай дэстабілізацыі. Людзі зараз баяцца ўкладваць грошы ў нешта. Усе лічаць за лепшае трымаць грошы дома. Мы – гандлёвае прадпрыемства. Цалкам залежым ад пакупніцкай здольнасьці насельніцтва. Калі насельніцтва да нас ня прыйдзе плаціць грошы, то, натуральна, гэта адаб’ецца і на нашым прадпрыемстве, паколькі заробак мы атрымліваем з выручкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG