Тым ня меней апазыцыя па-ранейшаму патрабуе адстаўкі Януковіча, і не спыніцца на гэтым шляху
Прэм’ер-міністар Віктар Януковіч на паседжаньне Вярхоўнай рады, якое разглядала магчымасьць ягонай адстаўкі, не прыйшоў. Ён назваў разгляд гэтага пытаньня незаконнай расправай над ім. Тым ня менш, Януковіч актыўна шукае кампраміс і заклікае да перамоўнага працэсу, хаця нейкіх вынікаў перамоваў няма.
Януковіч сёньня заявіў пра гатовасьць да перагаласаваньня ў Луганскай і Данецкай абласьцях, калі такое рашэньне будзе прынятае Вярхоўным судом. Калі ж суд выявіць такія парушэньні і на Захадзе Ўкраіны, то Януковіч прапануе праводзіць паўторныя выбары, але без удзелу Юшчанкі і яго самога. Калі ж суд не задаволіць скаргі Юшчанкі, то Януковіч выказаў прапанову Юшчанкі стаць прэм’ерам, у якога будуць павялічаныя паўнамоцтвы згодна з праектам палітычнай рэформы.
Віктар Юшчанка ў адказ катэгарычна адмовіўся ад ролі прэм’ера пры прэзыдэнце Януковічы. Юшчанка заяўляе, што праблема ў тым, што вынікі выбараў сфальсыфікаваныя, і гэта трэба прызнаць уладзе.
Пасьля таго як Генпракуратура і СБУ завялі крымінальныя справы наконт пасягальніцтва на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, Данецкая абласная рада вырашыла адкласьці рэфэрэндум аб статусе Данбаса, які быў прызначаны на 5 сьнежня.