Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кіраўніцтве Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” насьпявае крызыс


Алесь Дашчынскі, Менск Лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч разам з кіраўнікамі Партыі жанчын “Надзея” і аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” дамовіліся пра стварэньне новай сацыял-дэмакратычнай партыі.

Тым часам частка сябраў ЦК на чале зь першым намесьнікам Уладзімерам Нісьцюком правяла пленум ЦК, на які Мікола Статкевіч не прыйшоў. Тым ня менш, там было прынята рашэньне аб правядзеньні 15 студзеня нечарговага зьезду “Народнай грамады”. Другім пытаньнем зьезду будзе пытаньне пра кіраўніцтва. Меркаваньне Ўладзімера Нісьцюка:

(Нісьцюк: ) “Цяпер старшыня партыі зь невялікай групай людзей спрабуе адысьці ад партыйнай працы, стварыць нейкую новую партыю. Рашэньняў калегіяльных органаў на гэты конт няма. Старшыня на сваю ініцыятыву, як фізычная асоба, цяпер займаецца стварэньнем аргкамітэту новай аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі”.

Паводле спадара Нісьцюка, намесьнікі старшыні цяпер ня маюць магчымасьці патрапіць у офіс “Народнай грамады” — з памяшканьня выдаленыя практычна ўсе супрацоўнікі апарату.

У сваю чаргу Мікалай Статкевіч лічыць інфармацыю пра зьезд “Народнай грамады” памылковай.

(Статкевіч: ) “Рашэньне аб зьезьдзе можа прыняць толькі ЦК, а ЦК адбудзецца неўзабаве, і ён дасьць належную ацэнку дзеяньням тых, хто ня хоча выконваць рашэньняў зьезду і аб’ядноўвацца”.

Тое, што адбываецца ўнутры партыі, Мікалай Статкевіч называе “бунтам намесьнікаў”.

(Статкевіч: ) “Адбываецца спроба перашкодзіць аб’яднаўчаму працэсу, у тым ліку і ўсёй апазыцыі”.

Меркаваньні партыйцаў падзяліліся: адны вінавацяць групу Нісьцюка, іншыя спадара Статкевіча. Ці можа гэта прывесьці да расколу? Пытаньне да старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Аляксея Гаўруцікава:

(Гаўруцікаў: ) “Прынцып аналёгіі ёсьць з каралёўскай групай. Магчыма, што гэта прывядзе да расколу, хаця як такога, расколу можа ня быць у прававой форме”.

Намесьнік старшыні Берасьцейскай абласной арганізацыі Ігар Маслоўскі заявіў:

(Маслоўскі: ) “Старшыня страціў аўтарытэт у абсалютнай большасьці сяброў партыі, у яго фактычна не засталося паплечнікаў у найвышэйшых кіроўных органах партыі, таму ён робіць незразумелыя захады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG