Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрыстас Пургурыдэс: “Шэймана трэба было звольніць увогуле ды правесьці належнае расьсьледаваньне”


Юры Сьвірко, Менск Сябра Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы камэнтуе кадравыя зьмены ў кіраўніцтве Беларусі ды заяўляе, што Захад працуе над пытаньнем санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва. Менскія чыноўнікі ад камэнтароў устрымліваюцца, кажучы, што на практыцы зьмены яшчэ не адбыліся — Віктар Шэйман пакуль адміністрацыяй прэзыдэнта не кіруе.

У былой прыёмнай Урала Латыпава на пытаньне, ці гэта прыёмная Віктара Шэймана, адказалі станоўча, але пасьля паўзы. Сакратарка патлумачыла гэтую паўзу так:

(Сакратарка: ) “Ён яшчэ не пачаў выконваць абавязкі кіраўніка. Яго яшчэ няма — ён яшчэ на старым месцы”.

На старым месцы працы Віктара Шэймана — у Пракуратуры Беларусі — патлумачылі, што Аляксандар Лукашэнка будзе прадстаўляць новых кіраўнікоў калектывам у сераду.

Аўтар дакладу “Зьніклыя асобы ў Беларусі”, сябра ПАРЭ ад Кіпру Хрыстас Пургурыдэс гэтак пракамэнтаваў новае прызначэньне Віктара Шэймана:

(Пургурыдэс:) “Звальненьне яго з пасады генэральнага пракурора ды перамяшчэньне ў прэзыдэнцкую адміністрацыю — гэта ня тое, што я магу назваць слушным крокам. Яго трэба было звольніць увогуле ды правесьці належнае расьсьледаваньне. Знаходзячыся ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, ён будзе мець магчымасьць уплываць на гэтыя рэчы”.

Спадар Пургурыдэс нагадаў, што разам зь міністрамі спорту Юрыем Сіваковым і ўнутраных справаў Уладзімерам Навумавым ды кіраўніком спэцбрыгады ўнутраных войскаў Дзьмітрыем Паўлічэнкам спадар Шэйман цяпер знаходзіцца ў сьпісе тых чыноўнікаў, якім забаронена выдаваць візы ў краіны Эўразьвязу, і дадаў:

(Пургурыдэс: ) “Я спадзяюся, што ён застанецца там, таму што ён быў вельмі ўцягнуты ў зьнікненьні”.

Хрыстас Пургурыдэс таксама адказаў на маё пытаньне, ці магчымае правядзеньне сапраўднага расьсьледаваньня справаў зьніклых пры новым генпракурору:

(Пургурыдэс: ) “Вядома, не. Да таго часу, пакуль ёсьць Лукашэнка, ня можа быць належнага расьсьледаваньня”.

Спадар Пургурыдэс дадаў, што Парлямэнцкая асамблея Рада Эўропы па-ранейшаму заклапочаная справамі зьніклых у Беларусі апазыцыянэраў:

(Пургурыдэс: ) “Відавочна, што мы дагэтуль занятыя гэтай справай. Мы зьбіраемся вярнуцца да гэтага пытаньня. Мы працуем вельмі асьцярожна з Эўрапейскім Зьвязам і Злучанымі Штатамі наконт пытаньня санкцыяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG