Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як аўтааматары ставяцца да загаду Аляксандра Лукашэнкі што да зьменаў правілаў руху?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Два тыдні таму Аляксандр Лукашэнка загадаў скасаваць тое правіла дарожнага руху, паводле якога з пачатку лістападу да красавіку аўтамабілі мусяць рухацца толькі з ўключанымі фарамі. Аляксандр Лукашэнка загадаў таксама ўлічыць іншыя меркаваньні грамадзянаў аб удасканаленьні правілаў дарожнага руху. Каб выканаць гэты загад, з 29 лістападу ДАІ краіны прымае прапановы грамадзянаў. Якія праблемы найбольш цікавяць аўтааматараў паводле вынікаў першага дня гэтай кампаніі?

Удакладню: Аляксандр Лукашэнка абураўся ня толькі тым, што аўтамабілі езьдзяць удзень з уключанымі ліхтарамі, але й выпадкамі, калі правы купляюць, ды за рулём апынаюцца нецьвярозыя кіроўцы. Але, як паказалі вынікі першага дня, калі ДАІ прымае прапановы грамадзянаў аб удасканаленьні правілаў дарожнага руху, пакуль людзей больш закранула ўсё ж праблема з ліхтарамі.

Дык варта ўключаць сьвятло ці не ? Паводле супрацоўніцы прэсавай службы ДАІ Ганны Галдыцкай, тыя, хто тэлефанаваў учора ў ДАІ, выказваліся за захаваньне гэтага правіла:

(Галдыцкая: ) “У асноўным былі прапановы пра сьвятло ліхтароў. Што ня трэба адмяняць гэтае правіла. Вось ад імя цэлага калектыву званіў дырэктар і казаў, што гэтак прынята ва ўсёй Эўропе, ды папярэджваў, каб гэтае правіла не чапалі”.

Супрацоўніца ДАІ ўдакладніла, што пасьля адмены правіла пра абавязковае ўключэньне ліхтароў у зімовы пэрыяд дзейнічае старое правіла, паводле якога сам кіроўца вырашае, уключаць сьвятло ці не. Аднак параўнаньне колькасьці здарэньняў за час дзеяньня правіла і ў папярэдні пэрыяд сьведчыць на карысьць гэтага правіла, лічыць Ганна Галдыцкая. Паводле яе, з увядзеньнем правіла аварыйнасьць зьнізілася амаль на 15 адсоткаў, а здарэньні з удзелам мінакоў зьнізіліся нават на чвэрць. Супрацоўніца ДАІ ілюструе гэта выпадкам з ўласнага жыцьця:

(Галдыцкая: ) “Прыкладам, наколькі я ўжо акуратна хаджу праз дарогу, але паглядзела направа, налева, і пайшла. Задумалася, відаць. Толькі чую – сыгналіць. А ён выехаў з-за рогу безь сьвятла, і я яго не заўважыла”.

Паводле дасьледваньняў, якія пацьверджаныя досьведам эўрапейскіх краінаў, прынцып ўключанага сьвятла дае станоўчы вынік толькі пры ўмове, калі яго прытрымліваюцца ня менш за 80 адсоткаў удзельнікаў дарожнага руху. Забясьпечыць такую масавасьць магчыма толькі тады, калі гэта становіцца правілам, абавязковым для ўсіх.

Адмыслоўцы ў ДАІ, якія прапанавалі гэтае правіла, цяпер занепакоеныя, што іх ініцыятыва загіне. Аднак падобна на тое, што аўтааматары прыйшлі на дапамогу інспэктарам. Журналіст Уладзімір насуперак дазволу не ўключаць ўдзень ліхтары езьдзіць выключна са сьвятлом і кажа, што справа ня толькі ў меркаваньнях бясьпекі:

(Уладзімір: ) “Гэта мая асабістая форма пратэсту супраць дурных рашэньняў, якія прымаюцца”.

У ДАІ мне пацьвердзілі, што пакуль большасьць удзельнікаў дарожнага руху ў Беларусі захавалі адданасьць правілу ўключаных ліхтароў. А яшчэ інспэктары просяць зацікаўленых аўтааматараў не абмяжоўвацца тэлефонам, а дасылаць свае прапановы ў пісьмовым выглядзе. “Толькі лісты могуць стаць дакумэнтальнымі пацьверджаньнямі волі ўдзельнікаў дарожнага руху” – кажуць ў ДАІ краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG