Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цімашэнка патрабуе прыцягнуць Кучму да крымінальнай адказнасьці, Кучма – тры варыянты выхаду з крызісу


Валер Каліноўскі, Кіеў Ужо тыдзень ва Ўкраіне працягваецца палітычны крызіс. Паплечнікі апазыцыйнага кандыдата Віктара Юшчанкі вінавацяць улады ў фальсыфікацыі выбараў. На вуліцах украінскіх гарадоў працягваюцца акцыі пратэсту і мітынгі прыхільнікі абодвух кандыдатаў. Апошнія навіны зь вечаровага Кіеву.

На Майдане Незалежнасьці закончыўся выступ лідэраў кааліцыі "Сіла народу" . Віктар Юшчанка заявіў, што ён упэўнены, што 30-га лістапада будзе вельмі адзказны і важны дзень. Магчыма, 30-га лістапада, Вярхоўная Рада накіруе ў адстаўку прэм''ера Віктара Януковіча, генэральнага пракурора Васільева, міністра ўнутраных справаў Белаконя.

Адстаўку кіраўніка Нацбанку Юшчанка ацаніў як сьведчаньне неадказнасьці за тое, што робіцца ў эканоміцы. На думку Юшчанкі, Януковіч, Васільеў, Белаконь павінны пайсьці ў адстаўку таму, што не змаглі захаваць украінскі закон і спрыялі сэпаратысцкім настроям на ўсходзе краіны.

Апрача таго Юшчанка заклікаў маніфэстантаў прыйсьці ў аўторак да будынку Вярхоўнай Рады, каб падтрымаць гэтыя рашэньні. Віктар Юшчанка высока ацаніў дзеяньні Вярхоўнага Суду, які разглядае скаргу на выбары. Паводле ягоных словаў, уся Ўкраіна ўпершыню ў гісторыі ў жывым эфіры назірае за гэтым працэсам.

Пазьней выступіла Юлія Цімашэнка. Яна заявіла, што ў сэпаратызьме на ўсходзе краіны вінаваты Леанід Кучма і заклікала неадкладна завесьці супраць Кучмы крымінальную справу за здраду дзяржаве.

Дарэчы, сёньня Леанід Кучма заявіў сваю пазыцыю наконт выйсьця з сытацыі вакол выбараў. Ён прапанаваў тры вырашэньня праблемы. Першае - перападлік галасоў, другое - перагаласаваньне ў Данецкай і Луганскай абласьцях. Трэцяе - паўторныя выбары. Таго варыянту, на якім настойвае Віктар Юшчанка, Леанід Кучма пакуль не называе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG