Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каманда Юшчанкі патрабуе звальненьня Віктара Януковіча


Юры Дракахруст, Прага Камітэт нацыянальнага ўратаваньня, створаны прыхільнікамі Віктара Юшчанкі, вылучыў ўльтыматум прэзыдэнту Кучму. Патрабуецца, каб Кучма звольніў Віктара Януковіча з пасады кіраўніка ўраду за фальсіфыкацыю выбараў і ўдзел у сэпаратысцкіх дзеяньнях.

Прапануецца таксама звольніць кіраўнікоў адміністрацыяў Данецкай, Луганскай і Харкаўскай абласьцеў, прапанаваць новы склад Цэнтральнай выбарчай камісіі, распачаць крымінальныя справы супраць асобаў, што заклікаюць да расколу Ўкраіны. На мітынгу на Майдане Незалежнасьці Юлія Цімашэнка заявіла:

(Цімашэнка: ) “На выкананьне гэтых умоваў мы разам з вамі адводзім Кучму 24 гадзіны. Інакш мы будзем разглядаць бяздзейнасьць Кучмы як злачынства супраць нашага народу з наступствамі, якія прадугледжаныя крымінальным кодэксам Украіны”.

Цімашэнка заклікала ў выпадку невыкананьня патрабаваньняў блякаваць рух прэзыдэнта Кучмы па краіне.

Сёньня прыхільнікі Віктара Юшчанкі працягвалі блякаваць будынкі ўраду і адміністрацыі прэзыдэнта. Віктар Януковіч з гэтай нагоды заявіў наступнае:

(Януковіч: ) “Практычна сёньня паралізаваная праца ўраду. І, калі ў найбліжэйшыя дні прэзыдэнт Украіны разам з Радай бясьпекі ня змогуць разблякаваць ворганы дзяржаўнага кіраваньня, калі сёньня Вярхоўная Рада ня прыме рашэньня спыніць зьдзек над заканадаўствам і Канстытуцыяй Украіны, тады трэба падымацца ўсім і рашуча сказаць сваё слова “не”.

Генэральны сакратар НАТО Яп дэ Хоп Схэфэр і Вышэйшы прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі заклікалі захаваць адзінства і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Камэнтуючы паведамленьні пра пляны стварэньня Паўдзённа-Ўсходняй аўтаноміі ва Ўкраіне Хаўер Саляна заявіў, што “любы тып пагрозаў такога кшталту непажаданы. Адзінства Ўкраіны – фундамэнтальная каштоўнасьць”.

Мэр Данецку Аляксандар Лукьянчанка абвясьціў, што з сёньняшняга дня на працягу тыдня ў Данецку кожны дзень будуць праводзіцца мітынгі ў падтрымку Віктара Януковіча, паводле Лук’янчанкі, “у падтрымку канстытуцыйных правоў грамадзянаў”.

У Луганку ўдзельнікі маніфэстацыіі ў падтрымку Юшчанкі былі зьбітыя прыхільнікамі Януковіча, пацярпелі некалькі дзесяткаў чалавек, у тым ліку і журналісты. У Чаркасах адбыўся напад на намётавы лягер прыхільнікаў Юшчанкі, у Віньніцы быў падпалены абласны выбарчы штаб Юшчанкі. У Кіраваградзе невядомыя зьбілі апазыцыйнага журналіста, ён дастаўлены ў шпіталь з пераломам тварнай косткі і страсеньнем мозгу.

Прэзыдэнт Кучма выказаў меркаваньне, што раскол Украіны пачаў не Ўсход, а Захад, хаця і Ўсходняя Украіна таксама сказала сваё слова. Ён дадаў: “Я думаю, што ніхто – ні Януковіч, ні Юшчанка ня хоча быць прэзыдэнтам толькі часткі Ўкраіны”.

Расейская газэта “Коммерсант” паведамляе, што ва Ўкраіне знаходзяцца байцы расейскага спецназу, паводле выданьня, першыя злучэньні былі перакінутыя ва Ўкраіну яшчэ 24 лістапада. Расейскія сілавыя ведамствы абвяргаюць гэтую інфармацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG