Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя арышты за ўдзел у апазыцыйнай акцыі супраць вынікаў рэфэрэндуму


Любоў Лунёва, Менск Суд Цэнтральнага раёну Менску арыштаваў Ягора Баброва на трое сутак. Міліцыянты згадалі, што ён 21 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы быў разам зь іншымі ўдзельнікамі апазыцыйнай акцыі пратэсту супраць вынікаў галасаваньня і трымаў бел-чырвона-белы сьцяг.

Міліцыянты прыехалі па Ягора раніцай. Яму патлумачылі, што павязуць у суд, каб разгледзець адміністрацыйны пратакол за парушэньне ў часе правядзеньня масавага вулічнага мерапрыемства.

26 кастрычніка Ягора Барова затрымалі разам зь лідэрам Беларускай партыі свабоды Сяргеем Высоцкім, Вячаславам Сіўчыкам, Настай Азаркай, Алесем Васілеўскім, Уладзімерам Беглікам і двума непаўлетнімі хлопцамі. Непаўналетніх і Ягора Баброва адпусьцілі, астатніх на наступны дзень прывезьлі ў суд, дзе арыштавалі.

Судзьдзя абвясьціў Ягору Баброву, што ён будзе адбываць трое сутак арышту ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Упершыню арыштаванага не ўзялі пад варту адразу. Судзьдзя папрасіў Ягора, каб той пайшоў дахаты і пачакаў, пакуль па яго прыедуць міліцыянты. Ён не разумее, чаму наогул яго раптам вырашылі прыцягнуць да адказнасьці.

(Баброў: ) “Мяне тады затрымалі, а цяпер асудзілі. Я не разумею, чаму яны так доўга чакалі, астатніх асудзілі, я мяне — не. Цяпер я буду адбываць пакараньне адзін”.

Лідэр БПС Сяргей Высоцкі лічыць, што магчымай прычынай арышту Ягора Баброва стала ягоная паездка ва Ўкраіну на знак падтрымкі ўкраінскай апазыцыі.

(Высоцкі: ) “Канечне, можна ў замілаваньне прыйсьці ад нашага правасудзьдзя. Спачатку могуць адпусьціць чалавека, а потым згадаць, што ён асьмеліўся ўзьняць нацыянальны сьцяг. Якія гіпотэзы? Ці то яны падводзяць плян па затрыманых, альбо асуджаных, які ня цалкам выкананы… Ці то пасьля паездкі ва Ўкраіну нас вітае родная ўлада. Гэты хлопец быў разам з намі ў лягеры ўкраінскай арганізацыі “Пара”.

Ягор Баброў — апошні арыштаваны ўдзельнік апазыцыйных акцыяў пратэсту супраць вынікаў галасаваньня 17 кастрычніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG