Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паляваньне будзе даступна толькі для багатых?


Міхал Стэльмак, Менск Паляўнічую сфэру ў Беларусі чакаюць радыкальныя пераўтварэньні. Як заявіў сёньня Аляксандр Лукашэнка, дзяржаўная палітыка ў гэтай сфэры будзе спрыяць забясьпечаным грамадзянам.

“За апошнія гады ніхто без дазволу ня прыехаў у Белавескую пушчу на паляваньне. Хаця я прафэсійны паляўнічы, але я не магу страляць у жывую істоту”, – зазначыў Лукашэнка, паведаміўшы, што за апошнія дзесяць гадоў ён адзін раз зьезьдзіў на паляваньне. Як вынікае зь яго выступу, для зьбяднелых беларусаў паляваньне будзе недаступным.

Сёлета колькасьць паляўнічых у краіне працягвала зьніжацца. Напрыклад, на Ушаччыне, паводле словаў старшыні раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Эдуарда Верташонка, мае месца такая тэндэнцыя:

(Верташонак: ) “Сяброў у мяне было 540. З 540 стала 280. Я ведаю, што яшчэ зьменшыцца. Паляваньне стала дарагім задавальненьнем. Напрыклад, каб набыць дзяржаўнае пасьведчаньне, трэба заплаціць 260 тысяч. Трэба стрэльбу набыць, дазвол, перарэгістраваць. Сёлета ніводнага чалавека не ўступіла ў таварыства”.

Мястэчка Зэмбін, што ў Барысаўскім раёне, заўжды вызначалася цягай мясцовых жыхароў да паляваньня. У ваколіцах водзяцца дзікі, ласі, зайцы і іншая дзічына. Але зь нядаўняга часу зэмбінцы, паводле паляўнічага Васіля Батуры, ня бяруць у рукі стрэльбаў:

(Батура: ) “Зэмбінцы ня палююць. Забаронена тут усё. Сапраўдная неразьбярыха. Паставілі знакі, што нідзе тут нельга паляваць”.

Падобна на тое, што у Зэмбіне, як і ў іншых рэгіёнах, ужо рэалізуецца дзяржаўная палітыка, абвешчаная Аляксандрам Лукашэнкам на сёньняшняй нарадзе, прысьвечанай пытаньням паляўнічагаспадарчай дзейнасьці:

(Лукашэнка: ) “Паляўнічая дзейнасьць – гэта ня сфэра сацыяльнага забесьпячэньня. Гэта галіна забавы і адпачынку далёка ня бедных людзей. З вялікімі партфэлямі”.

Паводле паляўнічых, Лукашэнка тут мае рацыю. Шараговых паляўнічых выцесьнілі асобы пры пасадах і грашох. Гэта ж пацьвярджае і зэмбінскі паляўнічы спадар Батура:

(Батура: ) “Усё гэта нешта намеціў Лукашэнка”.

(Карэспандэнт: ) “А ці ёсьць парадак?”

(Батура: ) “Які парадак? Зэмбінцам няма дзе паляваць. Сядзяць усе дома. Прыяжджаў, што ў нас быў на выбарах, Козік. Прыяжджаў і ўжо паляваў тут. Вадзіў яго тут адзін мясцовы браканьер. Яго ўжо двойчы лавілі. Ружжы адбіралі ў яго. Дзе і што яны палявалі–ніхто не ведае.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG