Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выдачы візаў у краіны Эўразьвязу трэба забараніць усім вэртыкальшчыкам і старшыням акруговых выбарчых камісіяў”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 24 лістапада 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Зіноўеў: ) “Добры вечар! Хачу выказацца наконт узьвядзеньня жалезабэтоннай сьцяны вакол генэральнай пракуратуры Беларусі. Дзесьці два гады таму я прачытаў меркаваньне расейскага журналіста, што беларускія афіцыйныя будынкі неабароненыя, як у Маскве. І нават раілі уладам Беларусі ўзьвесьці такія агароджы, каб яны былі як непрыступныя крэпасьці. Гэта адназначна факт слабасьці беларускіх уладаў. У сёньняшніх умовах, лічу, што правільна напісалі: “Улада баіцца тых, хто не баіцца”. Акрамя таго, я мяркую, што на апошняй нарадзе ў гэбэшнікаў было прынята рашэньне: усе лішнія дакумэнты накіраваць у Маскву. Напрыклад, мяркую, тое, што тычыцца прыбываньня Освальда ў Менску, ужо даўно ў Маскве. Але гэта маё асабістае меркаваньне, навеянае ўзьвядзеньнем гэтай агароджы вакол генэральнай пракуратуры. Дзякуй”.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Добры вечар, Свабода! З хваляваньнем назіраю тое, што адбываецца ва Ўкраіне. І, спадзяюся, што Гасподзь не пакіне гэтую краіну і дасьць ім волю нарэшце. Малю, каб украінскі народ здабыў тую незалежнасьць, якую год назад прыкладна ў тых жа ўмовах здабыў грузінскі народ. Але галоўнае жадаю сказаць наступнае.

Я спадзяюся на тое, што нарэшце наша апазыцыя зразумее, як трэба працаваць. Тры прыклады: Югаславіі, Грузіі і Украіны перад вачыма. Дык, шаноўныя, ды нарэшце аб’яднайцеся ж вы! Ды прыйдзіце да народу! Ды перамажыце вы гэтую дыктатуру з нашай народнай дапамогай! Ці вы будзеце зноў рваць тое, што вам яшчэ не належыць? Будзеце зноў шукаць сабе прыхільнікаў альбо ў Расеі, альбо ў ЗША, а не сярод народу? І, я спадзяюся, што вы ўсё ж такі здолееце знайсьці ў сабе і розум, і здаровы сэнс. А ўкраінскаму народу яшчэ раз жадаю вырвацца з гэтай постсавецкай, посткамуністычнай і пострасейскай улады! Дзякуй”.

(Спадар: ) “Аўторак. 23 лістапада. Перакажыце, калі ласка, украінскай станцыі Свабода дзеля трансьляцыі на Ўкраіну. “Дарагія ўкраінскія браты! Мы з вамі ва ўсіх вашых спадзяваньнях і марах пра свабоду! Працуе эфэкт падаючага даміно: Грузія, Украіна, а тады і мы. Пераможаце вы, і нам будзе нашмат лягчэй! Няхай жыве вольная прыгажуня Ўкраіна!”

(Тацяна Барыс: ) “Пра аздараўленьне дзяцей на Захадзе. Мы, мэдыкі, ведаем, у якіх цяжкіх умовах жывуць нашыя дзеці, калі 1 кг тварагу каштуе каля 2-х тысяч, а 1 кг мяса ад 5 да 10 тысяч. Калі ніхто з нас ня ведае, якую дозу радыяцыі ён накапіў. І мы не маўчым! Прыкладам таму прафэсар Бандажэўскі. Ведаюць гэта і бацькі нашых дзяцей, ведаюць, якую дапамогу і падтрымку аказаў нам Захад. Але яны няўдзячна маўчаць. Дык чаму ж маўчаць бацькі? Дзякуй”.

(Мікола Саскевіч: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! Я ўпэўнена магу сказаць, што прэзыдэнтам Украіны стаў Вікатар Юшчанка. Посьпехаў яму і посьпехаў народу Ўкраіны!

Я зьвяртаюся да народу Ўкраіны. Кроў з носу, сьціснуўшы зубы, але не дазвольце бязьмежнаму кэгэбэшніку Януковічу авалодаць уладай ва Ўкраіне! Усё, што робіць і будзе рабіць Януковіч – гэта ўсё тое, што рабіла ўвесь час ЧК, НКВД, КГБ. А мы помнім, што яны рабілі: забівалі, саджалі, ламалі чалавечыя лёсы, насаджалі страх і заўсёды хлусілі.

Яшчэ раз зьвяртаюся да ўсіх украінцаў. Падымайце ўсіх сваіх сяброў, сваякоў і падтрымайце Ўкраіну, гэта значыць, прэзыдэнта Віктара Юшчанку! Іншага ня дадзена! Інакш Украіны, як краіны, ня будзе!

Жыве Ўкраіна! Я ведаю, што прэзыдэнтам Украіны будзе Віктар Юшчанка!”

(Спадар: ) “Надакучыла ўсё гэта слухаць: па тэлебачаньні, па радыё, у газэтах. Абяцаюць прыбавіць пэнсію, а прыбавілі толькі 100 рублёў. Зьвярнуўся ў райвыканкам, запытаў, чаму так мала прыбавілі. Улада такая дурная! Што з гэтымі сто рублямі можна зрабіць? Надакучыла ўсё гэта!”

(Жыхар Менску: ) “Шаноўная Свабода! Захапляюся мужнасьцю ўкраінскага народа! У барацьбе за лепшае жыцьцё і дэмакратыю! У эўрапейскай супольнасьці! З прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам! Ура!”

(Вайсковы пэнсіянэр Палайкін: ) “Пра візавыя забароны Эўразьвязу. Лічу, што выдачы візаў у краіны Эўразьвязу трэба забараніць усім вэртыкальшчыкам і старшыням акруговых выбарчых камісіяў. А яшчэ было б справядліва ўсю прэзыдэнцкую хеўру разам з начальнікам Рэспублікі Беларусь аб’явіць у міжнародны пошук, каб імі займаўся Інтэрпол. За зьніклых Захаранку, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага, Карпенку; зьнішчэньне ўсяго роднага: сымболікі, мовы, культуры, закрыцьцё ліцэю, ЭГУ, яны гэта даўно заслужылі! Жыве Беларусь!”

(Уладзімер: ) “Прывітаньне, Радыё Свабода! Наконт вашага пытаньня. Вядома, што трэба вывозіць дзяцей на аздараўленьне за мяжу. Але трэба і не забываць пра аздараўленьне і ў астатнія поры году. У прыватнасьці, мы сваіх дзетак актыўна, нават вельмі актыўна, загартоўваем зімой: выводзім голымі на сьнег, абліваем халоднай вадой, абціраем сьнегам, займаемся загартоўчым бегам і іншымі практыкаваньнямі. Зразумела, што і дарослыя таксама ў гэтым удзельнічаюць і нават яшчэ і больш. Усё гэта ў сукупнасьці зь летнім аздараўленьнем дае вельмі вялікі эфэкт”.

(Спадар: ) “Я можа і паверыў бы расейскім палітыкам наконт выбараў ва Ўкраіне, калі б яны не былі на Беларусі. Калі бачыш, як нахабна хлусяць у вочы Рушайла і такія палітыкі як Прымакоў, Лужкоў і г.д., напрошваецца выснова, што жывыя яшчэ Мураўёвы расейскага глябалізму.

Цяперашняе ператварэньне Лукашэнкі ў Лукашчэенка адбылося з маўклівай згоды і пры дапамозе расейскіх Рушайлаў, а таксама лукашысцкай Яр-машыны, якая ператварыла выбары ў масавы паход на выбарчыя ўчасткі. І гэтая Ярмошына зрабіла вынікі такія, якія жадаў Лукашэнка.

Не было выбараў на Беларусі! Людзі прыходзілі, адзначалі нешта ў бюлетэнях, але ніякага ўплыву на вынікі так званых выбараў гэтыя меткі ня мелі!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG